БАЛАДА АЛЕСЯ АСТАШОНКА (1.06.1954—6.09.2004)
Учора—бяздоннае мора, Куды адплываем штохвілі. І нельга вярнуцца з Учора, Калі човен твой разбурылі, Спалілі ў самотнай далечы. Твой попел прынеслі дамоў, Нібыта сказалі, што вечны Адзін толькі попел. Любоў— Віно, і яно ў час вясёлы І п’ецца і льецца ракой, І круцяцца жорны і колы, Ды словы, як лісце зімой, Звіняць на вятры адзінока Пад небам, нібыта пад шклом, Дзе месяц, як д’яблава вока, Гарыць спакушальным агнём Вярнуцца хоць попелам стылым, Хоць снегам, што ў ноч на дамы Зляціць з-пад аблок белакрыла, Каб раптам успомнілі мы, Што Ўчора—бяздоннае мора, Куды адплываем штохвілі, І нельга вярнуць нам з Учора Нічога, што ўчора любілі.
|