БАЛАДА СТАНІСЛАВА МАНЮШКІ (5.05.1819—4.06.1872)
Як ветразь, музыкай тваёй з аргана Напоўнены касцёл Святога Яна, І Вільня, як каўчэг, праз свет плыве Па золаце, па бруку, па траве, Па Беларусі, у якой ёсць ты,
І трэскаюць паміж людзей ільды Неразумення і слязамі з воч Цякуць і асвятляюць дзень і ноч, Як васількі, як зоркі, як бурштын.
Музыкаў многа, ты ж такі адзін, І слухае цябе народ і Бог І прад Еўропаю крыжы дарог Ужо не рвуць тутэйшую душу Ні ў час засушлівы, ні ў час дажджу, Бо лепш, як тут, не будзе анідзе Ні ў Празе, ні ў Варшаве, ні ў Маскве, Бо толькі тут, як рыба—у вадзе, У Беларусі Беларусь жыве,
Але ёсць слава, да якой і ты, Як да агню матыль, ляціш туды, Дзе слава, дзе віно і дзе любоў. Ды не знікае шлях у Менск дамоў, Дзе музыка твая, як карані Святога дрэва, што ўздымае дні Краіны, што была і будзе ў нас, У беларусаў на бясконцы час Пакуль малітвай, музыкай святой Тут поўніцца душа, каб быць жывой…
|