БАЛАДА ЯГАЙЛЫ (1352—1.06.1434)
З Залатою ардою супроць маскалёў Князь ісці сабіраўся, але не пайшоў. За спіной крыжакі, як на полі крыжы, Дзе твой брат, дзе твой сын, дзе твой бацька ляжыць, Дзе ляжаць беларусы ў крывавай траве, Дзе вятры і ваўкі, дзе самота жыве...
Князь глядзіць на траву, нібы ў вечнасць глядзіць, І не бачыць каго тут любіць ці забіць, Каб Айчына была—у Еўропу вакно, Каб яе не дзялілі, нібыта віно, Ні свае, ні чужак, ні касёл, ні царква... І на замкавых вежах не ўзыдзе трава, Бо траву наша кроў вымывае, як тло, Бо ў крыві ёсць цямрэч, бо ў крыві ёсць святло, Ад якіх пачынаецца ноч, потым—дзень. Час ідзе і наш князь, як трава са сцяны У траву, бы ў агонь, назаўсёды ўпадзе, Ды не спыніць і ён міжусобнай вайны...
|