БАЛАДА МІХАЛА КЛЕАФАСА АГІНСКАГА (7.10.1765—15.10.1833)
Радзіма вечная, як неба гэта, З якога, нібы дождж, сыходзіць Бог І ў музыцы жыве, нібыта лета Жыве ў траве і камянях дарог, Якімі ты Радзіму пакідаеш, Бо княства не магчыма аднавіць, Як кроў пралітую не пазбіраеш, Ды княству жыць у нашае крыві, Як музыцы ў траве, вадзе, лістоце, У ветры, што змятае пыл з крыжоў. Жыць княству, як святлу ў нябёсным лёдзе, Малітвам у крылатасці буслоў, Якія над тваёй дарогай кружаць, Нібы анёлы, для якіх наш край Плыве азёрна-залатою ружай, Якой ты кажаш светлае: “Бывай…” Праз Лету, праз душу, якая плача Па тым, што ўжо не вернуцца сюды Ні княства, ні князі з крывёй гарачай, Ні закаханы ў беларусак ты…
|