БАЛАДЫ БЕЛАРУСКАГА ШЛЯХУ
|
БАЛАДА МІХАСЯ БАГУНА (9.11.1908—17.02.1938)
…Ты прыпомніў дарогі Айчыны І не ўспомніў дарогі другой, Ля якой бы бярозы й рабіны Так цвілі невыказнай журбой. Можа зналі яны, што дадому Ты ніколі не вернешся ўжо І не скажаш “кахаю” нікому І “абрыдла” для жніўных дажджоў Ты не скажаш, бо тут у Сібіры Беларускасць тваю і цябе Сцерагуць, як агонь, канваіры І смяюцца тут з тых хто ў журбе Па дарогах далёкай Айчыны, Для якой ты сябе аддаваў, Каб шумелі бярозы й рабіны Весялей, каб не лезла трава На забытыя людствам магілы І каб роднае слова жыло, І бусловы бялюткія крылы Нам прыносілі ў весну цяпло… У снягах патанае чужына, Разрываецца сэрца ў грудзях, І крывёю на снезе рабіна Чырванее, знікае ў снягах. Ды не знікне ніколі Айчына Ні ў сібірскіх снягах, ні ў вяках…
|