Партрэты Скарыны

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 597 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

48.8%UNITED STATES UNITED STATES
25.6%CHINA CHINA
5.4%SERBIA AND MONTENEGRO SERBIA AND MONTENEGRO
5.1%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
4%NEW ZEALAND NEW ZEALAND
2.8%CANADA CANADA
2.6%GERMANY GERMANY

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
Партрэты Скарыны

 

Мастацкая спадчына Скарыны — гэта найвышэйшыя дасягненні графічнага мастацтва не толькі старабеларускага, але наогул славянскага друку. Скарына як мастак знаходзіцца ў адным шэрагу з выдатнейшымі італьянскімі і нямецкімі графікамі эпохі Адраджэння, такімі, як Тыцыян Вечэліа, Альбрэхт Дзюрэр, Ганс Гальбейн малодшы, Лука Кранах. Ён заклаў асновы нашай станкавай і кніжнай графікі. Але вышэйшым дасягненнем, дакладней — увасабленнем яго мастацкай творчасці з'яўляецца аўтапартрэт.

Ужо першыя даследчыкі графікі скарынаўскіх выданняў звярнулі ўвагу на высокія мастацкія якасці партрэта Скарыны. «Асабліва добры партрэт доктара Скарыны, які сядзіць за сталом, у сваім кабінеце»[1]. «Лепшая гравюра тут (графіка Скарыны. — А. Б.), — пісаў У. В. Стасаў, — партрэт самаго доктара Скарыны, які раўняецца найлепшым нямецкім гравёрам таго часу па характару малюнка, сіле і каларытнасці гравюры»[2].

Выдатны даследчык і энцыклапедычны знаўца рускай гравюры Д. А. Равінскі лічыў, што партрэт Скарыны, прыкладзены да кнігі «Ісус Сірахаў» і вядомы на той час у 2-х экземплярах, надрукаваны першадрукаром 6 снежня 1517 года ў Празе.

З пачатку XIX стагоддзя з'яўляецца копія партрэта Скарыны, што спрыяла як пашырэнню ведаў, так і папулярызацыі асветніка. Але гэта ўносіла і да сённяшняга дня ўносіць некаторую блытаніну ў вывучэнне графічнай і іконаграфічнай спадчыны Скарыны.

У свой час М. Шчакаціхін нагадаў, што партрэт Скарыны існуе ў двух варыянтах, першы знаходзіцца ў канцы «Ісуса Сірахава», другі змешчаны ў «Кнізе Быцця...» 1519 года адразу за загалоўным аркушам3. Памеры першага варыянта 105х161 мм, другога — 104х158 мм. Як у кампазіцыйных адносінах, так і ў дэталях абодва варыянты амаль што тоесныя, за выключэннем толькі формы герба-сонца і месяца, часткова змененых у другім варыянце. Але з тэхнічнага боку паміж імі існуе істотная розніца. Партрэт другога варыянта з'яўляецца лепшым, ён характарызуецца высокай выразнасцю малюнка і яснасцю ліній, пракладзеных умелым разцом і, бясспрэчна, з'яўляецца вытворам надзвычайна добрага гравёра4. М. Шчакаціхін справядліва лічыць, што першы варыянт слабейшы ў дэталях і менш выразны. Але ўсё ж і ён робіць такое добрае ўражанне, што Стасаў, нават не карыстаючыся другім варыянтам, знаёмы толькі з першым, даў яму самую высокую ацэнку, якую мы прыводзілі на самым пачатку артыкула.

М. Шчакаціхін указвае, што другі варыянт партрэта Скарыны на працягу доўгага часу (з першай чвэрці XIX да першай чвэрці XX стагоддзя) заставаўся зусім невядомым. I толькі аднойчы з яго, як відаць, была зроблена рэпрадукцыя, змешчаная ў «Крестном Календаре на 1873 год»5.

I вось у 1958 годзе новая знаходка партрэта Скарыны. З нагоды 375-годдзя з дня смерці Івана Фёдарава ў Маскве была арганізавана выстаўка кніг кірылаўскага друку. Даследчыца А. С. Зярнова звярнула ўвагу, што ў канцы 4-й «Кнігі Царстваў» на апошнім лісце з колонлічбай 242 змешчаны партрэт Скарыны6. Адначасова з гэтай знаходкай у Лондане таксама ў 4-й «Кнізе Царстваў» быў выяўлены ідэнтычны партрэт Скарыны. На сённяшні дзень ужо вядома тры экземпляры чацвёртай «Кнігі Царстваў», дзе змешчаны на лісце з калонлічбай 242 партрэт Скарыны, які ў адрозненне ад партрэта ў кнізе «Ісус Сірахаў» найбольш блізкі да партрэта, змешчанага ў «Кнізе Быцця», апісанага і ўведзенага ў мастацтвазнаўчы набытак М. Шчакаціхіным.

А цяпер падсумуем, колькі партрэтаў Скарыны вядома даследчыкам на сённяшні дзень. Па-першае, не ўсе крыніцы даюць поўны і задавальняючы адказ. Па-друтое, сустракаюцца супярэчнасці і недакладнасці, і таму наша задача — разгледзець гэтае пытанне найбольш падрабязна, улічыць усе вядомыя партрэты Скарыны з указаннем крыніц.

Так, напрыклад, у кнізе «Францыск Скарына. Прадмовы і пасляслоўі» (Мн., 1969) указана на існаванне партрэтаў Скарыны ў трох выданнях: «Ісусе Сірахаве», «Кнізе Царстваў» і «Кнізе Быцця»; у томе «Кніга Беларусі. Зводны каталог» (Мн., 1986) указана на існаванне партрэтаў у двух кнігах: у «Ісусе Сірахаве» і «Кнізе Царстваў»; у працы Я. Л. Неміроўскага «Начало книгопечатания в Белоруссии и Литве. Жизнь и деятельность Франциска Скорины» (М., 1978) указана на існаванне партрэтаў у трох раней названых кнігах. Акрамя гэтага, у сваіх даследаваннях В. Шматаў нагадвае, што ў «Кнізе Быцця», якая знаходзіцца ў Дзяржаўнай публічнай бібліятэцы імя М. Я. Салтыкова-Шчадрына (Ленінград) на асобным, не знітаваным аркушы знаходзіцца даволі цьмяны партрэт Скарыны. Але, на жаль, гэтая гравюра ўжо згублена.

У 1962 годзе А. Анушкін паведаміў, што партрэт Скарыны знаходзіцца перад кнігамі «Плач Яромы» і «Юдзіф»7, але, на вялікі жаль, аўтар не адзначыў, ці яны толькі паўторныя адбіткі вядомых ужо варыянтаў, ці гэта новыя варыянты. Не былі ўказаны экземпляры кніг і бібліятэкі, у якіх яны захоўваюцца. I вось нядаўна выйшаў з друку «Зводны каталог і апісанне выданняў Ф. Скарыны», складзены Я. Л. Неміроўскім. Тут найбольш поўна сістэматызаваны звесткі аб выданнях Скарыны, улічаны гравюры і аздобы ягоных кніг, а таксама змешчаны і партрэты асветніка.

На сённяшні дзень з дваццаці чатырох улічаных Неміроўскім кніг «Ісуса Сірахава» партрэт Скарыны змешчаны ў пяці кнігах: у бібліятэцы Акадэміі навук (БАН, Ленінград) у экземпляры 37.1.17, 994 сп; у Дзяржаўнай публічнай бібліятэцы (ДПБ, Ленінград) у экземпляры 1.5.4а/3; у Дзяржаўным гістарычным музеі (ДГМ, Масква); у Нацыянальным Пражскім музеі ў экземпляры НМ.64В7; у бібліятэцы Пскоўскай духоўнай семінарыі ў экземпляры № А 1/11, месцазнаходжанне якога пакуль невядома.

З сарака трох улічаных «Кніг Царстваў» пададзены звесткі аб трох партрэтах Скарыны: у ДПБ, экземпляр 1.5.4 а/2; у ДБЛ, экэемпляр № 5165; у Брытанскай бібліятэцы ў Лондане, экземпляр С.36F4. Акрамя гэтага, у Львоўскім музеі ўкраінскага мастацтва ў экземпляры Q415 № 070 509 паміж 4 і 5 лістамі ўклеены партрэт Скарыны, гравіраваны на медзі А. Фраловым, а таксама ў экземпляры Q415 № 070 510 таго ж музея на першым уклееным лісце змешчана цынкаграфічная копія партрэта Скарыны.

Няма ніякіх звестак аб партрэтах Скарыны, змешчаных у кнігах «Плач Яромы» і «Юдзіф», аб якіх напамінаў А. Анушкін, а таксама няма звестак і аб партрэце, што знаходзіўся асобна ў «Кнізе Быцця» (ДПБ Ленінград), аб чым паведамляў В. Шматаў. Партрэт гэты канчаткова знік з поля зроку даследчыкаў. Пры афармленні «Ісуса Сірахава» Скарына абазначаў у левым верхнім рагу нумарацыю лістоў кірылаўскімі лічбамі. Хоць на партрэце Скарыны, змешчаным у гэтай кнізе, фаліяцыі няма, ва ўсіх вядомых нам кнігах, дзе захаваўся апошні 82-гі аркуш кнігі, ёсць партрэт. Усё гэта пацвярджае, што аркуш з партрэтам Скарыны ў гэтай кнізе невыпадковы. Ён цэласна ўключаецца ў структуру выдання, і таму партрэт павінен быць у кожным экземпляры «Ісуса Сірахава».

Другі варыянт партрэта Скарыны змешчаны на апошнім нумараваным лісце «Кнігі Царстваў» і пазначаны кірылаўскімі лічбамі СМВ, што адпавядае лічбе 242 (па-арабску). Афармляючы гэтую кнігу, Скарына заўсёды даваў яе назву над тэкстам зверху праз дзве старонкі. Напрыклад, два першыя словы «КНИГИ ЧАЦВЕРТАЙ» ён змяшчае зверху і пасярэдзіне левага боку развароту, а слова «ЦАРСТВЪ» дае зверху і пасярэдзіне правага боку разварота. Гэта найбольш яскрава сведчыць, што ліст з партрэтам тут не выпадковы; ён цэласна ўпісваецца ў кнігу і завяршае яе структуру. Названыя фотаздымкі ёсць у аўтара гэтых радкоў і зроблены яны з партрэта, што знаходзіцца ў Бібліятэцы Брытанскага музея ў Лондане і ў ДБЛ, № 5165 (Масква). Што тычыцца трэцяга варыянта партрэта Скарыны, аб якім нагадваюць такія даследчыкі, як М. Шчакаціхін, М. Прашковіч, Л. Баразна, Сымон Брага (ЗША), і інш., то трэба прызнаць, што гэта даволі ўдалая копія. Яна і па сёння заводзіць у зман многіх даследчыкаў. Сам партрэт не ўпісваецца ў структуру кнігі. Ён змешчаны паміж 1 і 2 аркушамі «Кнігі Быцця» (ДПБ. 1.5.4а/1, Ленінград). Першы сшытак кнігі налічвае 8 аркушаў, а з партрэтам атрымліваецца 9, што сведчыць аб пазнейшай штучнай яго ўклейцы. Я. Л. Неміроўскі яшчэ ў 1979 годзе ў кнізе «Начало книгопечатания в Белоруссии и Литве. Жизнь и деятельность Франциска Скорины» ўказаў, што гэты партрэт, выкананы літаграфскім спосабам, а гэта значыць, што ён не мог быць зроблены ў XVI стагоддзі. Затым у 1988 годзе ў складзеным ім зводным каталозе выданняў Ф. Скарыны даследчык адзначаў, што гэты партрэт «факсімільна ўзноўлены ад рукі пяром на паперы вержэ XIX стагоддзя».

Памылка, якая цягнулася з 1873 года, калі гэтая копія была ўпершыню рэпрадуктавана ў «Крестном Календаре...», у наш час умацавалася дзякуючы аўтарытэту М. Шчакаціхіна. Апошні лічыў гэты партрэт за арыгінал. Дарэчы, лічыў лепшым, чым з «Ісуса Сірахава». I нават у сваёй працы «Гравюры і аздобы ў выданнях Скарыны» даў рэпрадукцыю гэтай копіі.

Такім чынам, на сённяшні дзень у 8 кнігах змешчаны партрэты Ска-рыны. Неабходна адзначыць, што не ўсе даследчыкі мастацкай спадчыны Скарыны маюць магчымасць азнаёміцца з усімі іконаграфічнымі матэрыяламі і гэта стварае не толькі вялікія цяжкасці ў даследаванні, але міжволі ў публікацыях многіх аўтараў з'яўляюцца недакладнасці.

На першых Скарынаўскіх чытаннях, якія праходзілі ў Мінску 30—31 кастррычніка 1986 года, мастацтвазнаўца В. Шматаў зрабіў паведамленне, што ў альбоме Л. Баразны змешчаны не партрэт Скарыны з кнігі «Ісус Сірахаў», а толькі... копія8. Зроблена яна з медзі ўсё тым жа Аляксандрам Аляксандравічам Фраловым, мастаком, які ў свой час прэтэндаваў нават на званне акадэміка мастацтваў. Хаця копія даволі дасканалая, але ўсё ж такі вельмі далёкая ад арыгінала, ад той пластыкі, якая ўвасоблена ў другіх партрэтах. I гэта пры скрупулёзным следаванні арыгіналу, пры вялікім жаданні як мага больш наблізіцца да яго. Але тут адчуваецца другая рука, іншая пластычная і духоўная напоўненасць выявы. I па якасці копія вельмі прыкметна ўступае арыгіналу. А пры ўважлівым разглядзе ніжняга левага вугла гравюры пад павелічальным шклом мы зноў жа знаходзім манаграму. Трапіла ў гэты ж альбом і копія з «Кнігі Быцця», так што адзіны сапраўдны партрэт Скарыны, узяты з кнігі, якая знаходзіцца ў ДБЛ (Масква), даволі няякасны, цьмяны, некаторыя часткі яго вырваны.

I яшчэ аб адной недакладнасці, якая ўзнікла ў наш час з-за няведання гісторыі партрэтаў Скарыны. Так, У. А. Калеснік у артыкуле «Ключы да партрэта» піша: «Даследаванні, праведзеныя нядаўна В. Ф. Шматавым з прымяненнем сучасных тэхнічных сродкаў аналізу, паказалі, што абедзве выявы партрэта Скарыны адціснуты з адной дошкі. Адсутнасць на другім па часе адбітку пчалы і манаграмы «М» і «З» цяжка вытлумачыць. В. Ф. Шматаў мяркуе, што мастак, аўтар партрэта, апратэставаў змяшчэнне на яго творы манаграмы гравёра і прымусіў зрэзаць яе. А чаму была зрэзана пчала — невядома. Напэўна, не для сіметрыі і раўнамернай запоўненасці абодвух рагоў выявы. Пашкоджаннем дошкі таксама тлумачыць не хочацца, бо гэта надта лёгкая прычына»1. Я яшчэ раз хачу напомніць чытачам, што гэтая памылка магла паявіцца толькі на аснове няведання іканаграфічнага скарынаўскага матэрыялу. Але дзеля якой важнасці трэба было спасылацца на выкарыстанне сучасных тэхнічных сродкаў аналізу? Дзеля таго, каб усе маглі паверыць?

Простае параўнанне штрыхоўкі і асобных дэталяў гравюр, узятых з кніг «Ісус Сірахаў» і «Царстваў» (Брытанскі музей), сведчыць, што мы маем справу з рознымі гравюрамі, даволі блізкімі як па мастацкіх якасцях, так і дэталях, але ж не тоеснымі. З мастакоўскага пункту гледжання, партрэт з «Кнігі Царстваў» не горшы за першы варыянт. Розняцца яны не толькі адсутнасцю манаграмы ў ніжнім левым і пчалы ў правым ніжнім куце, але рознай трактоўкай берэтаў, падушкі каля правай нагі, герба на абрусе. Розняцца і асобныя дэталі штрыхоўкі твару, адзення. Гравюры адрозніваюцца яшчэ і сваімі памерамі. Памеры гравюр з «Ісуса Сірахава» 105х161, а з «Кнігі Царстваў» 106х160. Такая непрапарцыянальная розніца ў вышыні і шырыні сведчыць не аб дэфармацыі паперы пры друкаванні, а аб розных памерах клішэ, з якіх рабіліся такія, падобныя па кампазіцыі і па трактоўцы вобраза і мастацкай якасці, графічныя партрэты Скарыны.

Чаму спатрэбілася рабіць другі партрэт Скарыны, мы дакладна не ведаем і наўрад ці даведаемся. Але тое тлумачэнне, якое дае В. Шматаў наконт апратэставання Скарынай гравёра і знішчэння манаграмы, даволі негрунтоўнае. Так як не зразалася манаграма і пчала, а рабілася новая гравюра без манаграмы і пчалы, дык чаму ж не змяніўся ўверсе год у публікацыі “афзі” — 1517. «Кніга Царстваў» была надрукавана 10 жніўня 1518 года — праз 7 месяцаў і 5 дзён пасля выхаду «Ісуса Сірахава», а паміж імі выйшлі ў свет «Эклезіаст», «Песня песняў», «Прамудрасць божая». Калі мы адкінем усе штучныя разумовыя пабудовы і паглядзім, якія гравюры паміж гэтымі двума партрэтамі Скарыны былі надрукаваны, то ўбачым, што як у «Песні песняў» у вобразе царквы-нявесты, так і ў «Прамудрасці божай» у вобразе маладога вучонага перад намі паўстае вобраз самога Скарыны.

Яшчэ ў свой час П. У. Уладзіміраў звярнуў увагу на аўтапартрэтнасць выявы Скарыны ў гравюры «Прамудрасць божая», а Л. Баразна адзначаў партрэтнае падабенства першадрукара, як у гэтай гравюры, так і ў гравюры «Хрыстос і Нявеста» з кнігі «Песня песняў». Мы цалкам падзяляем гэтыя слушныя думкі двух даследчыкаў і павінны прызнаць, што на працягу азначанага намі часу Скарына імкнецца распрацаваць свой вобраз у графіцы. I калі яго, па нейкіх прычынах, не задавальняе першы варыянт партрэта, ён робіць другі. А ці лепшы ён па мастацкіх якасцях за першы? З усёй перакананасцю можна сцвярджаць, што не горшы, тым больш, што права ацэнкі якасці заўсёды застаецца за аўтарам, за яго асабістым бачаннем і ўспрыняццем вобраза. Чаму тады другі варыянт з'яўляецца даволі дакладным паўторам першага? Па-першае, у практыцы мастацтва ёсць такія выпадкі. А па-другое, трэба ўлічваць, што за прамежак часу, які мы разглядаем, Скарына надрукаваў 4 кнігі, дзе змясціў 15 гравюр з 15 форм, 13 арнаментаў з 10 форм і 161 ініцыял з 104 форм. Так што на кампазіцыйную перабудову твора не заставалася часу, ды, на нашу думку, і не было ніякай патрэбы.

Напрыклад, па нейкіх прычынах Скарына змяняе гравюру «Взор риз жреческих, еже быша на Аароне» ў кнізе «Ісход» на гравюру «Сей есть Аарон архаерай найвысший...»

Прычым як кампазіцыйная пабудова, так і змест гравюры застаюцца тымі ж. Мяняецца толькі штрыхоўка і нейкія нязначныя дэталі адзення. Але так, што мастацкая якасць другога варыянта значна паляпшаецца.

Скарына прад'яўляў высокія запатрабаванні як да перакладу Бібліі, так і да яе мастацкага аздаблення.

Адной з самых цікавых загадак партрэта Скарыны — пытанне аб яго аўтары, якое, аднак, вырашаецца нялёгка. На партрэце змешчана манаграма. Першым яе прачытаў Д. Равінскі як «МЗ», і тут жа тлумачыць яе як Мартын Цагель — майстар, які выконваў гравюру, ці рэзаў яе.

У. В. Стасаў быў не такім катэгарычным і, як помнім, лічыў, што гэтая гравюра раўняецца найлепшым нямецкім гравюрам таго часу, але азначэнне гэтай манаграмы лічыў загадкаю. Напэўна, яна мае прамыя адносіны да асобы Скарыны, альбо стваральніка малюнкаў.

Але паўстае пытанне, чаму гэтая манаграма не сустракаецца на другіх гравюрах скарынаўскіх выданняў і чаму яна невядомая даследчыкам еўрапейскага мастацтва і не сустракаецца на тагачасных гравюрах. Як слушна даказаў Мікола Шчакаціхін, імёны, адзначаныя Равінскім, узяты, як відаць, чыста выпадкова, грунтуюцца толькі на далёкім падабенстве ініцыялаў. Па версіі М. Шчакаціхіна можна дапусціць, што манаграма належыць чэшскаму майстру-гравёру, гэта не супярэчыць «нямецкай» дакладнасці і дасканаласці тэхнікі ў партрэце Скарыны, якая была заўважана Стасавым. М. Шчакаціхін лічыў, што чэшская гравюра павінна была знаходзіцца ў пэўнай залежнасці ад нямецкага гравёрнага мастацтва і гэтая залежнасць больш тэхнічная, чым стылістычная.

Некаторыя сучасныя даследчыкі не пайшлі далей гэтых меркаванняў. I таму не вёўся пошук іншых доказаў, а агульныя дасягненні Скарынініяны не толькі не браліся на ўлік, але нават лічыліся не вартымі ўвагі сур'ёзнага мастацтвазнаўства. Так, напрыклад, В. Шматаў пісаў: «Партрэт Ф. Скарыны падпісаны ўнізе манаграмай «МЗ», якая належыць гравёру. Да таго ж у XV—XVI стагоддзях у Еўропе існаваў падзел на малявальшчыка, які ствараў кампазіцыю, і гравёра, які рэалізаваў яе ў матэрыяле... Не выключана, што малявальшчыкам партрэта з'яўляецца сам Скарына...»9. Чытач сам можа пераканацца, што далей разважанняў У. С. Стасава В. Шматаў не робіць ні аднаго кроку наперад, нават не стараецда прывесці ні аднаго доказу, і піша аб гэтым як аб справе даўно вырашанай.

У. А. Калеснік наогул не прызнае за Скарынай ніякага аўтарства ў мастацтве графікі. Але няхай чытач прачытае яго выказванні і пераканаецца: «Гэта — тыповы твор (партрэт Скарыны. — А. Б.) рэнесансавага мастацтва. Задумай, кампазіцыяй і зместам ён вырзна пераклікаецца з раннерэнесансавымі партрэтамі святога Іераніма…

Аўтар партрэта Скарыны пайшоў за рэнесансаванай хваляй, намаляваўшы яго ў кабінеце, сярод кніг, за работай»10.

Чаму гэта тыповы твор і чаму ён пераклікаецца толькі з партрэтамі святога Іераніма? Можа, таму, што аўтар не ведае некаторых тагачасных партрэтаў, дзе такую штучную пераклічку можна прасачыць больш дэталёва. Ну як, напрыклад, з творам італьянскага мастака Вітторэ Карначчо “Бачанне Св. Аўгусціна” (каля 1502, дзе нават мы бачым армілярную сферу11, якая размешчана ў тым самым месцы, што і на партрэце Скарыны. Нельга пагадзіцца і з тым, што гэты партрэт з’яўляецца тыповы. Аб яго высокай мастацкай вартасці пісалі самыя дасведчаныя мастацтвазнаўцы.

Найбольш выразна па пытанні аўтарства гравюр скарынаўскіх выданняў выказаўся таленавіты мастак Лявон Баразна. Мы павінны станоўча адзначыць і намаганні «Кароткай энцыклапедыі Беларускай ССР”, дзе ясна сказана, што Скарына беларускі першадрукар, вучоны, асветнік і культурны дзеяч, перакладчык, пісьменнік, а таксама мастак-графік эпохі Адраджэння, якому належаць высокамастацкія гравюры.

Першы, хто прачытаў манаграму як МТЗ, быў Вітаўт Тумаш, які ў сваіх “Запісках”, надрукаваных у 1978 годзе ў Нью-Йорку, пастараўся нават вытлумачыць, чаму пры яе прачытанні Равінскі дапусціў памылку. Але чаму ўсе астатнія даследчыкі не… хацелі заўважыць выразна напісаную літару Т? Адказ даволі просты. Равінскаму яна, відаць, перашкаджала ў яго версіі, паводле якой манаграма азначае імя гравёра Мартына Цагеля. Усе іншыя ішлі ўслед за Равінскім і знаходзіліся пад яго ўплывам ці аўтарытэтам. Таму калі нават аспрэчвалася імя майстра, то не аспрэчвалася відавочнае — недакладнасць прачытання манаграмы. Калі прыняць пад увагу, што манаграма “МТЗ” ёсць ініцыялы майстра, які рэзаў гравюру, то ён павінен быць толькі “русінам”, гэта значыць рускім, беларусам ці ўкраінцам (у тыя часы яшчэ не існавала выразнага размежавання ў назвах трох братніх народнасцей). Аб гэтым жа сведчаць, па-першае, кірылаўскія літары. Па-другое, згодна з традыцыяй тагачаснай Еўропы, імя, імя па бацьку і прозвішча існавалі толькі ў русінаў праваслаўнага веравызнання. Другія еўрапейскія народы не ведалі і па сённяшні дзень не ведаюць гэтай традыцыі. Самыя адукаваныя вучоныя тагачаснай Еўропы не разумелі неабходнасці вызначэння ў русінаў імя па бацьку (аб гэтым гл.: Порецкий Я. И. Соломон Рысинский. МН., 1983, с. 11).

Але пакуль мастацтвазнаўству невядома ні аднаго рэзчыка ці рысавальшчыка русінскага паходжання, які жыў бы ў тагачаснай Еўропе. Ёсць думкі, што ў Зяходняй Еўропе ў тыя часы сустракаюцца манаграмы рэзчыкаў і рысавальшчыкаў гравюр таксама з трох і нават больш літар. Гэта так, але ўсе яны створаны на аснове лацінскага шрыфта. Манаграма на партрэце Скарыны, безумоўна, напісана кірыліцай. Усе даследчыкі прызнаюць гэта. Значыць і пошукі трэба весці сярод тых русінаў, якія жылі ў Чэхіі ў тыя гады. Нагадаем, што пры Пражскім (Карлавым) універсітэце з 1397 года была ўтворана Калегія для студэнтаў з Вялікага княства Літоўскага (Літоўская калегія), якая праіснавала да 1622 года. Можа, каго-небудзь і можна было б пашукаць з гэтых вучняў ці бакалаўраў, якія жылі і вучыліся на той час у Празе і якія дапамагалі Скарыне ў яго друкарскай і мастацкай справах. Але нават такому дасведчанаму даследчыку, як А. Флароўскі, які на працягу многіх гадоў жыў у Празе, не ўдалося выявіць людзей, што аказвалі дапамогу першадрукару.

Што датычыцца чэшскіх гравёраў, аб якіх нагадваў М. Шчакаціхін, трэба адзначыць, што ўжо ў наш час А. Флароўскі, А. Мыльнікаў і асабліва С. Александровіч даказалі, што чэшская кніга да Скарыны не мела яшчэ такога ўзроўню гравюры, што «не чэшскія друкары вучылі Францыска Скарыну, а самі вучыліся ў яго майстэрству афармлення кнігі...» «Матывы гуманістычных ідэй, якія адчуваюцца ў скарынаўскіх прадмовах і ў лепшых гравюрах да бібліі, чыстую і ясную разьбу і ўпэўненасць малюнка мы знаходзім пасля 1520 года ў кнігах пражскіх друкароў Паўла Севярына і Яна Севярына — малодшага. Магчыма, на развіццё чэшскай кніжнай гравюры паўплывалі яшчэ і іншыя нейкія фактары, але нельга не бачыць залежнасці малюнкаў у кнігах Севярынаў ад скарынаўскіх узораў»12.

Цяпер чытач можа сам пераканацца, што манаграму на партрэце Скарыны нельга звязаць ні з нямецкай гравёрнай школай, ні тым больш з чэшскай. Невядомыя нам і іншыя мастакі ці рэзчыкі русінскага паходжання, якія жылі б у тагачаснай Еўропе. Зноў жа ўспомнім словы У. С. Стасава, што манаграма, магчыма, мае прамыя адносіны да асобы Скарыны, або стваральніка малюнкаў13.

Калі У. С. Стасаў з-за нераспрацаванасці скарынаўскай тэматыкі і, у прыватнасці, мастацтвазнаўчага аспекту павінен быў усё ж з нейкай доляй няўпэўненасці прызнаць належнасць манаграмы Скарыне, то мы, разгледзеўшы ўсе магчымыя варыянты, павінны адназначна прызнаць яе належнасць нашаму першадрукару. Таму трактоўка Лявона Баразны не беспадстаўная14. У такім выпадку, улічваючы, што ў манаграме тры літары, трэба чытаць «Маляваў, тварыў, знаменаваў», але можна прачытаць і так: «Маляванне тварыў знаменшчык». Словы «знаменшчык» як «рысавалынчык», «знаменаваў» як «рысаваў» сустракаюцца па тым часе даволі часта. Напрыклад, «Резал Василий Корень, а знаменовал Григорий», а ў Сярэбранай палаце Маскоўскага Крамля існавала нават прафесія знаменшчыка15. Словы «маляванне, тварыць, знаменаваць» сустракаюцца непасрэдна ў Скарыны.

Напрыклад: «Кто бо как межи простыми людми братии моей хотел яснее разумети, яковым обычаем был храм уделан, кивот стол, светильник, требник и ризы жречкские — тот все вымалеванное нижей знойдець», «Положил есми на боцех некторыи слова для людей простых рускимъ языком, что которое слово знаменуеть». Тут слова «знаменуеть» па сэнсу супадае з «азначае, тлумачыць». Гэта сведчыць, што трактоўка можа быць шырокай і многаварыянтнай, але яна павінна адлюстроўваць тыя дзеянні Скарыны, якія ён вылучыў сам.

Сцвярджэнне Лявона Баразны, што манаграму трэба чытаць сумесна з надпісам кірылічнай вяззю «Доктар Франциско Скорина» (згодна прачытання Уладзіміра Агіевіча гэтую вязь трэба чытаць “Георі Францыскъ Скорина”), асобныя даследчыкі спрабуюць аспрэчваць на той падставе, што яны стаяць далёка адзін ад аднаго. Гэта не так — стаяць у адным ніжнім радзе скарынаўскага партрэта.

Не варта забываць, што ў эпоху Адраджэння захапляліся сімваламі, алегорыямі, шырокае распаўсюджванне атрымала кабалістычная літаратура і трактоўка сімвалаў. Алхімія, якая пачала зараджацца менавіта ў гэты час, пачала распрацоўваць цэлую сістэму знакаў, у якія імкнуліся закадзіраваць патаемнасць не толькі ведаў, думак, поглядаў, падзей, але і прозвішчы, як, напрыклад, той жа подпіс Скарыны вяззю. Партрэт Скарыны мае багата загадак. I таму іх адгадкі ўяўляюць вялікую цікавасць, бо даюць магчымасць нашчадкам дакрануцца да нейкага вялікага сакрэту. Да раскрыцця гэтых закадзіраваных звестак трэба падыходзіць комплексна. Трэба спрабаваць расшыфраваць не толькі кожны патаемны знак ці надпіс сам па сабе, але найперш разглядаць іх у сувязі з іншымі16.

Бясспрэчным доказам, што партрэт Скарыны належыць яму самому, з'яўляецца даволі распаўсюджаны факт «аўтапартрэтнасці» ў гравюрах скарынаўскіх выданняў. Пры параўнанні гэтых гравюр з партрэтам першадрукара бачыш, што рысы твару, постаць, вобраз аўтара сустракаюцца ў многіх гравюрах і ініцыялах. Я пісаў ужо, што гэта заўважыў У. П. Уладзіміраў і добра разумеў Лявон Баразна. Вялікія вочы, вусны з характэрным скарынінскім выразам, бровы, лоб, нос, хвалістыя валасы, акругласць шчок — падабенствам рыс, унутраным пластычным выразам прасякнута ўсё зробленае мастаком. Асабліва яркае партрэтнае падабенства можна прасачыць у наступных гравюрах: «Прамудрасць боская» — у постаці ўкленчанага лёгка згадаць самога Скарыну, «Хрыстос і нявеста» — у гербе «залатой кан'юнкцыі» (У. А. Калеснік) вобраз сонца і месяца17, у буквіцах А, О, Я і многіх іншых.

У шматлікіх кампазіцыях скарынаўскіх гравюр прасочваецца даволі арыгінальная індывідуальная трактоўка ўсіх вобразаў, кожны персанаж мае свае адметныя рысы характару і ўвасабляе жыццёва дакладны тыпаж. Але, як адзначалі М. Шчакаціхін, а затым і В. Ф. Шматаў, існуе і сталае падабенства паміж многімі вобразамі скарынаўскіх гравюр. I такіх гравюр большасць. Гэта красамоўна сведчыць аб адзінстве творчага почырку аўтара. Але мы заўважаем у мастацкай дзейнасці Скарыны і яшчэ нешта значнае — яе сувязь з яго аўтапартрэтнасцю. Ці не з'яўляецца гэтае падабенства асобных герояў скарынаўскіх гравюр з самім аўтарам прыкметай таго, што яны рабіліся Скарынай? Ці няма тут заканамернай сувязі ўвасаблення сваёй постаці ў гравюрах з пастаянным ужываннем уласнага герба і напамінаннем свайго імя і прозвішча ў прадмовах і пасляслоўях яго кніг?

У эпоху Адраджэння ў хрысціянскім сярэднявеччы ідзе працэс сцвярджэння сваіх форм культуры, маралі, філасофскіх, рэлігійных, навуковых, эстэтычных поглядаў. Пашыраюцца новыя прынцыпы бачання свету, храналагічнага бачання, прынцыпы гістарызму. Замест сярэдневяковага правінцыяналізму, злучанага з рэлігійным касмапалітызмам, пачынае вырастаць нацыянальная самасвядомасць. I апошняе — замест абязлічанасці і аскетызму нараджаецца індывідуалізм, у аснове якога ляжыць прынцып абсалютных праў асобы, яе волі і незалежнасці ад грамадства, царквы, дзяржавы.

Як ужо адзначалася, у гербе Скарыны вобраз сонца і месяца даволі выразна супадаюць з іканаграфічнай выявай Скарыны. Па нашых падліках, у 29 гравюрах змешчаны герб «залатой кан'юнкцыі», гэта значыць, зацьмення сонца і месяца, ці сонца і зямлі, у 21 — радавы знак першадрукара — Вагі (згодна У. Агіевіча гэты знак з часоў Арыстоцеля азначае магчымасць пазнаня фізічнага свету, а парны знак “квадрат”, “друкарскі станок” і інш., азначае магчымасць пазнання метафізічнага свету) і толькі ў 10 гравюрах няма нічога. Акрамя гэтага, ва ўсіх застаўках, многіх віньетках і нават у буквіцах мы сустракаем асабістыя герб і знак Скарыны, што, безумоўна, сведчыць аб сцвярджэнні аўтарскіх праў першадрукара на гэтыя творы.

I яшчэ доказы наконт аўтапартрэтнасці выявы Скарыны.

Як слушна заўважаюць усе даследчыкі скарынаўскага партрэта, увесь яго рэчавы свет адлюстроўвае побыт жыццёвай, навуковай і асветніцкай дзейнасці першадрукара. А ці ёсць на партрэце рэчы, звязаныя з яго мастацкай дзейнасцю? Першы гэта заўважыў В. Ф. Шматаў. Ён адзначае: «Мальберт злева і драўляныя клішэ справа (побач з пясочным гадзіннікам) гавораць аб прыхільнасці першадрукара да мастацтва»18. Адзін крытык зрабіў заўвагу, што не мальберт, а пюпітр паказаны злева на гравюры. Можа, гэта і так, хаця па малюнку і не зусім ясна. Але драўляны пюпітр заўсёды можна прыстасаваць для рысавання невялікіх гравюр.

У свой час народны мастак Беларусі Л. Шчамялёў пры рабоце над партрэтам Скарыны адзначыў у гутарцы са мной, што кампазіцыйная пабудова гравюрнага партрэта Скарыны сведчыць, што гэта аўтапартрэт. Пры яго стварэнні Скарына даволі пільна працаваў з натурай, дзеля чаго прыбягаў да дапамогі люстэрка. Падставай таму — пранізлівы позірк крыху ўбок, менавіта ў напрамку люстэрка, нахіленасць галавы, палажэнне правай рукі, якая знаходзіцца ў «працоўным стане», напружанасць усёй выявы. Праца з люстэркам нават не патрабавала пераносу на дошку адваротнага адбітка гатовага малюнка, што спрыяла высокай дакладнасці партрэта.

Мастацтвазнаўца М. С. Кацар у сваёй грунтоўнай працы «Народно-прикладное искусство Белоруссии (от первобытного общества до 1917 г.)» пераканаўча сцвярджае, што геаметрычны арнамент на абрусе ў гравюрным партрэце Скарыны з'яўляецца ўзорам беларускага народнага арнамента. Ці мог нямецкі ці чэшскі мастак ужыць яго ў сваёй рабоце? Ці не гаворыць і гэта пра прыналежнасць мастака да пэўнага народа.

Даследчык старой кнігі і гравюры А. А. Сідараў пісаў: «З пачуццём уласнай годнасці, якое ўпершыню ўзнікла ў славянскім свеце, Скарына змяшчае — і не раз — у сваіх выданнях (калі не богаслужэбных, то свяшчэнных, традыцыйных кніг) не выяву легендарных святых, а ўласны партрэт... На гэтым партрэце, што мае сапраўды гістарычнае значэнне, Скарына перад намі ў зусім новым абліччы. Ён не прадпрымальнік, як Фіёль, і не манах, як Макарый. Скарына — выдавец, а не друкар, не работнік станка. Ён — вучоны, інтэлігент, пісьменнік, перакладчык, ён ідэолаг, рэдактар, мовазнаўца і грамадскі дзеяч. Ён перш за ўсё патрыёт і асветнік»19.

Немагчыма дапусціць, што Скарына як выдавец замовіў свой партрэт нейкаму нямецкаму мастаку і змясціў яго ў Біблію. Нямецкае мастацтва тых часоў жыло напярэдадні вялікіх падзей, напярэдадні Рэфармацыі. Яго духоўнае распрыгнечанне пачалося з лета 1520 года, калі Марцін Лютэр адкрыта выступіў супраць засілля каталіцкай ідэалогіі і амаральнай дзейнасці папскай курыі, што з'явілася штуршком да пачатку рэфармацыйнай дзейнасці ў Германіі. Прыгадаем шырока вядомы партрэт Эразма Ратэрдамскага, выкананы А. Дзюрэрам у 1529 годзе. Ён створаны на 12 гадоў пазней за партрэт Скарыны. I не таму, што А. Дзюрэр адставаў у творчым мысленні, а мабыць, таму што не прыспеў той час і не было тых умоў, каб адважыцца на такую смеласць.

Калі даследуецца дзейнасць Скарыны ў галіне перакладу Бібліі, трактоўкі прадмоў і пасляслоўяў ці кнігадрукавання, то даследчыкі звяртаюць увагу на наватарства асветніка ў гэтай справе, на тое, што ён на дзесятак гадоў апярэдзіў Марціна Лютэра ў справе перакладу Бібліі на родную мову і г. д. Як вядома, выдавецкая дзейнасць Скарыны пражскага перыяду завяршалася ў 1519 годзе. Ужо да гэтага чаму яму давялося паставіць і вырашыць многія задачы і ў галіне мастацтва: увасобіць у сваіх мастацкіх творах ідэі эпохі Адраджэння, што нямецкім мастакам належала здзейсніць пазней. На гэта не звярнуў увагу ні адзін даследчык.

Наватарства Скарыны выявілася ў тым, што многія яго гравюры па сваім змесце адпалі ад паняцця «боскіх», кананізаваных царквою, сталі свецкімі. Яны ўжо не мелі ніякага дачынення да рэлігійнай ідэалогіі, а ўвабралі ў сябе толькі тыя ідэі эпохі Адраджэння, якія былі ўласцівы асветніку. Асобныя гравюры аж да канца XIX стагоддзя, па меркаваннях некаторых артадаксальных тэолагаў, лічыліся ерэтычнымі. Мы ведаем, што не толькі езуіты, але нават такі абаронца рускага праваслаўя, як князь Андрэй Міхайлавіч Курбскі, сцвярджаў, што Біблія Скарыны «разбэшчаная», супярэчыць «усім апостальскім і святым уставам» і ва ўсім згодна з Бібліяй М. Лютэра. Не мог ён ухваліць і гравюры Скарыны.

Тэолаг Д. Таунлі ў 1813 годзе нагадаў, што гравюра Скарыны «Тройца» даволі ерэтычная, бо тут бог бласлаўляе як архангелаў, так і д'яблаў. Апошняе— вялікае святатацтва.

А ці не з'яўляецца яшчэ большым грахом і нават адкрытым выклікам усяму хрысціянскаму свету з пункту гледжання ўсіх артадаксальных тэолагаў змяшчэнне ў «святой» кнізе партрэта грэшнага чалавека, а таксама ўвасабленне свайго вобраза ў гравюрах «Прамудрасць боская» і «Хрыстос і нявеста».

Такім рызыкоўным учынкам Скарына мог бы паставіць выканаўцу свайго партрэта і другіх «ерэтычных» твораў, калі б гэта быў нямецкі мастак, пад пагрозу адлучэння ад рымска-каталіцкай царквы і адданню пад суд «святой» інквізіцыі. Ці не пярэчыла б гэта той маральнай годнасці, якая вылучала Скарыну? Але ўзнікае і другое пытанне: а ці маглі б адважыцца нямецкія мастакі ці рэзчыкі да пачатку Рэфармацыі ў Германіі ўзяцца за такую даволі небяспечную работу, каб потым мець справу з усемагутнай папскай курыяй? Нагадаем, што ў Германіі паміж 1450—1550 гадамі было спалена судом інквізіцыі каля 100 тысяч чалавек.

Толькі Скарыну можна лічыць аўтарам свайго партрэта, а таксама ўвасаблення свайго вобраза ў другіх гравюрах і аўтарам іншых «ерэтычных» мастацкіх твораў, так як ён не знаходзіўся пад юрысдыкцыяй каталіцкай царквы.

Адсюль мы заўважаем тую рашучасць і волю ў абароне рэвалюцыйных поглядаў, характэрных для той эпохі, з якімі ён адстойвае новае ў перакладзе Бібліі і трактоўцы яе, у мастацтве і кнігадрукаванні, бароніць сваю чалавечую годнасць і сцвярджае як сваё аўтарскае імя, так і ўвасабляе свой мастацкі вобраз.

З усёй перакананасцю можна сказаць, што гравюры Скарыны — гэта не проста «карцінкі»-малюнкі з адпаведнымі мастацкімі якасцямі, якімі іх бачылі Равінскі ці Стасаў, а гэта цэлыя праграмныя творы, якія адлюстроўвалі новы светапогляд эпохі.

У гэтым сіла і высокая мастацкая вартасць гравюр Скарыны. Да такога высокага грамадзянскага разумення не паднялося тагачаснае еўрапейскае мастацтва, і ў прыватнасці — нямецкае.

Мастацкая спадчына Скарыны — найвялікшы набытак нашага народа. Яго аўтапартрэт уваходзіць у скарбонку сусветнага партрэтнага мастацтва. I нам, беларусам, нельга ад яго адмаўляцца. Гэта не робіць нам гонару і не надае павагі.

 

Анатоль БЕЛЫ

Публікацыя ў часопісе

“Полымя”. 7, 1990



[1] Ровинский Д. А. Русские граверы и их произведения с 1564 года до основания Академии художеств. Спб., 1870, с. 5; яго ж. Подробный словарь русских граверов XVI—ХІХ вв. Спб., 1885, с.8

[2] Стасов В. В. Разбор рукописного сочинения Д. Ровинского «Русские граверы и их произведения с 1564

года до основания Академии художеств». Спб., 1864, с.18.

3 Шчакаціхін М. Гравюры і кніжныя аздобы ў выданнях Францыска Скарыны ў кн.: “Чатырохсотлецце беларускага друку”. МН., 1926, с. 194.

4 Шчакаціхін М. Гравюры і кніжныя аздобы ў выданнях Францыска Скарыны ў кн.: “Чатырохсотлецце беларускага друку”. С. 194.

5 Тамсама. С. 196.

6 Зернова А. С. Обзор выставки книг кирилловской печати, посвященной 375-летию со дня смерти Ивана Федорова в сб.: «Труды государственной библиотеки СССР им. В. И. Ленина». М., 1959, т. 3, с. 215.

7 Анушкин А. Во славном месте виленском. Очерки из истории книгопечатания. М., 1962, с. 32.

8 Гэтае адкрыццё ўпершыню было апублікавана Вітаўтам Тумашам, ён жа Сымон Брага ў часопісе “Запісы”, БІНІМ, № 5, 1978, Нью-Йорк. Але ў сілу таго, што творы В. Тумаша былі забаронены на Беларусі, В. Шматаў “па забыўчывасці” досвід замежнага калегі выдаў за свой.

1 Калеснік У. А. Ключы да партрэта.—Мастацтва Беларусі, 1987, №.1, с. 21.

9 Шматаў В. Партрэт Францыска Скарыны.—“Мастацтва Беларусі”, 1983, № 1, с. 48

10 Калеснік У. А. Ключы да партрэта. —“Мастацтва Беларусі”, 1987, № 1, с. 19, 21.

11 У. А. Калеснік чамусьці гэта называе “астралябіяй”, а ў нашай літаратуры ўсталявалася як “глобус сусвету”. Трэба адзначыць, што гэта зусім розныя рэчы.

12 Александровіч C. Слова — багацце. Мн., 1981, с. 62.

13 Стасов В. В. Разбор рукописного сочинения Д. Ровинского… с. 19.

14 Ровинский Д. А. Подробный словарь русских граверов XVI—XIX вв., с. 26, 242.

15 Александровіч С. Слова — багацце. МН., 1981, с. 62.

16 Даследчык Уладзімір Агіевіч прачытаў манаграму МТЗ, як кірылаўскія лічбы 347, што значыць 347° ад сузор’я Авена. Гэта кардыната сузор’я Пчалы (Асы, Мухі), пад якім нарадзіўся сам Георгі Лукіч Скарына. Сузор’е з’яўляецца ў экліптыцы на дзень Георгія Пераможца 23 красвіка (6 мая па новым стылі).

17 Згодна даследаванню У. Агіевіча гэта выява сонца і зямлі, якая наплывае на сонца пад вуглом 23°25,51, што адпавядае восі зямлі да перпендыкуляра экліптыкі. Гэта з матэматычнай дакладнасцю выяўлена на самой гравюры. Калі гэтае палажэнне ўкарыніцца ў навуковую свядомасць, то трэба будзе прызнаць, што ідэя геліяцэнтрызму распрацавана нашым земляком за больш чым чвэрць стагоддзя да Мікалая Каперніка.

18 Шматаў В. Партрэт Францыска Скарыны — “Мастацтва Беларусі”, 1983, № 1.

19 Сидоров А. А. Узловые проблемы и нерешенные вопросы истории русского книгопечатания, у зб.: «Книга Исследования и материалы». Сб. 9. М.. 1964, с. 24.