БАЛАДЫ БЕЛАРУСКАГА ШЛЯХУ
|
БАЛАДА ЛУКАША КАЛЮГІ (27.09.1909--5.10.1937)
Маладыя гады… Залатыя гады… Але час не святы. Арыштанства, суды. І ты вораг народа, і гэты народ Прад табою цяпер, як з калючкамі дрот. І навокал, як вечнасць, чужая зіма, І дарогі да сонца і сонца няма, Бо яго расстралялі-- свяціла яно. І цяпер каля вогнішча жлукцяць віно Звар’яцелыя каты, якім гэты свет, Нібы беглага зэка заснежаны след. І адсюль не ўцячы, бо краіна-- турма, Але думак пра волю турме не ўтрымаць. І ты ў думках бяжыш праз завеі дамоў І не можаш дабегчы дадому ізноў, Бо крычыць вартавы і страляе ў спіну… Прачынаешся ты і не можаш заснуць, Бо і ты пачынаеш ужо разумець, Што ў няволі жыццё-- не жыццё і не смерць, І твае залатыя не прыйдуць гады, Як цвісці аніколі не будуць сады, Дзе пустыня спрадвеку і дзе халады…
|