БАЛАДА ПАЎЛЮКА ШУКАЙЛЫ (31.12.1904--14.04.1939) На Беларусі вада з крыві, палеткі з курганоў і крыжоў. Паўлюк Шукайла
Ні надзейных сяброў, ні гасціннае хаты У цябе больш у роднай краіне няма. Ты адзін, як сабака, што ў поле прагнаты, Дзе на гурбах счарнелых царуе зіма. І глядзіш ты на свет не вачмі, а слязамі І не можаш ніяк ты цяпер зразумець, Што зрабілася гэта сягоння з людзямі І чаму паўкраіны сядзіць у турме. А было ж у бабровай баярскае шапцы І з гадзіннікам, нібы агонь, залатым Ты хадзіў і зайздросцілі ўсе падшыванцы І лавілі мядовы паэзіі дым, У якім ты сам жыў, як матыль жыве ў кветцы, Што ляжыць на магільнай халоднай пліце… Снег вадой са страхі, нібы волава, льецца, Ледзяшом красавіцкім спакойна расце І становіцца куляй, што трапіць у сэрца, Каб ты больш не хаваўся, каб болей не жыў На зямлі, дзе вада з чалавечай крыві, А палеткі наўкол-- курганы і крыжы…
|