БАЛАДА ФРАНЦІШКА БАГУШЭВІЧА (9.03.1840--15.04.1900)
“Яснавяльможнай пані, напэўна, вядома, што яе высакароднаму сыну я абавязаны ўсёй сваёй будучыняй; мабыць і да сянняшняга дня я абіваў бы без усякай карысці віленскі брук, калі б не ягоная шляхетная дапамога...” З ліста Ф. Багушэвіча да А. Карловіч ад 26 жніўня 1865 г., Нежын
Лукішкі. Пляц. Натоўп маўчыць, чакае. Пятля чарнее, як змяя, якая З усходу прыпаўзла да нашай волі, Каб мы не зналі лепшай светлай долі. І ты ў натоўпе, быццам сэрца ў целе Паўстанца, што яшчэ жывы, але Надзею на змаганне ўжо ледзь цепле. Жыццё, як снег на веснавым святле, Знікае і слязой цячэ па твары І ўжо Кастусь, нібы ў звана язык, Вісіць пад небам, дзе дымяцца хмары, І ты ў натоўпе, як у горле крык, Стаіш, не знаючы як жыць у Вільні Цяпер, калі натоўп маўчыць, чакае, Калі пятля, нібы змяя жывая, І Вільня ўся, нібыта склеп магільны, З якога хочацца ўцячы, каб жыць, Каб потым скрыпка з дудкай на крыжы Заплакалі аб лепшай светлай долі... Нічога ўжо не зменіцца ніколі І ты па бруку віленскім брыдзеш, Нібыта крыж у Беларусь нясеш...
|