«ПАКУТНІКІ БЕЛАРУСІ»

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 118 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

83.8%UNITED STATES UNITED STATES
7.1%BELARUS BELARUS
2%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
1.7%GERMANY GERMANY
0.9%KUWAIT KUWAIT
0.5%POLAND POLAND
0.4%AUSTRALIA AUSTRALIA

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
«ПАКУТНІКІ БЕЛАРУСІ»

Не так даўно прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку акадэмік Радзім Гарэцкі, гісторык Ігар Кузняцоў, пісьменнік Васіль Якавенка звярнуліся да беларускай грамадскасці з прапановай лічыць 2007 год Годам Памяці ахвяраў рэпрэсій супраць Беларускага народу.

Гэтая ініцыятыва была адрасавана палітычным партыям, грамадскім суполкам і арганізацыям, дзяржаўным структурам і ворганам нашай краіны. А таксама Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь.

Наш народ на сваім вопыце ведае што такое сталінскія рэпрэсіі: па розных ацэнках страты Беларускага народу складаюць ад сотняў тысяч да мільёнаў беларусаў. Гэта не проста лічбы, гэта жахлівае сведчанне нялюдскасці рэпрэсіўнага апарату, які быў створаны ў краіне. Успомнім лёс сотняў і тысяч "раскулачаных" беларускіх сялян - дбайных, а таму і заможных гаспадароў. Гэта іх вопыту і ўмення сёння не хапае для пад'ёму сельскай гаспадаркі, якая задыхаецца без гаспадара. Такі ж жорсткі лёс чакаў і маладую беларускую інтэлігенцыю. Расстраляныя па ілжывых даносах і сфабрыкаваных справах сотні навукоўцаў, пісьменнікаў, мастакоў былі гонарам і залатым фондам нашай нацыі! Цяжка ўявіць, які б тытанічны ўнёсак у нацыянальную навуку і культуру яны маглі б зрабіць. Маглі б…

Але рэпрэсіі Беларускага народу не абмяжоўваюцца толькі сталінскай эпохай. Бальшавізм і сталінізм - гэта ідэалагічны і фізічны працяг палітыкі этнацыда, які праводзіўся царска-імперскімі ўладамі Расіі ў адносінах да народаў былых ускраінаў імперыі. У гэтым сэнсе сталінскія рэпрэсіі - квінтэсенцыя ўсяго рэпрэсіўнага вопыту Расіі, як да свайго народу, так і ад іншых. Як, між іншым, і Чарнобыльская трагедыя.

Цяперака ў асяродку расейскамоўнай ліберальнай апазіцыі стала модна аналізаваць шлях Беларускага народа да Незалежнасці. І часцяком свае высновы там будуюць на падставе ўласнай недасведчанасці: маўляў, незалежнасць звалілася на галаву беларусаў нечакана. За яе ніхто і не змагаўся і ніхто не жадаў. Нават некаторыя з тых палітыкаў, хто ўжо сам стаў ахвярай сённяшніх рэпрэсій, мімаходзь кідаюць: "Стоит ли нам цепляться за ту шелуху, из которой вышло наше государство…"

Але мільёны ценяў нашых пакутных суайчыннікаў, якія стаяць за нашымі спінамі, нам даводзяць - нам трэба памятаць, "чапляцца за шалупінне", каб не паўтарыўся крывавы жах этнацыду Беларускага народу, пад якой бы маскай (Расейская імперыя, СССР ці Союзное государство) не хавалася ягоная здань.

Клуб "Спадчына" распачынае свой інтэрнэт-праект па ўшанаванні памяці тых выдатных беларусаў, якія бралі ўдзел у вызвольных паўстаннях XVIII-XIX стагоддзяў, у гераічным Слуцкім збройным чыне, абвяшчалі Беларускую Народную Рэспубліку, без якой не ажыццявілася б ідэя Беларускай Дзяржавы. Таксама сябры клуба "Спадчына" ўшануюць памяць тых прадстаўнікоў навуковай і творчай інтэлігенцыі, якія сталі ахвярамі бальшавіцка-нкусаўскіх і сталінска-энкавэдысцкіх рэпрэсій. Для гэтага ў клуба ёсць патэнцыял: сотні жывапісных палотнаў, партрэтаў і медалёў з выявамі слаўных дзеячаў Беларускага Адраджэння, урадоўцаў БНР, беларускіх патрыётаў, якія коштам свайго жыцця адстойвалі Беларускую ідэю у часы Другой сусветнай вайны, лепшых сыноў Беларусі, якія ва ўмовах сённяшняга антыбеларускага рэжыму нясуць паходню беларускасці насуперак міліцэйскім дубінкам і несправядлівым судам…

Іх хацелі ператварыць у лагерны пыл. Імёны іх былі пад забаронай. Творы, кнігі вынішчаліся. Учынкі і дзеянні іх выкрэслівалі з гісторыі і памяці народа. Ім прыклейваліся жахлівыя ярлыкі -- "ворагі народа". Нават самая блізкая радня павінна была адрачыся ад іх. Здавалася, пройдзе яшчэ нейкі час і адбудзецца поўная ідэалагічная перамога сталінізму і бальшавізму. Але адбываецца тое, што нават у самым страшным сне не маглі бачыць сталінска-энкавэдыскія паслугачы: ахвяры іх рэпрэсій вяртаюцца да свайго шматпакутнага і гераічнага народа. Іх светлыя вобразы паўстаюць у навуковых і літаратурных творах, на жывапісных палотнах і графічных аркушах, у медалях і скульптурных помніках.

Гэта тая святая і здаровая рэакцыя ўсёй творчай інтэлігенцыі нашага народа на ўсё тое бесчалавечнае, якое тварылі сталінскія апрычнікі над народам, над лепшымі і самымі таленавітымі яго прадстаўнікамі. Захаванне гэтых светлых вобразаў вялікіх пакутнікаў Беларусі сябры клуба "Спадчына" лічаць самым дастойным праектам і нашым унёскам у шанаванне памяці выдатных дзеячаў Беларускага культурнага і духоўнага Адраджэння. Да таго ж, гэта адказ тым сілам, якія не хацелі б, каб грамадзяне краіны ведалі пра трагічны лёс лепшых сыноў Беларусі, усімі сіламі кампраметуюць іх дзейнасць, робяць крокі па дэгераізацыі беларускай гісторыі. Мы павінны памятаць кожнага з тых пакутнікаў, каб парваць ланцуг этнацыду супраць Беларусаў і Беларусі.

Ад імя сяброў культурна-асветнага клуба "Спадчына".