БАЛАДЫ БЕЛАРУСКАГА ШЛЯХУ
|
БАЛАДА ЯЗЭПА ЮХО (19.03.1921—29.07.2004)
Ты знайшоў залатую жылу— Гэта наш беларускі шлях, На якім у траве магілы І вуголле ў крыві й слязах.
Значыць тут мы жылі спрадвеку, Значыць тут нам і далей жыць І цячы ў акіяны рэкам, Нашым рэкам не знаць мяжы.
І Еўропа ні недзе ў далі, А яна ёсць і будзе тут. Мы стагоддзі яе шукалі Ледзь не трацячы родны кут.
І мінулася ўсё, не зніклі Нашы мова, палацы, кроў. “Адкажы каго любіш?!”—крыкні І пачуеш нязменна зноў:
“Я люблю Беларусь!” І ў сэрцах Словам гэтым заўсёды жыць, Бо аб іх, як аб сцены, б’ецца І вятрыска, і меч чужы.
І табе болей тут не трэба Анічога, чым родны край, Над якім залатое неба, Дзе шлях Млечны, як шлях у рай.
Ты аддаў залатую жылу Беларусам, што будуць жыць У краіне, дзе ў кветках магілы І стаяць на магілах крыжы…
|