Устаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту “Адраджэньне”

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 465 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

48.7%UNITED STATES UNITED STATES
25.7%CHINA CHINA
5.5%SERBIA AND MONTENEGRO SERBIA AND MONTENEGRO
5%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
4%NEW ZEALAND NEW ZEALAND
2.8%CANADA CANADA
2.6%GERMANY GERMANY

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
Азначнік матэрыялу
Устаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту “Адраджэньне”
Старонка 2
Усе старонкі

Устаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту “Адраджэньне”

Ад аўтара

Распачынаючы ўспаміны пра Ўстаноўчы з’езд БНФ “Адраджэньне”, мне хацелася пасля яго правядзення, калі я па свежым уражанням распавядаў у БДУ і на кафедры філфака аб ім.

Расказы былі мабыць цікавыя і загадчык кафедры Алег Антонавіч Лойка прапанаваў мне выступіць на кафедры і параіў напісаць нататкі для друку.

Але ні выступленняў, ні запісаў я не зрабіў па прычынах ад мяне не залежных. Мае нататкі не ўзяла б ніводная газета ці часопіс. У нашай прэсе ў той жа час разгарнулася лютая атака супраць з’езду БНФ. А тыя ліберальныя газеты “Літаратура і мастацтва”, “Чырвоная змена” павінны былі шукаць іншыя сродкі, каб данесці да сваіх чытачоў голас праўды аб устаноўчым з’езде БНФ.

І вось цяпер, калі я знаходжуся са студэнтамі 2-га курса філфака БДУ на сельскагаспадарчых работах па ўборцы бульбы ў калгасе “Воля” (“Свабода”) Круглянскага раёну Магілёўскай вобласці, у мяне з’явіўся вольны час.

Пачатак

Пачну свае ўспаміны з таго моманту, што прыкладна за месяц сярод актывістаў БНФ пачалі актыўна мусіравацца чуткі аб падрыхтоўцы ўстаноўчага з’езду БНФ, Але ніхто дакладна не ведаў, калі ён адбудзецца і дзе. Спачатку казалі, што з’езд можа адбыцца ў Маскве. Маўляў, маскоўская група дэпутатаў Вярхоўнага Савета СССР прапанавала свае паслугі ў правядзенні з’езда. Потым гаварылі пра Вільню і дапамогу літоўскага “Саюдзіса”. Дата з’езда намецілася прыкладна за два тыдні да 24 чэрвеня, хаця я памятаю, што першапачаткова вялася размова аб майскіх днях. Але ўсе актывісты разумелі, што ў Менску не ўдасца правесці з’езд. Беларуская “Вандэя” не дапусціць. Аргкамітэт вёў актыўна перамовы, шукаў магчымасць памеркавацца з прадстаўнікамі камандна-адміністратыўнай сістэмы рэспублікі. Усе мы былі ў курсе гэтых перамоваў, але з кожным днём набліжэнне ўстаноўленага тэрміну добра адчувалі марнасць намаганняў аргкамітэту. І вось урэшце за некалькі дзён было абвешчана аб канчатковай даце і месцы з’езда. Чаму гэта нас так хвалявала?

Па-першае, неакрэсленасць заўсёды стварае залішнюю заклапочанасць аб бытавых умовах (асабліва ў чужым горадзе): па-другое, аргкамітэт не мог перад гэтым вызначыць квоту прадстаўніцтва ад груп падтрымкі. Жадаючых жа паехаць было зашмат. Кожны адчуваў гістарычнасць падзеі Ўстаноўчага з’езду БНФ і жадаў прысутнічаць на ім.

Маё становішча да самага апошняга моманту таксама было не ясным. Клуб “Спадчына” адным з першых падаў заяву аб стварэнні групы падтрымкі БНФ у той жа дзень, калі стварыўся БНФ, адбылося паседжанне клуба. На ім мы ўхвалілі стварэнне БНФ, прынялі пастанову аб яго падтрымцы, падрыхтавалі сваю праграму, якую пасля накіравалі ў Аргкамітэт БНФ. Клуб “Спадчына”, а гэта 60 чалавек, (ў бібліятэцы імя Янкі Купалы выступілі прафесар І. А. Юхо і Мікола Ермаловіч з паведамленнем “Да пытання аб дзяржаўнасці на Беларусі”), абвясціў аб сваёй падтрымцы і прыхільнасці да БНФ. І вось цяпер аргкамітэт не мог вырашыць пытанняў некалькіх мандатаў для клуба “Спадчына” на ўстаноўчы з’езд. У самы апошні момант на філфак БДУ прыехаў Міхась Ткачоў і Мікола Купава. Міхась Ткачоў паведаміў мне, што менавіта на ўчарашнім паседжанні аргкамітэта зацвярджаліся кандыдатуры дэлегатам ад Мінска на з’езд. Ад Партызанскай Рады, куды ўваходзіў клуб “Спадчына” (тэрытарыяльны прынцып аб’яднання груп падтрымкі) была вылучана мая кандыдатура. Але пасля я даведаўся ад Генадзя Тумаша, які вёў гэтыя спісы, што я пакуль зацверджаны як кандыдат. Гэта значыць, што мой статус пакуль яшчэ не акрэслены. Я маю права ўдзелу ў з’езде, але з правам голасу яшчэ не ясна. Хоць гэтая акалічнасць у нейкім сэнсе прыніжала маё становішча, я ўсё ж застаўся задаволеным, пасля столькіх дзён неакрэсленасці. Г. Тумаш  папярэдзіў, што на ўстаноўчым з’ездзе БНФ, напэўна, будзе прынятае рашэнне аб пераводзе кандыдатаў у паўнамоцных дэлегатаў. Усё залежала ад забяспечанасці жыллём, бо многім гасцям з’езда і кандыдатам на нейкі час на гарантавалася жыллё, яго трэба было шукаць самому. Забягаючы наперад хачу сказаць, што гэтае пытанне ў часы з’езда ў Вільні вырашалася вельмі станоўча. Усе дэлегаты і госці былі забяспечаны адмысловым жыллём. Усе засталіся задаволеныя, ні ад каго я не чуў скаргаў на гэты конт. А пакуль, пасля такога папярэджання. Я заразу патэлефанаваў у Вільню Аляксею Анішчыку, з якім пазнаёміўся 20 сакавіка 1989 года ў Вільні, калі ўшаноўваліся 125-я ўгодкі з дня пакарання Кастуся Каліноўскага, якія праводзіў Віленскі беларускі клуб “Сябрына”. Анішчык даў згоду прыняць мяне на жытло, але папрасіў, каб праз дзенья я патэлефанаваў яшчэ раз з мэтай удакладнення. Бо нехта яшчэ да яго пасяліцца.

Сустрэліся мы з беларускім мастаком Яўгенам Куліком, ён прасіў мяне фотаздымкі падзей 30 кастрычніка 1988 года, а такса, для падстрахоўкі фотаплёнкі (у вой час у мяне засталіся 4 фотаплёнкі з гэтай падзеяй). На пярэдадні з’езда я сустрэўся з Я. Куліком на Галоўпаштамце, перадаў фотаздымкі і фотаплёнкі. Фотаздымкі ён не выкарыстаў і прысвоіў, а фотаплёнкі былі перададзены фатографу Вячаславу Дубінку, дзякуючы ім ён зрабіў адмысловыя вялізныя фотаздымкі, якія былі вывешаны на стэндах Палаца прафсаюзаў у Вільні і ўсе дэлегаты і госці ўстаноўчага з’езду змаглі бачыць фоталетапіс падзей 30 кастрычніка 1988 года, “Так званыя “Дзяды” , іх разгон і разгул беларускай “Вандэі”.

Я хацеў выступіць на з’ездзе, маўляў, падрыхтаваў даклад. Але Я. Кулік і другія заявілі, што гэта немагчыма, бо праграма настолькі перагружана, што прыйдзецца нават па ходу з’езда скарачаць ужо намечаныя выступы і мерапрыемствы. Ведаючы мой няўрымслівы характар, Я. Кулік раіў мне стрымацца, маўляў, што і ён не будзе браць слова. Я паабяцаў яму, што, таксама, калі гэта патрэбна на карысць з’езда, не буду браць слова і не буду перашкаджаць хадзе з’езда, не злоўжываць сваёй красамоўнасцю. Хачу сказаць, што добрасумленна выконваў сваё абяцанне, не аднімаў у з’езда сапраўды такі дарагі час і па-сапраўднаму абураўся, калі нехта з дэлегатаў злоўжываў магчымасцю пакрасавацца каля свабоднага мікрафона ці на трыбуне (а такіх было зашмат).

Вечарам за дзень да адкрыцця з’езда я набыў у Алеся Емельянава білет на цягнік “Чайка” у Вільню. Крыху раней атрымаў запрашальны білет дэлегата з’езда. Адным словам, усё было гатова, заставалася толькі на працы ўладкаваць пытанне аб субоце. Справа ў тым, што ў гэты час я прысутнічаў на ГЭКу і 24 чэрвеня трэба было быць на апошнім экзамене. Я дамовіўся са старшынём ГЭКа Ў. В. Гніламёдавым. Ён даў згоду. Дамовіўся з выкладчыкамі, якія далі згоду папрацаваць за мяне.  Але намеснік дэкана БДУ Пілчанка дачуўся пра маю паездку ў Вільню і тут жа запатрабаваў каб 24 чэрвеня я асабіста прысутнічаў на экзаменах.

Мае довады, што ў мяне ёсць ужо білет і за мяне будуць працаваць другія выкладчыкі не браліся ім у разлік. Тады я катэгарычна заявіў, што ўсё роўна я паеду ў Вільню, якія б спагнанні ён на мяне не наклаў.

24 чэрвеня я прачнуўся вельмі рана. Усё было ўжо сабрана і я паспяшаўся да трамвая. З першым трамваем ад трамвайнага дэпо я паехаў на чыгуначны вакзал. 17 пуць, 6 гадзін і 20 хвілін раніцы - паўсюль знаёмыя твары, гучыць беларуская мова. Настрой прыўзняты. У апошнім вагоне шмат знаёмых. Вядуцца ажыўлёныя гутаркі, пачынаюцца знаёмствы. Сярод знаёмых мне запомніліся пісьменнікі Вольга Іпатава і Павел Марціновіч, які знаёміць мяне са баптысцкім святаром з Асіповічаў, Віталем Скалабанам з БелСЭ, Трыгубовіч і Валянцін Вайтовіч з “Мастацтва Беларусі”, Вінцуком Вячоркам. У Маладзечна да нас падселі Мікола Ермаловіч і Генадзь Каханоўскі. Ехала ў цягніку і дачка Васіля Пятровіча Шаранговіча. Наташу я пазнаёміў з яе будучым начальнікам па часопісу “Спадчына” Вольгай Іпатавай.

Ажыўленне на скончылася да самой Вільні. У Вільні на станцыі высыпала мора беларусаў. Залуналі нашы бел-чырвона-белыя сцягі, лозунгі. Беларусы пачалі гуртавацца ў калону. Але мне не прышлося прымаць тут удзел. Я хуценька сеў у аўтобус і паспяшаў да Анішчыка, які ўжо чакаў мяне. Папілі гарбаты, я пераапрануўся, адзеў нацыянальную вышываную кашулю, прэзентаваў гаспадару ўзятую з сабой літаратуру: “Кастусь Каліноўскі і студзеньскае паўстанне 1863 года на Беларусі”, “Францішак Скарына і яго час”, а таксама экслібрысы і візіткі БНФ “Адраджэньне”. Набраў усё гэта для знаёмых дэлегатаў і мы паехалі ў Палац прафсаюзаў на Ўстаноўчы з’езд БНФ. Мой гаспадар вёз на з’езд вялікі букет васількоў (“Букет Радзімы”, як тут не нагадаць словы нашага славутага Максіма Багдановіча).

У зале, дзе ідзе рэгістрацыя дэлегатаў, настолькі шмат знаёмых, што проста не верыцца, што ты ў Вільні. Усе ўзбуджаныя, радасныя, віншуюць адзін аднаго з урачыстым святам. Ад занадта вялікай радасці і ўзбуджанасці не раз падступаў ком да горла, а ў некаторых нават блішчаць вочы.І гэтая радасць непадробная. Тыя, каму па-сапраўднаму прышлося перанесці шмат барацьбы і пакут жза беларускасць, за сацыяльную справядлівасць, за праўду, тыя. Хто стаяў у першых шэрагах за Адраджэнне Беларусі і за БНФ, той перажываў у гэты час самыя шчаслівыя хвіліны, самыя радасныя і хвалюючыя пачуцці клаліся ў яго сэрцы, западалі ў яго душу.

У каго былі фотаапараты - фатаграфавалі дэлегатаў і гасцей. Было шмат прадстаўнікоў прэсы. Я раздаваў сваім знаёмым візіткі БНФ і клуба “Спадчына” з гербам “Пагоня” і бел-чырвона-белай паласой. Дэлегаты разглядалі мастацкую выставу, якую наладзілі маладыя мастакі. Уражвала смеласць твораў, іх палітычная завостранасць, мастацкасць, асабліва радавала карыкатура. Такое багацце, сабранае ў адной зале, мы бачылі ўпершыню. Уражваў фоталетапіс нашай барацьбы Вячаслава Дубінкі, які папрацаваў на славу.

Радасна мне было і ад таго, што тут я адчуваў і свой невялічкі ўдзел. Усё ж мае 4 фотаплёнкі са здымкамі падзей 30 кастрычніка 1988 года красамоўна адлюстроўвалі, як непахісную волю нашага беларускага народа на змаганне, так і жаданне беларускай “Вандэі” падавіць яе, запалохаць народ, нават, раздавіць яго. І таму кожны, хто прагледзіў гэтыя стэнды, адчуваў, што ўся барацьба яшчэ наперадзе.

Сярод удзельнікаў з’езда было шмат з клуба спадчына. Напрыклад, Яўген гучок, Тамара Новікава, Ганна Вашчанка, Галіна Казлова і іншыя. Свае мандаты яны атрымалі за ўзел у другіх групах падтрымкі і ў раённых радах па месцу жыхарства і працы.

І мне радасна было, што клуб “Спадчына” быў так магутна прадстаўлены на з’ездзе, хаця афіцыйна дадзены яму адзін мандат.

Вельмі магутна быў прадстаўлены на з’ездзе Саюз пісьменнікаў і Саюз мастакоў. Усе хто прымаў удзел у афармленні выстаўкі і з’езда сталі аўтаматычна дэлегатамі, нават Алесь Шатэрнік, які на сваёй машыне прывозіў экспанаты, стаў дэлегатам з’езда. Адным, каб даказаць сваё права на ўдзел у з’ездзе, патрэбна пастаянная, мэтанакіраваная барацьба, якая адбірала шмат часу і энергіі, патрабавала вялікіх высілкаў, другім – дастаткова было прыняць толькі раз удзел і тое ў самым пачэсным, каб атрымаць мандат.

Каста прывілеяваных у нашым руху была “заснавана” Зянонам Пазьняком з самага пачатку. Мастакі сталі яго асабістай гвардыяй, якой ён умела карыстаўся. У большасці гэта людзі малагаваркія, ідэалагічна “падкаваныя” слаба, зусім не ведаюць тэорыі і гісторыі рэвалюцыйнай барацьбы, як на Беларусі, так і ў Расіі, але занадта напорыстыя і даволі ваяўнічыя, без маральных тармазоў, калі патрабуе “рэвалюцыйная неабходнасць”, гатовыя выконваць любы загад, пастаўлены сваім босам, нават, калі гэты загад поўнасцю разыходзіцца з іх прынцыпамі, якія яны калісьці засвоілі, ці з іх жыццёвымі перакананнямі аб сяброўстве, таварыстве, павазе да блізкі і старэйшых.

Але бачыць Бог, я не крыўдую, я проста разважаю!

І вось зрэшты гучыць магутная музыка. Гэта Ўладзімір Пузыня сваёй сурмой склікае дэлегатаў на Ўстаноўчы з’езд БНФ. Усе спяшаюцца ў залу.

Галіна Казлова дала мне свой білет, маё месца ў зале ў цэнтры на праходзе. Гэта вельмі зручна. На сцэну паднімаюцца юнакі і дзяўчаты за ансамбля “Дзянніца” і спяваюць “Не загіне край наш родны, покі будуць людзі.”

Затым выходзіць Зянон Пазьняк і абвяшчае аб адкрыцці Ўстаноўчага з’езду БНФ. Даволі сціплы прэзідыум з’езду: Зянон Пазьняк, Юры Хадыка, Вінцук Вячорка.

Уступнае слова прамаўляе Зянон Пазьняк. Я не спыняюся падрабязна на смесце яго выступлення. Яно надрукавана ў нашым самвыдавецкім друку. Па шчырасці, яно мне запомнілася фрагментарна. Я задаю сабе пытанне: чаму не ўсё? Чаму не пакінула яркага ўражання? Можа таму, што большую частку таго, што гаварыў Зянон Пазьняк я і сам добра ведаў і для мяне гэта было не адкрыццём, а паўтарэннем пройдзенага. А можа таму, што я і іншыя дэлегаты яшчэ знаходзіліся пад мацнейшым уражаннем ад перажытых сустрэч і ад такой ап’яняючай душу атмасферы свабоды і раскаванасці, якую мы толькі маглі адчуць тут, у вільні, у Палацы прафсаюзаў на нашым устаноўчым з’ездзе.

Калі каля цябе нямала ні стукача, ні партапаратчыка, а паблізу не мазоліць вочы чырвоны аколыш савецкага паліцыянта і калі ты адчуваеш, што вакол цябе толькі твае блізкія, сябры, аднадумцы, прыхільнікі.

Упершыню я перажыў гэтыя пачуцці волі 20 сакавіка ў Вільні на ўшанаванні памяці Кастуся Каліноўскага. Такія ж глыбокія пачуцці радасці і раскаванасці ад волі я адчуў і цяпер. Гэтыя пачуцці асаблівыя, хто іх хоць раз адчуў, той ніколі не пераблытае іх з другімі. Яны больш тонкія, не адразу ты прасякаешся імі, але каля яны цябе напаткалі, то і трымаюць цябе больш працягла, чым, напрыклад, самае высокае пачуцце радасці ад сустрэчы, якая можа хутка і прайсці.

Спачатку, чалавек прызвычаіўшыся да пастаяннай забаронай і паліцыянтскіх уздзеянняў, апынуўшыся ў сапраўдным вольным асяроддзі  здзіўляецца нязвыклымі абставінамі, нават адчувае сябе трошкі няёмка, бо не чуе звычайнага рабскага вокрыку, як вонкавага, так і ўнутранага. Але спакваля ён прыглядаецца – няма назіральнікаў над табой, усе трымаюцца даволі раскавана і самае галоўнае -- натуральна. Ты таксама пачынаеш павозіць сябе раскавана і самае галоўнае натуральна, як таго хоча твая чалавечая істота, твая душа. І гэта раскаванасць, гэтая свабода паводзін міжволі адбіваецца на тваім духоўным стане, выклікае адпаведную гаму пачуццяў, якія поўнасцю захапляюць цябе.

Вось адкуль прыходзіць поўнае ап’яненне ад волі, гэтая эйфарыя свабоды. Я спадзяюся, што не толькі я, але і шмат другіх дэлегатаў і гасцей з’езда адчулі гэтую вялікую радасці волі, гэтае шчасце свабоды, знаходзіліся ў стане эйфарыі.

Мне больш запомнілася выступленне Юрася Хадыкі. Яно ўразіла мяне сваёй шчырасцю і смелым заклікам вяртання нашай веры (калі я правільна зразумеў Юрася Хадыку). Гэта я таксама чытаў у яго перадвыбарчай платформе і знаў, што за гэта на яго накінуліся яго “крытыкі”, строгія прыхільнікі бульдозернага атэізму. Але прамова яго была шчырай. Адзінае, ці прымае ў душы ён так Бога, як аб гэтым кажа? Я падзяляю яго думку поўнасцю, але я не магу заклікаць да гэтага другіх, бо са застаюся не веруючым. Я хацеў бы верыць, але  усё ж не магу. І таму я не маю аніякага права заклікаць другіх да таго, у што сам не веру. Хаця перакананы розумам, што вяртанне да сапраўднай уніяцкай царквы прынесла б больш здабыткаў нашаму народу, чым канфесійны раскол, які разрывае жывое цела беларускага народа, дзеліць яго і па сённяшні дзень на дзве веры, а па сутнасці на палякаў і рускіх.

Моцнае ўражанне пакідалі прывітанні прадстаўнікоў народных франтоў Літвы, Латвіі, Эстоніі. У гэты час я адчуваў сапраўдную інтэрнацыянальную еднасць з другімі народамі ў агульнай барацьбе супраць адзінага ворага – адмістратыўна-камуністычнай сістэмы, а дакладней. Супраць партыйна-савецкага бюракратызму, супраць яго “жалезнай хваткі” маскоўскага кіраўніцтва і ды мясцовага, рэспубліканскага таксам., бо рэспубліканскае кіраўніцтва толькі паслухмяны выканаўца волі і ўсіх жаданняў маскоўскага кіраўніцтва і знаходзіцца на кароткім ланцугу. А сабака добра адчувае волю свайго гаспадара, а таму рыкае і грызе нават без папярэдняга цкавання, кіруючыся адпаведнымі тонкімі біяпалямі, як спрактыкаваны экстрасэнс.

Да абеда першага дня Ўстаноўчага з’езда БНФ было зашмат выступленняў, прывітанняў, чыткі тэлеграм. Я памятаю, што да 12 гадзіны прыехаў Станіслаў Шушкевіч, здаецца, што і выступіў ён адразу пры ўездзе. Выступленне цікавае, але яго я ўжо некалькі разоў слухаў.

З дэпутатаў вярхоўнага савета СССР выступаў Габрусеў. Я яго слухаў упершыню і яго выступленне запала мне ў душу сваёй смеласцю, рашучасцю весці барацьбу за бюракратычнай адміністрацыйна-каманднай сістэмай. Хачу адзначыць яшчэ выступленне былога дырэктара АН БССР па атамнай энергетыцы Нікіцкага, які а свае перакананні быў пазбаўлены пасады дырэктара.

У час перапынку паміж дэлегатамі наконт яго выступлення разгарнуліся спрэчкі, адныя адносіліся з доляй недаверу да Нікіцкага, але калі даведаліся, што чалавек пацярпеў за свае прынцыповыя пазіцыі, за тое, што раскрываў сапраўдныя памеры бяды ад аварыі на Чарнобыльскай АС, то ўсе пранікліся да го павагай.

У тую ж суботу (2.IX. 89 г.) у “Комсомольской правде” быў надрукаваны артыкул “Фон” пра чарнобыльскую бяду на Беларусі. У ім было прыведзена шмат думак самога Нікіцкага і пра яго былі сказаны добрыя словы, але ні слова пра тое, што гэты чалавек пацярпеў за свае перакананні.

Перад абедам выступіў старшыня мандатнай камісіі Ўстаноўчага з’езда БНФ. Менавіта ён прапанаваў кандыдатаў у дэлегаты з’езда лічыць паўнапраўнымі дэлегатамі з адпаведным статусам. Трэба заўважыць, што калі выдавалі запрашальныя білеты, то выпісвалі іх як на паўнамоцнага дэлегата, пры рэгістрацыі ў Вільні ў Палацы прафсаюзаў, хаця ў спісках ад Партызанскай рады я лічыўся кандыдатам. Мне выдалі білет –пропуск з літарай “Д” – дэпутата. Былі літары “Г”—госць, “П”—прэса, былі асобныя білеты для дружыннікаў, якія сачылі за парадкам у палацы прафсаюзаў. Тады навошта, на маю думку, спатрэбілася аргкамітэту першапачаткова такі ўводзіць інстытут “кандыдатаў”, наўрад ці толькі спасылкай на недастатковую забяспечанасць жыллём? Тут павінны быць і іншыя падспудныя спружыны механізма фарміравання кіруючых колаў БНФ.

У першы дзень абвясцілі, што на з’езд прыбыло звыш 340 дэлегатаў ці 360, на другі дзень – звыш 400 і перад галасаваннем паведамілі, што іх ужо 430. Такая недакладнасць з колькасцю дэлегатаў выклікала ў некаторых дэлегатаў патрэбу зрабіць запыт да старшыні мандатнай камісіі. Тлумачэнне было дадзена, што не ўсе дэлегаты смаглі прыехаць у першы дзень. Гэта так, але чаму на другі дзень колькасць дэлегатаў рознілася на 40 чалавек?

На абед мы атрымалі пры рэгістрацыі талоны. Усе дэлегаты былі размеркаваны ў два рэстараны. Я трапіў у “Палангу”. Калі мы туды сабраліся ісці (а нас вёў беларус з віленскай “сябрыны”) быў яшчэ ясны дзень, але раптоўна пачалі згушчацца хмары і пры самым падыходзе да “Палангі” паліўся моцны дождж...

Абед, аплачаны аргкамітэтам БНФ,быў на тры рублі – смачны, сытны. Пасля абеду зноў пачаліся выступленні. З Баруноў у час абеду прыехаў на машыне ксёндз Ян Матусевіч. Неўзабаве ён атрымаў слова. Цікавая прапанова аб беларускасці набажэнства, аб беларускіх паэтах-ксяндзах, чытка вершаў і асабліва баек выклікала жывы водгук у зале. Але гэткія прамовы я слухаў на пасяджэннях клуба “Спадчына”.

У пасляабедзенных пасяджэннях першага дня самым цікавым выступленнем была прамова віцэ-прэзідэнта асацыяцыі савецкіх сацыёлагаў Ракіцкага. Гэта было сапраўды высокапрафесійнае, філасофскі абгрунтаванае смелае выступленне. Па смеласці і глыбіні філасофскай абгрунтаванасці да Ракіцкага не паднімаўся ніхто з кіраўнікоў БНФ. Зала неаднаразова ўзрывалася апладысментамі. Калі прамоўца ў заключэнні выгукнуў па-беларуску “Жыве Беларусь!” тысяча галасоў выбухнула: “Жыве!” і Палац прафсаюзаў ускалыхнуўся ў моцных і працяглых авацыях.

На адным з пасляабедзенных пасяджэнняў абвясцілі аб стварэнні рэдакцыйнай камісіі па падрыхтоўцы Статута БНФ “Адраджэньне”.Праект Статута БНФ, праект Праграмы руху БНФ, а таксама альтэрнатыўны праект “Закона аб мове” і выбараў у Вярхоўны Савет БССР раздаваліся дэлегатам з’езда пры рэгістрацыі, за выключэннем праекта “Закона аб мове”. У многіх дэлегатаў выклікалі законныя нараканні Статут БНФ. Па-праўдзе кажучы, глыбокага вывучэння гэтага статуту нельга было зрабіць за такі сціслы адрэзак часу. Але нават беглае прачытанне Статута БНФ сведчыла аб тым, што зроблены ён па вобразу і падабенству Статута КПСС, да якога большасць дэлегатаў адносіліся рэзка адмоўна. Цэнтралізм усім астачарцеў, ён падаўляў усю жывую думку і дзейнасць, ён быў косткай у горле жывому дэмакратычнаму руху, ён узаконьваў нязменнасць і недатыкальнасць кіраўніцтва, а гэта значыць міжволі ствараў усялякую адсутнасць крытыкі ўнутны любой структуры, тым самым дапамагай стварэнню ўсялякіх культаў і кульцікаў, нават у структуры ўзнікаючых рэвалюцыйных па духу арганізацый, якія абвяшчалі сябе шчырымі прыхільнікамі дэмакратыі, галоснасці, талерантнасці...

Вось чаму за месца ў рэдакцыйнай камісіі па падрыхтоўцы праекта Статуту БНФ адразу разгарнулася барацьба. Многія хацелі прыняць удзел у стварэння сапраўднага дэмакратычнага Статута БНФ. Урэшце камісія была створана і пайшла абмяркоўваць гэты дакумент. Я мала запомніў імёнаў, якія вылучыліся ў гэтую камісію. Але прозвішча Бурака, Кандрацьева называліся даволі часта, ды і яны неаднаразова бралі слова.

Было абвешчана, што ў 6 гадзін у касцёле Святога Міколы адбудзецца набажэнства на беларускай мове спецыяльна для дэлегатаў з’езда. Набажэнства будзе весці літоўскі святар, які добра валодае беларускай мовай.

Са святаром а. Янам Матусевічам мы селі ў машыну, якую ён арандаваў і паехалі па крывым вулачкам вільні да гэтага касцёла. Доўга адшуквалі адпаведны маршрут па якому можна даехаць туды на машыне. Але мы першымі прыехалі да касцёла, у якім ішла яшчэ служба для жыхароў Вільні. Я стаў калі помніка Вітаўту, які быў зроблены ў 30-х гадах і ўстаноўлены ў нішы касцёла з правага боку. Пачаў разглядаць яго, а таксама ўбранства касцёла, яго інтэр’р, які вылучаўся строгасцю. Тут не было вялікай раскошы, мала было абразоў і ляпніны, некалькі гарэльефаў і сціплая атрыбутыка элементаў “Сэрца Гасподняга”. А. Ян Матусевіч, зрабіўшы адпаведныя паклоны, набажэнствы, каленапрыкланенні падаўся да алтара, а затым пайшоў у бакавыя дзверы да свайго калегі.

Пасля заканчэння службы, у касцёл з харугвамі ўвайшлі дэлегаты Ўстаноўчага з’езда. Яны запоўнілі ўвесь касцёл, але да першых лаў. Я сеў на першую лаву, побач са мной быў пісьменнік Уладзімір Арлоў са сваёй жонкай.

Выйшаў літоўскі ксёндз, недзе каля дзвярэй знаходзіўся а. Ян. Матусевіч. Літоўскі ксёндз ціхім голасам папрасіў, каб удзельнікі набажэнства наблізіліся да алтара. Людзі запоўнілі ўсю прастору, якая была паміж драўлянай перагародкай каля алтара і першымі лавамі і такім чынам я апынуўся адгароджаным ад алтара шчыльнымі радамі ўдзельнікаў з’езду і беларускага набажэнства ў каталіцкім касцёле.

Я не ведаю, што аказвала на маю душу большы ўплыў – беларускае казанне святара, музыка, уся літургія, ці яднанне ўсіх, хто прысутнічаў на набажэнстве, але мне хацелася шчыра верыць, што Бог будзе літасцівым да беларусаў, ён даруе ім волю, збавіць іх ад чыноўнічага засілля. Як бы я многа аддаў бы, каб гэты цуд здзейсніўся і Бог дараваў усе мае пажаданні, бо я спадзяваўся, што гэта былі не толькі мае жаданні, гэта былі жаданні ўсіх, хто прыйшоў на гэтае незабыўнае набажэнства!

Я бачыў, як людзі, што маглі творыць малітву, моляцца, як становяцца на калені, як яны жагналіся. Побач стаяў на каленях Уладзімір Арлоў і яго жонка. Як я хацеў у гэты час верыць, але вера не запала ў гэты час у маё сэрца, не пранікла ў маю душу, халодны розум атэіста падаўляў яе. Мае вусны былі безудзельнымі, яны не маглі шаптаць малітву, бо не ведалі яе. Я проста прасіў Боа, калі ён ёсць, каб Ён зміласцівіўся на маім народам, дараваў яму шчасце, волю, вярнуў яму шчасце, волю, вярнуў яму мову, спадчыну, гістарычную памяць, даў культуру, пазбавіў бы яго чыноўнічай навалы.

Я ўспомніў радкі рэвалюцыянера і вялікага атэіста Г. В. Пляханава, які, цытуючы духоўны экстаз Льва Талстога, высакамерна заяўляў, што ў атэіста больш пераваг над веруючым.

Не, паважаны атэіст,бываюць моманты, што такіх пераваг няма, ды і ці могуць яны быць, калі душа прагне да веры, да здзяйснення цуду, да вялікай надзей, у рэшце да Бога, а халодны розум і атэістычны разлік яе не пускае да ўсяго гэтага. Як бы я хацеў духоўна зліцца з тымі сапраўды веруючымі аднадумцамі па Беларускаму народнаму фронту, але зноў жа мне гэтага не было дадзена з-за адсутнасці веры.

Пасля набажэнства я з Г. Сакаловым-Кубаем паехалі праз усю Вільню на Тураву гару, на якой стаіць Палац прафсаюзаў, дзе праходзіў наш з’езд. Геннадзь Сакалоў-Кубай – пастаянны сябра клуба “Спадчына”. Ён мне распавёў, што менавіта ён запрасіў Ракіцкага і дамовіўся на яго выступленне на Ўстаноўчым з’здзе. Ён прызнаўся, што гэта яго заслуга перад з’ездам. Я пагадзіўся, таму, што запрасіць такога выдатнага прамоўцу сапраўды поспех і гонар для з’езда. Дзесьці ў горадзе ладзілася свята Купалле, хацелася пабываць там, але патрабаванне ўнутранай дысцыпліны, а набліжаўся найбольш адказны момант, неабходна было прыняць статут БНФ з тымі папраўкамі, якія ўнесла рэдкалегія, прымушала нас ісці на паседжанне.

І вось пачынаецца вячэрняе пасяджэнне. На трыбуну паднімаецца старшыня камісіі і абвяшчае, што камісія не прыйшла да адзінай высновы па некаторым пунктам Статуту БНФ і магчымасцей пагаднення не прадбачыцца. Гэтая трывожная вестка ўспрынялася вельмі балюча, але яшчэ ёсць магчымасць знайсці кансенсус тут, паміж дэлегатамі.

Затым слова ўзяў Зянон Пазьняк. Ён шчыра гаварыў аб крызісным становішчы, у якім апынуўся з’езд БНФ. Калі не будзе дасягнутае пагадненне паміж рознымі плынямі ўдзельнікаў, то з’еўзд поўнасцю праваліцца. У нас не адведзена больш часу, чым сёння, да ночы трэба знайсці пагадненне, на заўтра іншыя праблемы неабходна вырашыць і на гэта адведзена зашмат мала часу, мы не маем магчымасцяў. Калі не будзе сёння прыняты Статут БНФ, то нельга будзе заўтра прыняць праграму БНФ, а самае галоўнае – нельга будзе выбраць кіруючыя органы БНФ, бо без зацвярджэння Статута БНФ іх выбары будуць нелегітымныя. Вось чаму трэба працаваць хоць усю ноч, шукаць агульны кампраміс, пакуль не будзе прыняты Статут БНФ. Другой магчымасці склікаць з’езд у нас няма і больш не будзе.

Менавіта ў гэты момант я і большасць тых, што прымкнуў да БНФ у першыя дні яго стварэння, адчулі не толькі ўсю адказнасць за яго лёс, , я буду гаварыць за сябе, я адчуў увесь страх паражэння, я адчуў радасць бюракратычнай сістэмы, я нават фізічна адчуў іх задаволеныя ўхмылкі і здзеклівыя кпіны, падколкі. На нейкі момант нават не ўявіў, а адчуў такое духоўнае прыніжэнне перад усёй гэтай бюракратычнай сволаччу, што міжволі камок падступіў да самага горла, спазмы на творы зрабілі сваю справу і калі ў мяне выступіла сляза, то яна была гатова скаціцца з маіх вачэй. Колькі сіл і намаганняў аддадзена барацьбе і каб усё так, не здарова жывеш, прынесці ў ахвяру той фракцыйнай рознагалосіцы, якая пачынае складвацца, тым амбіцыям асобных дэлегатаў, якія хоць і бачаць заганы Статута БНФ( а хто іх не бачыў?) і дзеля сцверджання сваёй праўды, правоў, прывілеяў, нават бюракратызацыі самой нашай арганізацыі – БНФ—гатовы кінуць яе на пагібель, гатовы давесці да скону ўвесь наш рух.

І вось я цяпер стаўляю пытанне. А ці трэба паступацца важнейшымі прынцыпамі дэмакратыі, усяго руху, арганізацыйнай структурай БНФ, каб захаваць ад расколу саму гэтую арганізацыю, зберагчы яе? Хто адкажа мне на гэтае пытанне? Я сам перажыў трывожныя моманты, сам быў у першых шэрагах тых, хто хацеў зберагчы арганізацыю, свой рух, якія стаўся для мяне кроўным, без якога я не мыслю сваё існаванне, бо веру, што толькі БНФ “Адраджэньне” здольнае прывесці да адраджэння нашай культуры, мовы, гістарычнай памяці, што толькі ён дасць магчымасць утрымацца “Спадчыне”, без яе наш клуб задавяць і ўсе мае намаганні ў культурным адраджэнні будуць марнымі.

Я магу засведчыць, што БНФ не прынёс мне ні матэрыяльных здабыткаў, ні грошай, наадварот, я яшчэ яму аказваў дапамогу, БНФ не прынёс мне заспакаення, наадварот, -- адны клопаты, не дала мне добрую працу ці пасаду, наадварот, -- адабрала лепшую, але я з БНФ да канца.

Як бы я цяпер не аналізаваў становішча, але ў той час на душы было вельмі трывожна, балюча і я адчуваў вялікую адказнасць за лёс нашага руху. Вось чаму я, як і многія другія, кінуліся ў вір падзей з’езда.

Было шмат кампрамісных прапаноў і не вельмі кожны хацеў унесці свой уклад у вырашэнне гэтай праблемы. Але па меры ўнясення прапаноў адчувалася, што вагі пачынаюць схіляцца ў той бок, каб прыняць існуючы Статут БНФ з правам на далейшую дапрацоўку, але раптоўна наступалі такія моманты, калі хтосьці з выступаючых першапачатковыя намаганні па прымірэнні зводзіў да нуля. Зянон Пазьняк стаяў на сцэне і даваў кожнаму слова, хто жадаў выступіць, як бы чакаючы ад яго паратунку ў вырашэння гэтай звышцяжкай задачы, якая навалілася на з’езд. Нарэшце, і я ўзяў слова.Мае довады зводзілася да таго, што па меры абмеркавання гэтай праблемы выразна вызначыліся два напрамкі. Першы, трэба прымаць Статут БНФ, даўшы магчымасць стварыць больш пашыраную рэдакцыйную камісію, каб яна ўлічыла ўсе заўвагі, а затым на пасяджэнні Сойму БНФ абранага з’ездам, канчаткова прыняць Статут БНФ, Пры гэтым трэба ісці на адпаведныя парушэнні самога Статута, бо права на змяненні і дапаўненні Статута належаць толькі з’езду. Але з’езд можа ўпаўнаважыць Сойм БНФ прыняць адпаведныя змяненні ў Статуце.

Другі напрамак не канструктыўны. Адмяніць прыняцце Статута БНФ да яго поўнай перапрацоўкі. У сілу таго, што другіх прапаноў дэлегаты з’езда не выпрацавалі і наўрад ці выпрацуюць, трэба ставіць гэтае пытанне на галасаванне, каб на марнаваць часу (а было ўжо за 24 гадзіны 24 чэрвеня, а дакладней наступаў ужо другі дзень з’езда – пачыналася 25 чэрвеня 1989 года) Зянон Пазьняк схіліўся да гэтай прапановы і пачаў ставіць яе на галасаванне, як нехта зноў падаў у соты раз старую прапанову, выказаную асабістымі словамі аўтара, і як у сто першы раз ён адхіляў прыняцце Статута БНФ да яго поўнай перапрацоўкі. І зноў пайшло і паехала.

І зноў жа тыя ж самыя першапачатковыя меркаванні, выказаныя асабістымі пачуццямі і намаганнямі аўтараў прапаноў, якія ў пылу палемікі не заўважалі іх паўторнасць і выказанасць другімі. Урэшце слова ў які раз бярэ Міхась Чарняўскі. Ён уносіць кампрамісную прапанову (але яна таксама была выказана раней), што з’езд прымае рашэнне стварыць заўтра пашыраную камісію, у якую можа ўвайсці любы, хто пажадае, каб яна выпрацавала на працягу адпаведнага тэрміну Статут БНФ, які трэба будзе разаслаць для абмеркавання ўсімі групамі падтрымкі. На наступны год усе дапрацоўкі з’ездам, а сёння прыняць той Статут, які ёсць з улікам таго, што праз год ён будзе істотна перапрацаваны, зменены.

Ці з вялікай стомленасці, ці з разумення таго, што другога з’езда нам сампраўды не будзе дадзена, усе дэлегаты ці дакладней большасць пагадзіліся х гэтай прапановай. Яна была пастаўлена на галасаванне.буольшасцю галасоў яна была прынята (хаця былі галасы і супраць) і пад радасныя воплескі прысутных Зянон Пазьняк абвесціў аб прыняцці гэтай ухвалы (рэзалюцыі), а значць і аб прыняцці Статута БНФ.

Да дому, на месца начлега я прыехаў на легкавой машыне да гадзіны ночы. Завёз мяне ўсё той жа беларус з “Сябрыны”, які вёў мяне ў рэстаран. Гаспадар чакаў мяне.

Так закончыўся першы дзень нашага з’езда. Хаця я быў страшэнна стомленым, але было радасна за тую перамогу, і за добрую спадзёўку, што справе нашай жыць, што марна не загіне ў спрэчках.

Ранішняе 25 чэрвеня 1989 года паседжанне другога дня ўстаноучага з’езда пачалося ў 10 гадзін па Віленскім часе, гэта значыць у 9 гадзін па Маскоускім і як заўсёды непаразуменні ў гэтай справе, але я з гаспадаром сваім прышлі ў прызначаны час, але ж многія і спазніліся на гадзіну. Пачаліся выступленні, чытка тэлеграм, прывітанні ад народных дэп'ютатаў іншых рэспублік. Запомнілася прамова прадстаўніка народнага фронта Ўзбекістана, толькі, нажаль, сваёй бязлікасцю і шэрасцю. На пытанні, што адбываецца ва Ўзбекістане, якія стаялі за гэтым дзікім разгулам, ён так і не змог толкам патлумачыць.

Затым пачалі абмяркоўваць праграму БНФ. Прыняцце яе прайшло даволі гладка, ні воднага пярэчання не было. Прыступілі ад абмеркавання альтэрнатыўнага закона “Аб выбарах у Вярхоўны Савет БССР”. З места выступіў толькі адзін дэлегат – Анатоль Сідарэвіч. Другія саслаліся, ці проста скардзіліся, што не паспелі прачытаць за недахопам часу. Калі пачалі разглядаць альтэрнатыўны закон “Аб мове”, то тут усе зашумелі, што яго нават не мелі на руках. І таму не знаёмыя з ім. Вырашылі, што на адным з Соймаў ён павінен быць разгледжаны і прыняты Соймам, зацверджаны ім і перададзены ў Вярхоўны Савет БССР для разгляду.

Пасля гэтага прыступілі да вылучэння кандыдатаў у Сойм БНФ. 55 дэлегатаў прапанаваў аргкамітэт БНФ. Зянон Пазняк зачытваў прозвішчы і імёны, даваў на кожнага характарыстыку яго працы ў БНФ, раённай Радзе, групе падтрымкі. Названы кандыдат уздымаўся з месца і дэлегаты маглі яго бачыць, запомніць ці ўспомніць па ранейшым сустрэчам. Калі былі названы 55 дэлегатаў, Зянон Пазняк прапанаваў прадстаўнікам абласцей, гарадоу. Раёнаў Мінска дапоўніць спіс да 82 чалавек., маўляў, што больш не магчыма, бо падлік будзе весці ЭВМ, якая будзе друкаваць бюлетэні, у якія можна змясціць на лісце толькі 82 прозвішчы ў 2 калонкі.


Так што, з-за чыста тэхнічных абмежаваньняў ўзнікаюць і абмежаванні ў вылучэнні кандыдатаў. З гэтымі довадамі дэлегатам з’езда прыйшлося пагадзіцца.

Пачаліся дадатковыя вылучэнні. Кожны імкнуў да мікрафона, як мог. У трох мікрафонаў (на сцэне і два ў зале)стварыліся чэргі. Зянон Пазьняк дырыжыраваў. Некалькі раз да мікрафона падыходзіў дэпутат з Віцебска і настойваў, каб не па аднаму вылучыць з кожнага гарода, а па некалькі. Ягоная празмерная напорыстасць завяршаецца нейкім маленькім першапачатковым поспехам. Нават Зянон Пазьняк уступае яго напору. Рада Партызанскага раёну вырашыла вылучыць мяне. Я даў згоду. Усё менш застаецца выкантных месцаў ў спісе, а чарга вялікая, прадстаўнік маёй рады не праяўляе такой вялікай заклапочаннасці пра мяне, як, напрыклад, з Віцебска, ці мастак Сітніца, які сядзіць на сцэне каля мікрафона (ён афармляў залу, а таму мае правы на такія вольнасці) і двойчы ўжо назваў прозвішча мастака Уладзіміра Басалыгі, але Зянон як бы не чуе гэтага, ён дае доступ да мікрафона іншым. Толькі на трэці раз успрымае прозвішча Басалыгі, запісвае яго. Няхай прабачаць мяне ўсе, у мяне ўзнікае пытанне: за што такі давер? (можа гэтак сама думаў і Зянон Пазьняк, што так доўга не хацеў успрымаць гэтае прозвішча?). Басалыга, наколькі мне вядома, не браў ні загу ўдзелу ні ў якіх мерапрыемствах БНФ, у крайнім выпадку, я яго ніколі не бачыў, а я бываў калі не на ўсіх, то на большасці мерапрыемствах, якія ладзіў БНФ.

Урэшце да мікрафону дапускаецца прадстаўнік Партызанскай Рады. Ён называе маё прозвішча. Зянон Пазьняк яго запісвае, я з палёгкаю ўздыхаю, ці то проста цяжар напружанасці і хвалявання спадае за мяне, становіцца лёгка на душы і нават лагодна. Каля мяне сядзеў паэт Рыгор Барадулін і адзін з сяброў аргкамітэту, пісьменнік Міхаіл Федаравіч Дубянецкі. Яны паціскаюць мне рукі, я з радасцю прымаю іх віншаваннні. Пасля мне паціскалі руку многія іншыя дэлегаты, і я таксама з радасцю прымаў іх віншаванні. А тым часам я апынуўся ў спісе пад нумарам 81. Яшчэ назвалі прозвішча аднаго кандыдата і,як кажуць, захацелі падвесці рысу. У зале пачалі патрабаваць унесці ў спіс болей кандыдатаў. Зянон Пазьняк зноў патлумачыў сітуацыі, саслаўшыся на тэхнічныя прычыны. У гэты час я быў на яго баку. (А што было б, калі б маё вылучэнне на змагло здейсніцца, гэта значыць, укласціся да 82 нумару? Ці быў бы я на яго баку?)

Выбранне старшыні Рады і двух яго намеснікаў адбылося без вялікіх хваляванняў. Вылучыліся альтэрнатыўныя кандыдаты, а той, хто набярэ большасць станавіўся старшынёй рады. Было ясна, што З. Пазьняк стане старшынё . Вылучэнне ў рэвізійную камісію таксама прайшло гладка.

Затым пачалося вылучэнне ў рэдакцыйную камісію па Статуту БНФ і зноў разгарнулася барацьба. Вакол асобных імён пачалася абструкцыя, справа дайшла да таго, што пад зачэпкай аб дрэнным веданні беларускай мовы адмаўлялі ў праве прымаць удзел у абмеркаванні артыкулаў Статута БНФ.

Нехта нагадаў, што перашпачаткова была дамоўленасць, што ўсе, хто хоча, няхай прымае ўдзел у гэтым абмеркаванні. Але гэты разумны прынцып першапачатковага пагаднення быў адкінуты, адхілены. І гэта прывяло да значнага марнатраўства часу. Зрэшты рэдакцыйная камісія была створана.Я не захацеў прымаць ў ёй ўдзел, бо адчуў, што былы аргкамітэт не хоча мяняць Статут БНФ, а новыя сілы фронту, якія хочуць перамен ў арганізацыі, а гэта значыць і змены ў кіраўніцтве.

БНФ быў яшчэ не настолькі моцны, каб рабіць ператасоўку яго кіруючых колаў. Хаця, па праўде кажучы, я заўважыў і да з’езда, і асабліва пасля, што особныя сябры Сойму пачалі паводзіць сябе па-барскі ў адносінах да сваіх сяброў па БНФ. Ад гэтага становіцца прыкра і выглядала даволі непрыстойна, што гэтыя людзі так перанялі звычаі, навыкі і павадкі партыйцаў, адміністратыўна-каманднага апарата, супраць якога БНФ вядзе жорсткую барацьбу, выкрывае іх дзеянні, што спакваля пераймалі іх метады.

У 12 гадзін было абвешчана, што запланавана ўскласці вянок на месца пакарання смерцю Кастуся Каліноўскага, але ў сувязі з вялікай папярэднй тратай часу, няхай ідуць ускладаць вянок сябры віленскай “Сябрыны”, госці і дэпутаты, якія жадаюць. Іншыя ж застаюцца і з’езд павінен працягваць сваю працу. Я пажадаў ісці ўскладаць вянок. Са старшынём клуба “Сябрына” Валянцінам Стахам мы ўзялі вянок, выняслі нашыя бел-чырвона-белыя штандары, а таксама транспаранты. Сабралася чалавек двесце, мора сцягоў лунала на Туравай гары. Калі калона рушыла, а напераде ішоў я з Валянцінам Стахам – два старшыні клубаў, нехта сказаў што ёсць сцяг эстонсткі, латышскі, але няма літоўскага. Мы прыпынілі рух. Самы шустры з нашых дэлегатаў Валера Савінкоў кінуўся ў Палац прафсаюзаў шукаць літоўскі сцяг. Мы марудна чакалі 15-20 хвілін. Валера не з’яўляўся, былі прапановы ісці, але дэлегаты слушна заявілі, што трэба паважаць народ, які даў нам магчымасць сабрацца на сваім з’ездзе ў Вільні і таму неабходна аказаць яму таксама ласку – пранесці яго сцяг побач з нашымі сцягамі. З’яўляецца Валера Савінкоў, ён выносіць з Палаца вялізаную лесвіцу, ставіць яе ля сцяны, лезе па ёй і здымае з фгалгштока літоўскі сцяг, які вісіць побач з нашым бел-чырвона-белым. Так было знойдзена выйсце. Валер далучыўся да нас і нёс сцяг да месца пакарання Кастуся Каліноўскага. Пасля ён мне казаў, што ў Палацы не было ніводнага новага літоўскага сцяга, а на франтоне віселі сцягі БНФ, прывезеныя з Менску.

Калона зноў рушыла да плошчы Леніна. Пару дзесяткаў фотакарэспандэнтаў, тэлевізіёншчыкаў здымалі гэтае велічнае шэсце беларусаў. “А хто там ідзе?...Мы – беларусы!” было напісана на адным з нашых транспарантаў. “Божа, дапамажы Беларусі!”—на другім.

На плошчы Леніна калона падышла да помніка правадыру сусветнага пралетарыята. У гэты час нехта з ўдзельнікаў вырашыў дагнаць нас ці далучыцца да нашай калоны. Ён бег да нас з адваротнага боку са сцягам. Адкуль не вазьміся з хмызняку выскачылі два міліцыянты, якія назіралі за помнікам Леніну, каб ніхто не наглуміўся над ім (у Каўнасе быў перад гэтым выпадка, калі ноччу помнік аблілі валяр’янкай і ўсе каты збегліся на гэты пір і ўчынілі кашачы канцэрт і гвалт, накшталт сабачага збору ў 1913 годзе ля помніка Мураўёву-вешальніку ў Вільні. Традыцыя моцная, а таму баяліся яе паўтарэння ў Вільні).

Але даведаўшыся, куды бяжыць гэты дэманстрант, яны далі дазвол далучыцца да нас. Дзяўчаты ўсклалі для помніка Леніну кветкі. А я выкрыкнуў: “Жыве народны фронт Беларусі!” і ў адказ іншыя выгукнулі: “Жыве!” Валерый пракрычаў: “Жыве народны фронт Літвы!”, а ў адказ зноў жа: “Жыве!”.

За сто метраў ад помніка Леніну знаходзіцца пліта, на якой напісана, што на гэтым месцы былі пакараны смерцю Серакоўскі і Каліноўскі. Але як лічаць даследчыкі, пакаранне адбылося менавіта там, дзе цяпер стаіць помнік Леніну. А пліту ўсталявалі пасля, трошкі адступіўшы ад помніка. Навошта азмрочваць пачуцці вернападданых літоўцаў, якія па ўсялякаму выпадку кладуць кветкі да помніка Леніну напамінкам аб пакаранні смерцю нейкіх беларусаў і палякаў. Таму і перанеслі на 100-150 метраў далей пліту з імёнамі Каліноўскага і Серакоўскага.

Ускладаў я вянок ужо з супрацоўніцай Дзяржаўнага мастацкага музея ларысай Барсуковай. Я не ведаю, што спрацавала, ці тое, што я і яна былі ў нацыянальным адзенні, ці тое, што да мужчыны патрэбна была жанчына.

Пасля ўскладання вянка я ўзяў слова. Аб чым я гаварыў, цяпер цяжка успомніць, але першыя мае словы да дэлегатаў і да гасцей былі аб Кастусю каліноўскім, аб яго значэнні для беларускага народа, для беларускага Адраджэння. Што беларусы ў Вільні павінны дабівацца, каб на месце пакарання Каліноўскага, Серакоўскага, Мічкявічуса стаялі помнікі гэтым выдатным рэвалюцыянерам – сынам трох братніх народаў. Яшчэ я гаварыў аб тым, як мы ўшанавалі памяць Кастуся Каліноўскага 20 ліпеня ў Вільні і як гэта рабілася 22 сакавіка 1989 года ў Менску, якое глумленне над нацыянальнымі пачуццямі беларусаў тварыла “Вандэя” ў Менску і ў Беларусі. Якія кантрасты! Немагчыма не ні з чым параўнаць!

Напрыканцы выступлення я заклікаў усіх рашуча змагацца за сапраўдную дэмакратыю, галоснасць, адраджэнне культуры Беларусі, гістарычнай памяці народа, за тыя ідэалы, якія вызначыў БНФ “Адраджэньне” на Устаноўчым з’ездзе БНФ. Сваё выступленне я завяршыў тройчы клічам “Жыве Беларусь!”, “Жыве народны фронт Беларусі”. У адказ сотні галасоў усклікнулі: “Жыве!” Уражанне было даволі моцнае і хвалюючае. Валерый Савінкоў зноў дапоўніў мяне, пракрычаўшы: “Жыве Літва!”, “Жыве народны фронт Літвы!”

Зноў з разгорнутымі сцягамі рушылі да Туравай гары. Калі праходзілі каля будынка КДБ, выйшлі тры праныры і дапытліва разглядалі нашую калону. У большасці жыхары ўспрынялі наша шэсце як выключную з’яву, токі калі-нікалі нехта пытаў: “Хто вы?” Мы з гонарам адказвалі – “Беларусы!”.

Да гадзіны дня мы справіліся з ўскладзенай на нас адказнай задачай. Склалі свае штандары і накіраваліся ў рэстаран. Я ўзяў свайго гаспадара (ён быў з намі на ўскладанні вянка, там жа былі браты Луцкевічы, якім я прэзентаваў свае кнігіп) і мы пайшлі абедаць ў “Палангу”. У мяне быў талон, што мне дала Галіна Казлова, якая на з’ездзе выконвала абавязкі кухмейсцеркі. Там за адным са столікаў я знаходзіўся з маладым чалавекам і яго маладой жонкай. Менавіта ён, першы падымаў пытанне аб статуце БНФ і патрабаваў адкрытай дыскусіі па гэтаму пытанню. Тады яго не паслухалі. Проста калі ён быў дапушчаны да свабоднага мікрафона і прапанаваў свае погляды на Статут БНФ і на абнаўленне і выбары кіраўніцтва БНФ, адна дзяўчына сказала проста сказала яму: “Знікні!”, “Не ўзнікай!” Гэта адбывалася побач са мной, бо мікрафон знаходзіўся ў цэнтральным праходзе на маім радзе. Пасля я бачыў у перапынку, што ён веў размовы па гэтай праблеме з Зянонам Пазьняком. Ён мне за час абеду таксама распавёў свой план і свае прапановы па статуту і менавіта тыя пункты, што тычыліся выбрання і зацверджання. Яны былі цікавымі і улічвалі тое, што ў апошнія дні да руху БНФ далучылася многа смелых і здольных маладых людзей. Менавіта яны патрабавалі і стварылі Раённыя рады, далі свежую кроў руху, запусцілі яго ў глыбіню народных мас, пашырылі і паглыбілі рух. Гэта праўда.

Таму яны і патрабаваля, каб адна частка афармлялася і вылучалася аргкамітэтам, другая – радамі гарадоў і раёнаў. Зянон Пазьняк дапусціў улічыць патрабаванне гэтай часткі і залічыць іх у кандыдаты, але пасля таго, як была вылучана неабходная колькасць – 55 чалавек. Наколькі прадбачлівым аказаўся гэты малады чалавек, што гэтыя 30 вылучаных кандыдатаў – гэта толькі фігавае прыкрыццё дэмакратызму Зянона Пазьняка і старога аргкамітэту, я пераканаўся пасля ў час самога галасавання.

Хаця мяне і цешыла маё вылучэнне ў кандыдаты Сойму БНФ і я спадзяваўся, што большасць дэлегатаў мяне ведаюць як па клубу “Спадчына”, так і па выступленням, а таксама па шчодрай раздачы візітак клуба “Спадчына” і БНФ “Адраджэньне” – з нашай атрыбутыкай, якія я прэзентаваў удзельнікам з’езда (гэтую прадукцыю ў вялікай колькасці я выдрукаваў патаемна ў друкарні БДУ), хаця гэта я рабіў з першага дня і часу ўсялякага ўмыслу, толькі дзеля распаўсюджання нашай сімволікі, я нутром адчуваў, што ў Сойм БНФ мяне не выбяруць. Мая размова з гэтым смелым маладым чалавека, якога я неаднаразова бачыў у справе на мітынгах, сходах, у Доме палітасветы, дзе ён мог загнаць у клааку першага сакратара Мінскага абкама КПБ Малафеева, пераканала мяне ў праваце яго довадаў. Але справа ўжо была зроблена, кандыдаты вылучаны, унесены ў спісы, якія ўжо друкаваліся на ЭВМ.

Я цяпер дакладна не памятаю якімі праблемамі займаліся дэлегаты Устаноўчага з’езду БНФ пасля абеда з 13 да 18 гадзін, мабыць стварэннем рэдакцыйнай камісіі па Статуту БНФ, ці падліковай камісіі, у якую я вылучыў Аляксандра Шатэрніка. Гэта быў яго адзіны карысны ўчынак на карысць з’зду. Праўда, Шатэрнік пасля скардзіўся на мяне за такое вылучэнне, бо падліковай камісіі трэба было працаваць і працаваць дапазна.Калі я яго вылучаў, Аляксандр сядзеў праз адзін рад ззаду мяне і скуліў, каб я яго не вылучаў.

Але, як мне заецца, у 18 гадзінусіх паклікалі ў фае на галасаванне. Пачалі раздаваць бюлэтэні: вялікі – з 82 кандыдатамі ў Сойм, маленкі – з 4 ці 5 кандыдатамі на выбары старшыні і двух намеснікаў. Дэлегаты з’езда былі ўжо распісаны ў алфавітным парадку. Я падышоў туды, дзе была літара “Б”. Раздаваў бюлэтэні Сяржук Вітушка. Чамусьці ён не змог адразу знайсці мяне ў спісе і прапанаваў мне пачакаць да высвятлення і сказаў гэта такім тонам, як быццам бы я не з’яўляюся дэлегатам з’езда, ні тым больш абараным у кандыдаты Сойму БНФ. Я даўно заўважыў за ім такую рысу – глядзець на людзей звысака, з нейкім налётам “превосходства” і славы, як старшыні вядомай суполкі “Талака”, але я яго яшчэ памятаю, калі ён чатыры гады прыходзіў юнцом у клуб “Спадчына”, памятаю яго першыя крокі ў грамадскім жыцці, я яго пастаянна падтрымліваў і, асабліва, ва ўніверсітэце, сярод выкладчыкаў.

Калі ў Сяржука Вітушкі склаліся надзвычай дрэнныя ўзаемаадносіны з прафесарам Валянцінам Навумавічам Рабцэвічам, які за яго празмерную самаўпэненасць, надменнасць, фанабэрыстасць і жаданне навучаць прафесара гісторыі як правільна трактаваць некаторыя гістарычныя факты, двойчы выставіў за дзверы аўдыторыі Сяржука Вітушку, то ўсе адчулі, што запахла “смажаным”: узнікла рэальная пагроза выключэння яго з універсітэта.

Я заведаўся аб гэтым на другі дзень ад самога Валянціна Навумавіча. Прышлося прыкласці ўсе свае намаганні, скарыстацца ўсімі сяброўскімі і прыязнымі дачыненнямі паміж намі, каб справу аб непрыстойных паводзінах у дачыненні да свайго выкладчыка не даводзіць да разбіральніцтва на рэктараце БДУ. Але для Сяржука Вітушкі гэта не стала ўрокам, замест нейкай удзячнасці я атрымаў адкрытую непрыязнь.

Учора пасля набажэнства я і яшчэ некалькі чалавек зайшлі ў захрысце да літоўскага ксянза, каб падзякаваць яго за казанне па-беларуску. Я дастаў візіткі клуба “Спадчына” і БНФ, а таксама паштоўкі з партрэтам Кастуся Каліноўскага і прэзентаваў іх ксянзу, ён адказаў удзячнымі словамі. Я дастаў яшчэ свае кнігі і прапанаваў яму іх у падарунак. Гэта выклікала нейкі незразумелы пратэст у Сяржука Вітушкі і ён пачаў мне ў прысутнасці ксянза рабіць заўвагі і выказваць сваю незадаволенасць. Я тады стрымаўся, але цяпер такой патрэбнасці не было, тым больш кандыдату ў Сойм чакаць гадзіну да высвятлення ці я сапраўды з’яўляюся дэлегатам з’езда. Гэта не проста смешна, ці недарэчна, гэта тонкі здзек маладога хлапца, які ўжо адчуў смак і пагубнасць улады над людзьмі, не гледзячы на тое, што яны яго не толькі аднадумцы, але нейкім чынам і настаўнікі.

Я папрасіў Сяржука яшчэ раз прагледзіць спіс і зрабіў гэта сам. Прозвішча мае было там, дзе гэта яму і належыла быць. Сяржук нават не папрасіў у мяне прабачэння. Чаму я нагадваю тут у гэтых нататках аб гэтым дробязным эпізодзе? Ды таму, каб перасцерагчы. Але каго, хто будзе аб гэтым ведаць? А можа лепей самога сябе, каб я сам не ўпадаў у такую зорную хваробу і смакаваў і не злоўжываў магчымасцю ўлады над людзьмі, якія ў мэтах агульнай барацьбы дабраахвотна падпарадкоўваюцца табе.

Я атрымаў тры бюлетэні і адразу нутром адчуў правату майго маладога суразмоўцы і ўсю безнадзейнасць спадзяванняў на выбранне тых, хто быў дапісаны пасля 55 нумара. Калі першыя 55 прозвішчаў ішлі па алфавітным спісе, там указвалася іх сацыяльнае становішча і дэлегаты знаёміліся з імі, то ў астатніх 27 чалавек спіс быў складзены па меры вылучэння без указання сацыяльнага становішча (акрамя кандыдата Габрусева, дзе ўказвалася, што ён з’яўляецца дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і кандыдата Міколы гайдука, дзе супраць яго прозвішча ўказвалася, што ён пісьменнік з Польскай Народнай Рэспублікі), а дэлегаты не былі азнаёмлены папярэдне з гэтымі кандыдатамі.

Я быў занесены ў спіс пад нумарам 81. каб бюлетэнь лічыўся сапраўдным, трэба было выкрэсліць не менш чым 27 чалавек. І натуральна, што пачалі выкрэсліваць менш знаёмыя ці ўвогуле незнаёмыя прозвішчы.

І яшчэ некалькі фактаў наконт выбараў. Яшчэ ў той час, калі не ішло вылучэнне на з’ездзе кандыдатаў у Сойм, а толькі ў аргкамітэт, з прадстаўнікамі асобных Радаў кулуарна абмяркоўвалі сваіх кандыдатаў, да мяне падышла Галіна Казлова і дала мне спіс людзей, якіх трэба было выкрэсліць пры галасаванні. Калі я паглядзеў гэты спіс, то ўбачыў каля сямі прозвішчаў. У большасці гэта былі тыя “возбудители спокойствия”, якія паднялі пытанне аб пераглядзе Статута БНФ. Гэтую паперку я паклаў у кішэню і ёю не карыстаўся.

У мяне існуюць свае асабістыя погляды, а чужымі я не карыстаюся. Такая “стаднасць” – за каго галасаваць, каго выкрэсліваць – ніколі да дабра не прыводзіла.

Я добра ведаю, што ўсе творчыя Саюзы вельмі добра выкарыстоўваюць гэты прынцып. Але ён зарадзіўся як сродак барацьбы з сілавым навязваннем адміністратыўна-каманднай сістэмай і партапаратчыкамі сваіх кандыдатаў ці стаўленнімкаў ў кіруючыя арганізацыі творчых саюзаў. І вось цяпергэты прынцып выбараў поўнасцю перакачаваў з мастацкага саюза ў Беларускі народны Фронт “Адраджэньне”. А што гэта менавіта так, і што Саюз мастакоў перанёс яго ў БНФ сведчаць наступныя факты.

Калі я ўладкаваўся на канапе і пачаў чытаць і вывучаць прозвішчы кандыдатаў, адначасова выкрэсліваючы некага са спіса, да мяне падбег Шатэрнік і папрасіў, каб я яму паказаў, каго я выкрэсліў. Такія яго дзікія просьбы я не мог задаволіць. Тады прабарматаўшы яшчэ нешта, ён сказаў, што трэба выкрэсліваць усіх ніжніх кандыдатаў, гэта значыць пасля 55 нумара, што ён ужо так і зрабіў. Я запытаў, а чыя гэта ўстаноўка? Ён здзіўлена перапытаў: “Як чыя? Хлопцы казалі, каб я папярэдзіў усіх сваіх”. Я зноў запытаў: “Якія хлопцы?” “Ну хіба ты не ведаеш, якія хлопцы? Усе нашы...” – быў адказ. Я добра ведаў, хто гэта “ўсе нашы”. Гэта перш-наперш Мікола Купава, Яўген Кулік, можа Аляксей Марачкін.

Каб прадоўжыць размову я кажу Шатэрніку: “А хіба ты не ведаеш, што ў апошніх нумарах стаяць такія паважаныя людзі, як пісьменнік з Беласточчыны Мікола Гайдук, як дэпутат Вярходнага Савета СССР Габрусеў, які даў згоду ўвайсці ў Сойм БНФ і без якіх Сойм не будзе адыгрываць той важнейшай ролі ў грамадскім жыцці?”. Шатэрнік, як заўсёды знайшоўся з адказам: “Ну дык ты ж сам глядзі каго трэба пакінуць, а каго выкрэсліць. Адным словам, хлопцы прасілі, каб я перадаў ўсім сваім, каб найболей выкрэслівалі ўсіх апошніх ”.

--“А ты ведаеш, --пытаю я ў яго, -- што адным з самых апошніх знаходжуся я? І значыць, ты, мой сябра, мяне і выкрэсліў. Прызнавайся, ты мяне выкрэсліў?”

Апошнія словы былі сказаны з адпаведнай інтанацыяй і нейкім жэстам. Шатэрнік разгубіўся, скукожыўся ў камяк, бо чакаў, што я дам яму кухталя і праляпятаў: “Я забыўся, што ты таксама знаходзішся ў спісе...”

Я пастараўся даслоўна прывесці размову, каб калі-небудзь стала вядома, як асобныя, не вельмі разумныя эмісары М. Купавы ці Я. Куліка (а я ў гэтым перакананы) вялі ў час выбараў агітацыю за тых ці іншых кандыдатаў, а гэта рэальна азначала, што і супраць мяне. І што самае дзіўнае, мае добрыя сябры па загаду з верху (вось як ў БНФ ўжо з’явіўся “верх”) бяздушна выкрэслівалі не толькі малазнаёмых і незнаёмых людзей, але і сваіх сяброў. Што гэта так і выпадак з Шатэрнікам не ёсць нейкім непаразуменнем, а ўсталяваўшымся фактам ўнутры фронтаўскіх адносіна, я пераканаўся праз пару дзён пасля з’езду.

Мастака-афарміцеля Федара Ладуцьку я задзейнічаў на выкананне афарміцельскіх работ на філфаку БДУ. І вось праз пару дзён пасля з’езда вязём мы эскізы на прагляд дэкану факультэта А. А. Волку. Разгаварыліся пра з’езд БНФ. Федар таксама дыў на з’ездзе. Ездзіў туды на сваёй машыне, рэбіў экспазіцыі выставы, а таму быў вылучаны дэлегатам.

Я пытаюся ў Федзі: “За каго галасаваў, каго выкрэсліваў?” “А...выкрэсліў усіх задніх” – вось так праставата адказвае Федзя. “А чаму ўсіх задніх?”—пытаюся я. “Ды хлопцы сказалі, каб выкрэслівалі ўсіх задніх”—адказвае ён. “А ці ведаеш, што і я быў у нізе спіса, значць, ты выкрэсліў і мяне?” Федзя неяк крыва ўсміхнуўся і кажа: “А ўсё роўна, усіх выкрэсліў! Што прасілі, то я і зрабіў. Вось так, што прасілі, тое і зрабіў!” А тое, што мы даўно сябруем, што ён мне двойчы, ці тройчы дапамагаў афармляць выставы, тое, што я ў знак павагі за яго дапамогу публічна ў кнігах “Кастусь Каліноўскі і студзеньскае паўстаньне 1863 года” і “Францішак Скарына і яго час” выказваў яму сваю падзяку, што я раіў яго для афармлення філфака і г. д. – усё гэта не ідзе ў разлік.  Галоўнае, “што прасілі хлопцы, тое і трэба зрабіць”. Калі я сам у сябе пытаюся, ці крыўдую я на Аляксандра Шатэрніка ці Фёдара Ладуцьку, магу ўпэўнена адказаць – што не! Яны выхаваны ў традыцыях “статкавасці” нашым жыццём, ў выніку недаразвітасці індывідуальнасці, нежадання самастойна думаць і прымаць рашэнні. Такімі яны прышлі ў БНФ і іх якасці вельмі добра выкарыстоўваюць іншыя, а галоўнае,за іх думаюць і ім падказваюць гатовыя рашэнні. Ды і які істотны ўплыў аказалі два лішніх галасы пададзеных супраць мяне, калі іх было больш дастаткова, каб забалатаваць як мяне, так і24 кандыдаты, якія стаялі ў апошніх  шэрагах спіса. І ўсё ж я шчыра рады, што два кандыдаты з апошніх шэрагаў спіса Гайдук і Габрусеў прайшлі, былі выбраны ў Сойм БНФ. А гэта значыць, што не ўсе дэлегаты бяздумна выкрэслівалі ў спісе апошніх. Ды і за мяне кажуць падалі больш за сотню галасоў (дакладную лічбу я не ведаю ды і ведаць не хачу, каб не выклікаць дурную падазронасць).

Калі я атрымаў вялікі ліст з 82 прозвішчамі кандыдатаў у Сойм БНФ, я звярнуў увагу, што бюлетэнь запоўнены на ѕ плошчы старонкі. Яшчэ можна было смела ўпісаць 40 прозвішчаў. Узнікае пытанне, чаму пайшоў Зянон Пазьняк на такі адкрыты падман? Ці яго ўвялі ў зман аператары ЭВМ? Ці гэта было выкарыстана, каб менш людзей дадаткова трапіла ў спісы (55 вызначаных аргкамітэтам плюс 27 радамі, а гэта крыху менш 50 адсоткаў)? Ці не хацеў ён такім чынам пры адмоўных выбарах для аргкамітэта, мець усё ж такі паслухмяную большасць? Я не раблю высновы, але лічбы 55 і 27 не выпадковыя. Не выпадковым у такім разе выглядае і незапоўненасць бюлетэня на 1/4 частку старонкі. Я не магу дапусціць думкі, што аператары не ведаюць запаўняемасць ліста колькасцю знакаў, радкоў, калонак. Гэта ведае любы студэнт, а не тое што аператар ЭВМ. Значыць, застаецца прыняць толькі адно – свядомы падман, дзеля таго, каб мець у Сойме БНФ тых людзей, якіх вылучыў аргкамітэт. Дзеля гэтай жа мэты, як я ўжо адзначаў, быў складзены своеасаблівы бэлетэнь. Першыя 55 чалавек у алфавітным парадку з указаннем сацыяльнага статуса, астатнія па меры вылучэння без указання гэтага статуса і толькі для двух чалавек зрабілі выключэнне (Гайдук і Габрусеў), бо яны неабходныя БНФ. БНФ вядзе зацятую барацьбу супраць злоўжывання на выбарах, супраць падтасовак, падману, маніпуляцый, супраць зажыму дэмакратыі, супраць абмежавання вылучэння кандыдатаў і г. д.. І ў той жа час, сам выкарыстоўвае для сваіх выбараў усе парокі, дзесяцігоддзямі выпрацаваныя партыйцамі ці адмінітрацыйна-каманднай сістэмай.

Ці гэта не парадокс нашага часу? Ці гэта проста заканамернасць кожнай партыйнай сістэмы, ці арганізацыі, якая ставіць перад сабой палітычныя мэты і задачы?

Хто дасць адказ?

Прагаласаваў я ў ліку першых дзесяткаў чалавек. Часу заставалася шмат. Каля Палаца прафсаюзаў я з сустрэўся з а. Янам Матусевічам. Ён застаўся незадаволеным тым, што калі нехта прапаноўваў яго прозвішча на кандыдатуру ў Сойм БНФ, Зянон пазьняк заявіў, што быццам бы а. Ян не даў згоды на сваё вылучэнне. Калі а. Ян Матусевіч прыехаў з Барун, дзе ў гэты дзень было набажэнства, я запытаў яго чаму ён не даў згоду. А. Ян здзівіўся і адказаў, што, наадварот, ён даваў сваю згоду на вылучэнне ў Сойм. Тады я падняўся на сцэну і сказаў Юрыю Хадыку, што а. Ян дае сваю згоду на вылучэнне, што проста адбылося нейкае непаразуменне. Юры Хадыка пайшоў на сцэну ў аператарскую ЭВМ, дзе быў у гэты час Зянон Пазьняк і меў з ім гутарку. Калі вярнуўся адтуль, то сказаў, што ўжо позна і паправіць справу нельга. У той час я паверыў у гэтую версію Хаця гэтыя падзеі адбываліся пасля вылучэння кандыдатаў, але прайшло можа пару хвілін, як завяршылася вылучэнне апошняга кандыдата, так што час і магчымасці яшчэ былі, каб выправіць памылкі, калі яна сапраўды адбылася. Але калі гэта не памылка, а жаданне знарок не дапусціць у спіс кандыдата, імя якога даволмі вядомае, аўтарытэтнае. Я спадзяюся, што дэлегаты з’езда абралі б а. Яна ў Сойм БНФ, а гэта занчыць, трэба было б адводзіць ці здымаць кагосьці з 55 першыхз кандыдатаў, вылучаных аргкамітэтам. На што Зянон Пазьняк не хацеў ісці.

З-за таго, што а. Ян не трапіў у спіс бюлетэня, ён сказаў мне , што яму няма сэнсу чакаць вынікаў галасавання, ён не хоча “блытацца тут пад нагамі” і прапанаваў мне ехаць з ім у Менск на легкавой машыне, якую ён арэндуе.

Ірэба заўважыць, што ў мяне яшчэ ў Менску была дамоўленасць з а. Янам, што ён забярэ мяне з Вільні і мы сумесна паедзем у Менск.

Я Таксама схіляўся да таго, што вынік выбараў ўжо вырашаны раней, што дарэмнымі былі не толькі мае хваляванні і намаганні маёй Партызанскай рады г. Менска, якая вылучала мяне, праўда, не так апантана, як мне бачылася і як гэта рабілі іншыя прадстаўнікі Рад, якія рабілі ўсё магчымае і звышмагчымае для вылучэння сваіх прадстаўнікоў, аказаліся таксама марнымі. Яны толькі паўдзельнічалі ў спектаклі так па-майстэрску арганізаваным Зянонам Пазьняком (нездарма ён кандыдат мастацтвазнаўства, вучыўся на тэатральнага акцёра, вывучаў тэатральнае мастацтва і пісаў пра яго). 25 кандыдатаў за 27, дадаткова вылучаных ў спісы таксама дарэмна пахваляліся, але затое яны адчулі шчаслівыя хвіліны – хвіліны прызнання іх павагі перад нашым Рухам, хвіліны гонару і самасцвярдэжэння як асобы-барацьбіта. Нічога не страцілі тыя 40 чалавек, якія б маглі быць яшчэ вылучаны ў дадатковы спіс. Затое яны не перажылі хвілін найвышэйшага душэўнага хвалявання і самасцвярджэння сваёй асобы. Некаторыя з іх, асабліва тыя, хто ведаў, што яго вылучыць Рада ў кандыдаты, наадварот, адчулі горыч з-за таго, што так несвоечасова і рана “падвялі рысу” для вылучэння.

Я пагадзўся з а. Янам, што няма сэнсу чакаць вынікаў галасавання. Я знайшоў свайго гаспадара Аляксея Анішчыка, мы селі ў машыну, заехалі да яго да дому. Я забраў сваю сумку, пакінуў кнігі, якія яшчэ не паспеў прэзентаваць. А. Анашчык падарыў мне не благую сваю карціну “Краявід вясковы з крыжам”. Цяпер яна вісіць ў мяне дма, як напамін аб Ўстаноўчым з’ездзе БНФ. У 22 гадзіны 25 чэрвеня мы ўжо былі ў Менску.

Раніцай я патэлефанаваў Кастусю Лапка ў БДУ на хімфак, дзе ён працуе. Канстанцін пастаянна наведвае клуб “Спадчына”. Ён мне паведаміў пра вынікі галасавання, якія для мяне не з’явіліся нечаканасцю Сам Косця Лапко быў абраны ў Сойм БНФ, з чым я яго і павіншаваў. Усё ж такі актыўны сябра клуба “Спадчына” набываў сваю грамадзянскую свядомасць ў клубе “Спадчына”, а таму і заслугі клуба ёсць ў гэтым, ды й акажа падтрымку, калі спатрэбіцца.

Ці расчараваўся я з’ездам і яго вынікамі? Не. Па шчырасці кажучы, я быў задаволены ім.

Па-першае, Устаноўчы з’езд БНФ адбыўся насуперак намаганням беларускай “Вандэі”.

Па-другое, ён атрымаў не толькі ўсесаюзны, але сусветны рэзананс. Я, напрыклад, сам даваў інтэрв’ю для многіх газет і і радыё.

Па-трэцяе, усе мы цяпер можам дзейнічаць ад імя БНФ, мы атрымалі магутны маральны, духоўны, палітычны і арганізацыйны фактары, якіх так баялася наша бюрактратыя.

Па-чацвертае, мы атрымалі арганізацыйную магчымасць гуртаваць свае сілы! Вербаваць сваіх прыхільнікаў . Ужо партыйцы не тычуць на сваім выразам: “так званы БНФ”. Прыйдзе яшчэ час і яны поўнасцю прызнаюць нас.

Па-пятае, ужо цяпер яны павінны (камуністычныя партыйцы) лічыцца з намі, з нашымі ідэямі, браць іх на ўзбраенне. Нагадаем ідэі па мове, па культуры, аднаўлення і стварэння праграмы “Спадчына”, “Родная мова”, Таварыства беларускай мовы, жаданне адкрыцця помніка Ф. Скарыне, Скарынаўскага цэнтру....

Я і сябры клуба “Спадчына” з 1984 года пастаянна змагаліся за гэта і гэтамі мы не здрадзілі. Таму толькі з БНФ мы здзейснім свае ідэі, зможам правесці іх у жыццё. Без БНФ раздавяць і сам клуб “Спадчына”, што ўжо неаднаразова спрабавала рабіць беларуская “Вандэя”.

Ці ёсць яшчэ супярэчнасці ці разнагалоссі ў клуба “Спадчына” і сяброў БНФ? Няма. Ёсць асобныя неўладкаванасці ў адносінах паміж асобнымі кіраўнікамі БНФ і старшынёй клуба “Спадчына”. І то яны больш псіхілагічнага характару, чым іншага.

Чым асабіста для мяне аказаўся важным з’езд? Па-першае, я быў дэлегатам гэтага з’езда, якія з цягам часу ўвойдзе ў гісторыю майго народа, палітычнага руху сучаснай Беларусі. Таму, як дэлегат з’езда, ганаруся, што прымаў удзел у гэтых гістарычных падзеях.

Па-другое, хаця я і не быў абраны ў кіруючыя органы БНФ “Адраджэнне”, у Сойм, ўсё ж, мяне вылучыла мая Рада і гэта ўжо прызнанне маёй работы-барацьбы ў шэрагах БНФ, гэта ўжо прызнанне і павага перад нашым народным рухам. І не дарма. Пасля на адным з першых паседжанняў Сойму БНФ мяне вылучылі ў камісію па нацыянальнай культуры і рэлігіі.

Я з’яўляюся часткай гэтага руху і пакуль будзе існаваць Беларускі народных фронт, я ўсімі сіламі, сродкамі буду падтрымліваць яго. Аўтарытэт БНФ – гэта мой аўтарытэт, яго поспехі – гэта мае паспехі, яго перамогі над беларускай “Вандэяй” і апаратчыкамі – гэта мае перамогі.

Цяпер па-сапраўднаму я разумею словы М. Горкага, што незалежачы да якойсцьі партыі, можна прызнаць суд толькі гэтай партыі. Асуджэнне маіх дзеянняў другімі арганізацыямі, установамі, людзьмі не трэба браць у разлік. Пры ўмове, што мае дзеянні спрыяюць пашырэнню палітычнай і нацыянальнай самасвядомасці, развіццю го культуры, мовы, гістарычнай памяці майго народа.

Я глыбока перакананы, што нам не прынясе збавення ад адмінітрацыйна-каманднай сітэмы КПСС-КПБ, бо яна сама парадзіла гэтую сістэму, сама жыруецца на ёй і таму знішчэнне гэтай сітэмы прывядзе, калі не да падзення КПСС-КПБ, то да такога яе паслаблення, што роля яе пастянна будзе страчвацца, на што не пойдзе ўвесь партыйны апарат. Гэта найвялікшая ўтопія, што лепшыя сілы партыі хочуць звергнуць адміністрацыйна-камандную сістэму, што менавіта яны распачалі так званую перабудову Гарбачова. Перабудову “лепшыя сілы” партыі распачалі, таму што лепшыя розумы рускага, беларускага, украінскага, яўрэйскага народаў пачалі значна раней. Колькі іх вядомых і безыменных склалі свае галовы, былі пасаджаны ў турмы, запёртыя ў псіхушкі. М. Гарбачоў пачаў тое, што ўжо нельга было схаваць ад народа. А як толькі даў першапачатковы дазвол выказацца, лепшым прадстаўнікам народа, то пачуў такое, ад чаго прыйшоў у разгубленасць не толькі ён, а ўсё кіраўніцтва КПСС.

Ну а каб Габрачоў не распачаў гэтую перабудову? Што б чакала нашу краіну, народ? Калі б забілі канчаткова народ і ён не змог падняцца і заявіць аб сваіх патрэбах, то краіна без боя здалася б імпэрыялізму. Ён бы задавіў сацыялізм. Адбыўся б яшчэ страшнейшы выбух.

На што разлічвае цяпер партыйная плутакратыя? На нейкія нязначнае абнаўленне ў магчымасцях той жа партыйнай сістэмы, толькі трохі падноўленай, падфарбаванай сістэмы.Так што, ні аб якіх карэнных зменах партыя і не памышляе. Тым больш, на дабраахвотную перадачу ўлады ад партыйнага апарата народу. Гэта танныя байкі для старэнькі вясковых бабуль. Але гэта прыманка, на якую яшчэ клююць многія.

Чаго я баюся? “Браця, ці хопіць нам сілы?”—гэтыя словы М. Багдановіча мы павінны трымаць у сэрцы і розуме. БНФ “Адраджэньне” не набраў той сілы, як прыбалтыйскія франты, з якімі лічацца іх рэспубліканскія ўлады, як, напрыклад, малдаўскі і г. д.

У чым прычына гэтага становішча? Першая – нізкая нацыяльная самасвядомасць беларускага народа.

Другое – страшэннае засілле бюрактратычнага апарата, дэнацыялізіраванага, у большасці русіфікаванага.

Трэцяе. Адносна лепшыя і цярпімыя ўмовы жыцця, чым у Расіі (але ў Эстоніі ўмовы жыцця лепшыя, чым у Беларусі, але там не так дэнацыялізавана чынавенства).

Чацвертае. Партыйная прапаганда змагла ўбіць у розум і душы народа, што Беларускі народны фронт, гэта “происки врагов народа”, а да гэтага яна стварыла вобраз Беларусі-партызанкі, дзе кожны ваяваў на баку савецкай улады і гэта сапраўды так, а цяпер кожны працаўнік атаясамлівае сябе ці як былога барацьбіта за Савецкую ўладу, ці як яго нашчадка.

І вось накладкі гэтых дзьвюх ідэалагічных установак партыйным апаратам робяць тую справу, што народ часам варожа адносіцца да БНФ, ці ў лепшым выпадку індэфрентна. Іншыя проста баяцца атрымаць зноў ідэалагічнае кляймо.

Пятае. Само кіраўніцтва БНФ часам дапускае пралікі, не дапускае прыліва свежых сіл, разыгрывае ўсялякія “інтрыжкі” з новымі кіраўнікамі груп (у гэтым я неаднаразова пераконваўся, назіраючы за іншымі). У нейкім сэнсе часта адбываецца стрымліванне ініцыятывы маладых сіл, зацісканне дэмакратыі ў самім кіраўніцтве БНФ.

Існуе высокі і прызнаны аўтарытэт лідэра БНФ Зянона Пазьняка і гэта было б вельмі добра, каб гэты аўтарытэт кіраўніка БНФ не перарастаў у культ сярод сяброў Сойму БНФ і іншых актывістаў. Зянон Пазьняк не церпіць ніякіх пярэчанняў, у нейкім сэнсе затойвае на таго ці іншага свае крыўды і заўсёды пры адпаведных выпадку можа нанесці ўдар па сваёй ахвяры. Яго нецярпімасць не сустракае адпору, таму што, па-сутнасці, многія сябры БНФ яго проста пабайваюцца.

Гэта асабістыя мае назіранні, і таму я не магу ручацца за іх поўную адпаведнасць.

Але пры гэтых недахопах, якія наогул, уласцівыя ўсім палітычным лідарам, каго можна паставіць сёння побач з Зянонам Пазьняком? Такіх людзей я не бачу, не ведаю. У каго такі вялікі аўтарытэт і даволі заслужаны, хто так рашуча можа весці барацьбу з бюрактратыяй, хто так бліскуча выступае на мітынгах. У каго такія арганізацыйныя здольнасці, хто можа так бліскуча адстойваць ў друку нацыянальную культуру, мову, хто так магутна напісаў пра Курапаты, якія сталі вядомымі ўсяму свету, нават да стварэння суполк і арганізацый пад такім назовам?

Гэта вельмі добра, што Зянон Пазьняк мае вялікія здольнасці для таго, каб кіраваць БНФ, але вельмі дрэнна, што побач з ім слаба раскрываюцца іншыя таленты, другія выдатныя дзеячы БНФ, яго лідары. Ці Зянон Пазьняк падаўляе іншых лідараў сваім псіхалагічным уздзеяннем, ці проста, калі б з’явіліся лідары такога рангу, яе Зянон Пазьняк, яны б проста сталі несумяшчальнымі, што б прывяло да расколу яшчэ такога кволага БНФ.

Сёння ў калгас “Воля” прыйшла радасная вестка аб прызнанні БНФ “Адраджэньне” беларускім урадам, а дакладней, Вярхоўным Саветам БССР. Аб гэтай падзеі я паведаміў студэнтам, якія сабраліся ў калгаснай сталоўцы. Я Тройчы выкрыкнуў “Жыве Беларусь!” і ў адказ юныя студэнцкія галасы паўтарылі “жыве!” Значыць, сапраўды, будзе жыць!

Анатоль Белы

11 верасня 1989 года, вёска Грыбіна, Круглянскага раёну, Магілёўскай вобласці.