Брачыслаў Ізяслававіч – сын Ізяслава Уладзіміравіча і ўнук Рагнеды, на княжацкі пасад (1003-1044) узышоў малалетнім. Звесткі пра яго дзейнасць сустракаюцца з 1021 г. у рускіх летапісах, але найбольш падрабязна распавядае пра яго “Сага аб Эймундзе”. Брачыслаў – першы князь адроджанай полацкай дынастыі Рагвалодавічаў, змагаўся за аднаўленне незалежнасці Полацкай зямлі. Пасля смерці вялікага князя кіеўскага Уладзіміра (1015), як нашчадак старэйшага ў родзе сына, згодна звычаяў таго часу, Брачыслаў мог прад’явіць свае правы на вялікакняжаскі пасад у Кіеве. Ёсць усе падставы лічыць, што Брачыслаў сядзеў на вялікакняжацкім пасадзе ў Кіеве на працягу трох зім – з 1019 па 1021 гг., пра што сведчыць, згодна летапісу, наяўнасць у Кіеве “двара Брачыслаўля”. Менавіта назва найперш і сведчыць пра тое, што ў ім жыў Брачыслаў, што гэта была яго рэзідэнцыя. Але пасля “трох зім”, у выніку перамогі Яраслава Мудрага над сваімі братамі – прэтэндэнтамі на кіеўскі трон, Брачыслава, відаць, выгналі з Кіева ў Полацк, што і прывяло да новага канфлікту паміж ім і Яраславам. Адноўленая Полацкая дзяржава зноў ставіць сваёй мэтай аб’яднання ўсіх крывіцкіх земляў. Для яго ажыццяўдення Полацк амаль паўстагоддзя набіраў сілы. Задача аб’яднання выпала на долю Брачыслава. У 1021 г. ён пайшоў на Ноўгарад. Лаўрэнцьеўскі летапіс паведамляе, што Брачыслаў – сын Ізяслава і ўнук Уладзіміра – пайшоў на Ноўгарад, узяў яго і, захапіўшы наўгародцаў і іх маёмасць, пайшоў у Полацк. Даведаўшыся пра гэта, Яраслаў пагнаўся за заваёўнікамі. Праз сем дзён паходу ён нагнаў Брачыслава на р. Судоме, перамог іх і вярнуў захопленых наўгародцаў, а Брачыслаў уцёк у Полацк. Але, не жадаючы набываць яшчэ аднаго яўнага ворага, Яраслаў выклікае да сябе Брачыслава на прымірэнне і аддае яму два гарады – Усвяты і Віцебск, сказаўшы: “Буди со мною заедин”. Паводле “Сагі аб Эймундзе”, войскі Брачыслава і Яраслава прастаялі сем дзён, не пачынаючы бітвы. І тады важак варажскай дружыны Эймунд, які служыў у Брачыслава, выкраў жонку Яраслава – прыгажуню Інгігерд і даставіў яе Брачыславу. Яраслаў быў вымушаны пайсці на перамовы і перадаць яму Віцебск і Усвяты. Такім чынам, палачане дамагліся адной са сваіх мэт – вярнулі частку страчаных крывіцкіх земляў, атрымалі ключавыя пазіцыі на шляху “з варагаў у грэкі”. У сваю чаргу Брачыслаў адмовіўся ад улады над Ноўгарадам і вызваліў захопленых у палон наўгародцаў.
1. Мастак Крывенка.Анатоль Змітравіч 1942. Мінск. 1995. ДВП, алей. 70х50 см.
![](/images/stories/vjalikija_pradzedy/DSC02000.jpg)
2. Мастак Несцярэўскі Мікалай Лаўрэнцьевіч. 1931. Мінск. 2002 г. Медальён. Тэракота. 27х17 см.
![](/images/stories/vjalikija_pradzedy/IMG_3715.JPG)
|