БАЛАДА МІКАЛАЯ РАДЗІВІЛА (ЧОРНАГА) (4.02.1515—28/29.05.1565)
Вялікае княства заўсёды з табой Ці едзеш на бітву, ці стомлены спіш. Жыве ў тваім сэрцы шляхетны Нясвіж Напоўнены сонцам, нібы залатой Вадою, што ў кожнай травінцы, як крыж, І ў кожным лісточку, што ў парку старым. Гавораць, дарогі вядуць усе ў Рым. Не ўсе, бо вядзе палавіна ў Нясвіж, Дзе сёння друкуецца Біблія нам На нашай тутэйшае мове, якой Малітвай зайсці, як у сэрца, у Храм І быць, як у Храме, у сэрцы святой І вечнай на гэтай зямлі, дзе жывём І будзем жыць мы, да сябе ідучы. Любоў да Айчыны—да волі ключы, Якія ад сэрца да сэрца нясём І помнім Вялікае княства, дзе ты У сэрцы сваім зберагаў свой Нясвіж, Нібыта ад Храма, што збураны, крыж, Які і без Храма святога—святы. І попел ад Бібліі, быццам бы снег, Ляціць праз стагоддзі над нашай зямлёй, І ў небе нам бачыцца, нібы ў вакне, Вялікае сонца краіны былой…
|