БАЛАДА ЯКУБА КОЛАСА (3.11.1882—13.08.1956)
...Іду ізноў на пляц Якуба Коласа Да постаці паэтавай, да голаса, Які мне чуецца ў бярозавым лісці. Да Коласа, як да Айчыны, мне ісці І ведаць, што не ўсе шчэ мары ажылі Пад родным небам на пакутнае зямлі, Дзе нам з табою выпаў не найлепшы лёс.
Стаю, нібыта ў Храме, у святле бяроз І слухаю-- Сымон-музыка грае нам Пра Шлях, якім ісці, а мы ідзём да крам І ўжо не думаем пра нашае жыццё. Шуміць, як полымя нябеснае, лісцё, І голас Коласа, нібыта крыж, над ім І бачыцца, і чуецца, але-- не ўсім: “Мой родны кут, як ты мне мілы, Забыць цябе не маю сілы...”
...Ідзеш і ты на пляц Якуба Коласа Да постаці паэтавай, да голаса, Які шчэ чуецца ў бярозавым лісці...
Да Коласа, як да Айчыны, нам ісці!
|