БАЛАДА УСЕВАЛАДА ІГНАТОЎСКАГА (19.04.1881—4.02.1931)
Халодны пісталет, як чорны лёд, І час такі ж, як чорны пісталет. Ты ведаеш: харошы ў нас народ, Ён-- працаўнік, змагар, і ён-- паэт, І любіць ён не менш, чым ты, зямлю, Якую Бог нам даў, каб кожны мог Па-беларуску ёй казаць люблю, Але чамусьці не ў пашане Бог І мова, і ты вораг для людзей, Што ведаюць, якой павінна быць Твая Айчына, што табе мілей За ўсё. І як тут беларусу жыць У часе, што, як чорны пісталет, Які з шуфляды дастаеш, як лёд, Які не растае, нібыта след, Што ў небе па-над Мінскам самалёт Пакінуў і за небакраем знік… І вецер па-над горадам, як крык, На момант узляцеў і ў снег упаў, І пісталет у цемры не растаў, А цемрай стаў…
|