БАЛАДНЫ МАНАЛОГ ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ (каля 1490—каля 1551)
Я спытаў у людзей: “Як жывеце, браткі?” “Слава Богу, яшчэ мы жывём…”—адказалі мне ўсе. І ў пустыя кішэні схавалі глыбей кулакі. Як цярпліва мой люд да магілы нядолю нясе.
Я спытаў у царквы: “Што стаіш без крыжоў, без званоў?” І ўздыхнула царква, і ўзляцелі вароны з царквы. Праз асфальт з небыцця праступіла нявінная кроў І згарэла праз міг у зялёным агмені травы.
Я спытаў у забытых магіл: “Хто вас так патаптаў?” Толькі глуха магілы без слоў прастагналі ў адказ. А над горадам шэрым анёлак самотны лятаў, Нёс у белай руцэ распатрошаны процівагаз.
Я ў Айчыны спытаў: “Ці чытаюцца кнігі мае?” Завішчэў-закрычаў ля карыта раскормлены Хам: “Што нам кнігі твае, кніга есці людзям не дае!” Сапраўды не да кніг, калі свінні забраліся ў Храм!
Час не той, век не той, толькі ўсё як было, так і ёсць: Адны ў поце гібеюць, другія спраўляюць гульбу, Гаспадар-беларус на Айчыне жыве, нібы госць, І бясконца за волю, за мову вядзе барацьбу.
І хацеў я праклясці сябе і вярнуцца ў Нябыт, Але вецер залётны мне з пляца, як з неба, прынёс Галасы маладых, што казалі ўсю праўду пра быт І пра кнігі мае, і народа чарнобыльскі лёс.
І пайшоў я на пляц, і пабачыў “Пагоню”, сцягі, І пачуў сваю мову і песень прывольны разліў, І адчуў: родны край не заменіш ніякім другім Аніколі, Ніколі, Нідзе І нічым на зямлі!
|