БАЛАДА УЛАДЗІМІРА ЖЫЛКІ (27.05.1900—1.03.1933)
“Не плач, не плач па сыну, маці…”— Твой першы верш і ўздых апошні. Ёсць Беларусь, а значыць шчасце Таксама ёсць хоць і не кожны Іх адчувае ў часе гэтым, Дзе небяспечна быць паэтам, Тым больш паэтам Беларусі, Якога здрадзіць не прымусіць Ніхто, калі паэт ад Бога… Зноў прад табой, як смерць, дарога І родны край усё далей, І чым далей, тым ён мілей. І сняцца Вільня, Менск і Прага, І не сціхае ветру звяга І ў снег, і ў дождж, і ў сухавей. І ты вярнуцца спадзяешся, І ў думках над сабой смяешся Так, як паэт смяяцца можа. А на чужыне ўсё прыгожа І нат свая на снезе кроў. Сваёй паэзіяй дамоў Ты вернешся, але не скора, Бо снег навокал, нібы мора, Дзе ўсё патоне і загіне… І будзеш ты ў сваёй краіне Казаць: “Не плач па сыну маці. Ёсць Беларусь і гэта—шчасце!”
|