Пілот ля разбітага чоўна?

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 474 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

48.6%UNITED STATES UNITED STATES
25.8%CHINA CHINA
5.5%SERBIA AND MONTENEGRO SERBIA AND MONTENEGRO
4.9%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
4%NEW ZEALAND NEW ZEALAND
2.8%CANADA CANADA
2.6%GERMANY GERMANY

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 

Пілот ля разбітага чоўна?

 

Зручна пісаць пра мінулае. Куды горш пра сучаснасць. Тут можаш і непатрапіць у кропку. Тым больш, што наш беларускі менталітэт не церпіць прарокаў і меркаванне пісьменніка – гэта толькі яго меркаванне, а не падсумоўка грамадскай думкі. З гэтага зыходзіў і я, калі браўся за гэты артыкул.

Не сустракаў людзей, якія б захапляліся Анатолем Белым, узносілі яго на нябёсы, хвалілі за зробленае. Суразмоўцы заўсёды падкрэсляць яго «калючасць», яго ўласцівасць не патрапляць у такт, у ноту субяседніка. Вядомы бард і паэт маёй пары Уладзімір Высоцкі пра такіх сказаў: «Он молчал невпопад и не в такт подпевал, он всегда говорил про другое...». Заканчваецца страфа тым, што гэты самы ЁН учора не вярнуўся з бою. І паэту шкада ТАГО, хто ваяваў побач з ім незаўважаны. Невядома казалася тое пра звычайнага салдата, ці пра нейкага іншага, але пра былога ваеннага лётчыка Анатоля Белага тыя словы – як у сук. Для ваенных лётчыкаў запалярнай авіяцыі 60-х гадоў не прыстала карыстацца чужымі рашэннямі і думкамі: толькі свая асабістая адказнасць і толькі сваё асабістае бачанне сітуацыі. Ад гэтага у цывільным жыцці Анатоля Яўхімавіча ўзнікалі і ўзнікаюць розныя, часам непажаданыя, калізіі. Вядома, што ён уляпіў публічную аплявуху Станіславу Шушкевічу, паклаў шмат намаганняў на тое, каб у расійскім Яраслаўлі быў адкрыты помнік Максіму Багдановічу (на адкрыццё якога ездзіў прэзідэнт Беларусі А.Лукашэнка), стварыў грамадскі клуб «Спадчына» і, урэшце, нейкім чынам стварыў і ўтрымлівае на свае грошы «апазіцыйны» музей у бацькоўскім доме ў Старых Дарогах. Дык хто вы, лётчык Белы?

У пачатку 90-х яго палічылі ледзь не правакатарам, «агентам КДБ» за публічную знявагу вядомага лідэра, але ён быў і застаўся патрыётам. І музей яго з тых часоў не знік, бо Белы не патрапляў ні тым, ні іншым (цяпер гэта нацянальнальная мастацкая скарбніца змяшчае звыш 5000 адзінак захоўвання). Дзве вышэйшых адукацыі, вопыт работы загадчыкам мемарыяльнага комплексу «Хатынь», сувязі, якія захаваліся з часоў працы выкладчыкам у БДУ, дазволілі яму ператварыць вясковую сядзібу ў пантэон нацыянальнай славы. Славы, якая, нажаль, сёння нікому не патрэбна: рэчышча дзяржаўнай палітыкі ў пытаннях нацыянальнага адраджэння пакуль далёка ад Старых Дарог, а раздробленая апазіцыя даўно ўжо не тлумачыць народу пра асобы і дзеі мінуўшчыны.

«Дык мо ўсё-такі трэба было ў палітыку, Анатоль Яўхімавіч? Глядзіш, вызначыліся б, і камунікацыі функцыянавалі б у вашым доме, як у Драздах, ці, наадварот, на вляікі грант са Штатаў, як кволы і «пакрыўджаны», збудавалі б у Старых Дарогах мураванку з байніцамі.» Усміхаецца, гэта – не яго справа, ён збіральнік і захавальнік памяці. А значыць – дзівак. І сапраўды, уздумаў прыстойна, на яго думку, уганараваць Быраса Кіта ў яго стагоддзе. Пры сходзе народа медалі, граматы адсылаў яму ў той час, як іншыя распавядалі толькі пра тое, колькі Кіт выпівае і наколькі моцныя ў яго органы выдалення. Самае цікавае, што гэтых, апошніх, слухалі раскрыўшы рот, а пры з’яўленні Белага пачалі ўсміхацца, маўляў, зноў пачне вылузвацца. «Вылузвацца» – у наш час азначае весці сябе па-чалавечы, праяўляць незалежнасць думкі, тварыць на карысць народа і яго рупліўцаў. За Кіта ў Белага асаблівая крыўда: «Вось Шушкевіч дапамог Міхайлаву стварыць у свой час ЕГУ. А ці ж немагчыма было на такой пасадзе падтрымаць ідэю Кіта аб стварэнні нацыянальнага беларускага універсітэта, за 20 тысяч даляраў набыць на пачатку дзевяностых пару дамкоў пад гэта? Усе кінуліся зарабляць на Кіту, друкаваць за яго кошт пра яго кніжкі замест таго, каб ажыццявіць вялікую задуму гэтага славутага чалавека».

Натура летчыка не дазваляе яму віхляць з жыццёвым маршрутам. Апошнім часам здае здароўе, нервы, але ён па-ранейшаму Белы – непрадказальны, узрыўны, імпульсіўны, такі, якім яго стварыла прырода. Хочацца ўзяць гэбель, зняць калючки, падраўняць, але пад каго? Ды і не магчыма гэта.

Вось ён раскладвае на канапе свайго ложка ў кватэры па вул. Уральскай (якая даўно нагадвае ці то штаб, ці то музей адначасова) нядаўнюю знаходку свайго музея. Прызнацца, сенсацыя: невядомыя творы пэнзля і алоўка Галубка, твары за якімі лёсы, спадчына мастакоў Ціхановічаў. Ён перакананы, што  гэта павінна ўразіць мастацтвазнаўцаў, выкліча буру ў прэсе. Мой скепсіс яго выводзіць з сябе. «Дык хто мы тады такія?» – амаль крычыць ён. «Мы? А хто яго ведае. Ну, беларусы, пэўна ж, не габрэі». Анатоль Яўхімавіч узрываецца: «Ды габрэі куды больш згуртаваныя, продкаў ведаюць да сёмага калена! А ты тут...». Мацюкнуўся, відаць зрабілася лягчэй, зноў разважаем над знаходкай. Хаця можна было падняцца ды зыйсці. Можна ад Белага аддаліцца, можна не заўважаць, але ад гэтага сама з’ява не знікне. Гэта асоба прапісалася ў гісторыі нашай культуры і грамадскага жыцця навечна, ды і музей у Старых Дарогах – таксама.

Дзеці ў Старых Дарогах не вельмі льнуць да яго. Адны кажуць, што гэта нейкія могілкі бо сядзіба скрозь у помніках і бюстах (беларускім славутасцям), а тыя з падлеткаў, хто і хацеў бы заглянуць сюды, баяцца іншага: мясцовыя ўлады, у тым ліку і школа папярэджваюць, музей Белага – расаднік нацыяналізму, г.зн. бэнээфаўшчыны, яго наведванне – палітычная акцыя. Зрэшты па гэтых надуманых прычынах да Белага баяцца ездзіць і дарослыя. Можна было б тут паспрачацца наконт памылковасці ўсяго гэтага, але ці трэба? Калі ў чалавека няма гена нацыянальнай годнасці, то яго не прыўеш чаранком. Кажуць, «Лінія Сталіна» прывівае патрыятызм. З гэтага пасылу і «Лінія Троцкага», створаная ў Беларусі магла б паслужыць сродкам выхавання, бо таго таксама ледарубам бандзюгі саданулі ў галаву. А вось «лінія Белага» ну ніяк не ўпісваецца ў дзяржаўную ідэалогію. Хаця пабітых нізашто на ёй безліч, герояў, што абаранялі Бацькаўшчыну, таксама. Яго музей – пантэон нацыянальнай славы. У любой краіне свету яго стваральніка насілі б на руках, а ў Штатах Анатоль Белы, пэўна, і дзяржаўную падтрымку атрымаў бы. Ці атрымае ў нас? Магчыма. Я не магу тут ставіць вечны пытальнік. У нас дастаткова падтрымаць маральна, прыехаць у музей не Макею, не Петкевічавай і нават не Янчэўскаму, а ўсяго толькі шаноўнаму міністру культуры, як усё стане на свае месцы. І старшыня райвыканкама запэўніць, што такі музей – дабро для раёна, і школкі раптам заўважаць, што ад Еўфрасінні Полацкай, Міндоўга ці Кіта ніякай пагрозы сучаснай дзяржаўнасці не існуе ды і Віктар Жаўняровіч – гэта мастак сусветнага ўзроўню, а не палітычны дзяяч, не Пазняк, адным словам. Неяк заглянуў у Старыя Дарогі выдатны тэлежурналіст Юры Жыгамонт са сваім «Падарожжам дылетанта». Здымаць музей і сядзібу Белага яму забаранілі. А чаму - няведама. Бо калі казаць пра тыя турысцкія «Меккі», якія мясцовых кіраўнікоў безвынікова прымушаюць ствараць, то лепшага брэнда для Старадарожчыны чым музей Белага (зразумела, пасля сусветна вядомага самагону) не адшукаць. Шкада, што старэе гэта сховішча. Дыі сам галоўны яго захавальнік ужо ў гадах, хворы, не можа ў поўную меру рупіцца на каштоўнасцямі. Не цікавяцца музеем і палітычныя партыі, якія некалі бралі на шчыт беларускую гісторыю. Застаецца ён, як адзін у полі музей-воін. Нажаль, у полі неправавым, бо статут гэтага музея ніяк дзяржавай не вызначаны.

Мы зноў разглядаем рарытэтную знаходку музея – графічны партрэт нейкага старога. Яго аўтар беларускі пісьменнік, рэжысёр, акцёр, тэатральны дзеяч,  мастак, першы народны артыст БССР быў арыштаваны ў 1937 г., спадчына Галубка да сёняшняга часу не даследавана поўнасцю. Хто гэты чалавек на партрэце? Мо гэта Тамаш Грыб? Пэўна, хто б ён не быў, гэта сучаснік мастака, нераўнадушны да лёсу Бацькаўшчыны чалавек. Знаходка – агромністая тэма для мастацтвазнаўцы. Вось адзін з рэдкіх алейных твораў Галубка «У Беларусі рака Цнянка» (1927 г.) – мілы сэрцу пейзаж. Як сведчыць Анатоль Яўхімавіч, дзесьці ў Гомельскім палацы чыгуначнікаў маюцца яшчэ падобныя творы аўтара, занядбаныя і невядомыя. Хто іх выцягне на свет, каму гэта зараз патрэбна – пытанне, якое павісае ў паветры. «Дык мо «свае» дапамогуць», – раблю я націск добра ведаючы, што у Белага дзве расхожых «абразлівых» прыналежнасці: адны кажуць, што ён яўрэй, а другія – што кэдэбіст. Кажуць, праўда, за вочы, бо ведаюць, што былы летчык можа «разбамбіць», у крыўду сябе не дасць. Зноў узрываецца, згадвае сваіх бацькоў, радню (яго родны брат Міхаіл, дарэчы, узначальваў падпольную арганізацыю ў Старых Дарогах у час Другой сусветнай вайны), а потым суцішваецца і мы зыходзімся ў тым, што добра, калі на дзяржаўную незалежнасць і гонар краіны пачнуць працаваць усе. Калі гэта адбудзецца? Мо пры гэтым жыцці.

Віктар Хурсік

 

Шаноўны юбілей

Барысу Уладзіміравічу Кіту – 100 гадоў!

6 красавіка 2010 года ў Мінску, у Палацы мастацтваў (вуліца Казлова, 3), грамадскасць сталіцы адзначыла 100 гадоў з дня нараджэння Барыса Уладзіміравіча Кіта – нашага земляка, вядомага навуковай грамадскасці свету, дзякуючы яго шматлікім працам па касмічнай праграме ЗША.

З сярэдзіны 60-х гадоў ХХ стагоддзя Б.У.Кіт актыўна ўдзельнічае ў падрыхтоўцы першых амерыканскіх касмічных і ракетных сістэм. Ён удзельнічаў у міжнародных з’ездах, перамовах ЗША і СССР аб наладжванні паміж імі супрацоўніцтва ў галіне касмічных даследаванняў. Б.У.Кіт прымаў актыўны ўдзел у даследаванні амерыканскіх касмічных праграм, разлічыў прынцыпы і спосабы выкарыстання вадароду, як паліва для касмічных ракет сістэм “Апалон”, “ Шатл” і іншых, з’яўляецца аўтарам шматлікіх навуковых прац па тэарэтычных пытаннях ракетнай тэхнікі і касмічных даследаванняў, аўтар першых у гісторыі касманаўтыкі навуковых падручнікаў па ракетнай тэхніцы і ракетнаму паліву “Гісторыя і сучасны стан астранаўтыкі ЗША” і “Гісторыя і сучасны стан савецкай астранаўтыкі”, артыкулаў па гісторыі навукі і педагогікі.  У 1983 годзе Б.У.Кіт абараніў дысертацыю па гісторыі матэматыкі і атрымаў дыплом доктара філасофіі Рэгенсбургскага універсітэта. Б.У.Кіт лічыць сваёй роднай беларускую мову, якая здатная канкурыраваць з асноўнымі еўрапейскімі і славянскімі мовамі і размаўляе на ёй.

Пра гэта і многае іншае  ішла цікавая размова на гэтай вечарыне. На экране ноутбука павольна выплывалі фатаграфіі Б.У.Кіта, выявы мясцін у ЗША і ФРГ, дзе ён з 1973 года жыве.

Першым адкрыў імя Б.У.Кіта для яго землякоў-беларусаў доктар філалагічных навук, прафесар, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі А.І.Мальдзіс, член Сябрыны Барыса Кіта.

Кароткім уступным словам вечарыну адкрыў старшыня арганізацыйнага камітэта па святкаванню 100-годдзя з дня нараджэння Б.У.Кіта, аўтар рамана-трылогіі “Пакутны век”, дзе шырока паказана жыццё і навуковая дзейнасць Б.У.Кіта, беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч Васіль Якавенка, які некалькі месяцаў жыў у Б.У.Кіта ў горадзе Франкфурт-на-Майне (ФРГ), дабіваючыся сустрэчы з жонкай Вільгельма Кубэ Анітай Кубэ.

Прывітальнае слова Б.У.Кіта гэтай вечарыне зачытала старшыня сябрыны Барыса Кіта, намеснік старшыні  арганізацыйнага камітэта па святкаванню 100-годдзя з дня нараджэння Б.У.Кіта, аўтар першай кнігі ў Беларусі пра Б.У.Кіта “Космас беларуса” кандыдат філалагічных навук, прафесар Лідзія Сямёнаўна Савік. Ёй кожны тыдзень тэлефануе Б.У.Кіт і цікавіцца жыццём у Беларусі яго радні і землякоў.

З вітальным словам Б.У.Кіту ад міністра культуры Рэспублікі Беларусь выступіў прадстаўнік Упраўлення Міністэрства культуры РБ.

Пра экспазіцыю ў музеі, прысвечаную 100-годдзю з дня нараджэння Б.У.Кіта, распавяла прысутным дырэктар Навагрудскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Тамара Вяршыцкая. Яна расказала пра музей Б.У.Кіта ў школе горада Навагрудка, дзе ён да Вялікай Айчыннай вайны быў дырэктарам, і як ушаноўваюць Б.У Кіта, іх славутага земляка, на Навагрудчыне.

Беларускі паэт і бард Алесь Камоцкі праспяваў песню з цыкла “Горит свеча”, прысвечаную Б.У.Кіту.

Пра шматлікія сустрэчы з Б.У.Кітом расказаў прысутным акадэмік НАН Беларусі, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі Р.Г.Гарэцкі. Ён адзначыў, што Б.У.Кіт з’яўляецца адным з заснавальнікаў у Мінску Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі і яе віцэ-прэзідэнтам. Пазней гэта акадэмія была пераведзена ў Маскву, і яе прэзідэнтам быў абраны  Яўген Яўгенавіч Шыраеў.

Беларускі паэт і грамадскі дзеяч Сяргей Законнікаў прачытаў свае вершы, прысвечаныя Б.У.Кіту. Ён адзначыў, што гэтыя вершы выдае за свой кошт і прапанаваў хадайнічаць перад урадавымі структурамі аб прысваенні Б.У.Кіту звання Героя Беларусі.

Галоўны рэдактар “Краязнаўчай газеты” У.А.Гілеп зачытаў адрас у сувязі са 100-годдзем Б.У.Кіта і распавёў пра сустрэчы з ім.

Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка прачытала ўрывак з кнігі Васіля Якавенкі “Пакутны век”, дзе расказваецца пра жыццё і навуковую дзейнасць Б.У.Кіта.

Пра сустрэчы з Б.У.Кітом расказаў прысутным на вечарыне беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў.

Народны артыст Беларусі Віктар Скарабагатаў выканаў беларускія песні мінулых стагоддзяў у сваёй апрацоўцы.

Прывітанне і віншаванне з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння Б.У.Кіта перадаў старшыня Мінскага культурна-асветнага клуба “Спадчына” Анатоль Белы.

Беларускі пісьменнік, гісторык-журналіст, ганаровы член МАНЕ А.І.Валахановіч зачытаў прывітальны адрас Б.У.Кіту ад членаў беларускага аддзялення культуралогіі Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.

Вось яго тэкст:

Паважаны Барыс Уладзіміравіч!

 

Мы, члены беларускага аддзялення культуралогіі Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі (МАНЕ), віншуем Вас, нашага дарагога калегу, віцэ-прэзідэнта МАНЕ з 100-гадовым Юбілеем, жадаем Вам моцнага здароўя, шчасця, усяго найлепшага ў Вашым доўгім жыцці.

Вашы даследаванні і дасягненні ў галіне астранаўтыкі з’яўляюцца моцным падмуркам у развіцці сусветнай навукі ХХ – ХХІ стагоддзяў.

Вам пашчасціла быць сведкам і непасрэдным удзельніккам асваення касмічнай прасторы.

З Лос-Анжэлеса пачаўся Ваш  зорны шлях у цікавую і складаную навуку – астранаўтыку. Разам са сваімі калегамі Вы стварылі амаль усе касмічныя праекты, ад першых інтэркантынентальных ракетных сістэм “Navalo”, да найбольш бліскучых праектаў ХХ стагоддзя “Apollo” і чаўночных касмічных караблёў “Shuttle”.

Вы – аўтар першага ў гісторыі падручніка па ракетнай тэхніцы і ракетным паліве.

Вы грамадзянін ЗША. Вы ўвайшлі ў навуковую эліту ЗША, сталі сусветнавядомым вучоным, экспертам па ракетах і дарадчыкам у галіне развіцця астранаўтыкі, выкладчыкам прэстыжных універсітэтаў ЗША і Заходняй Еўропы.

Вы доктар філасофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі, прафесар універсітэта ў Рэгенсбургу (ФРГ), ганаровы прафесар амерыканскага універсітэта штата Мэрыленд (ЗША), акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі (Парыж), член галоўных астранамічных таварыстваў ЗША, Велікабрытаніі, Германіі, ганаровы доктар Гродзенскага універсітэта імя Янкі Купалы (Беларусь), ганаровы член Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (Мінск), ганаровы грамадзянін горада Навагрудка (Беларусь), дзе адкрыты музей Б.У.Кіта. Вы ўзнагароджаны залатым медалём Германа Оберта за вывучэнне сусветнай прасторы (ФРГ).

У Ваш гонар Камітэтам Ушанавання ўведзены ва ўжытак медаль “Барыс Кіт. За дасягненні ў асветніцтве і навуцы”, якім ганаруюцца лепшыя вучоныя нашай краіны.

Моцнага здароўя Вам , Барыс Уладзіміравіч, аптымізму, бадзёрага настрою, шчасця ў жыцці!

І няхай Ваша Зорка з Касмічнай прасторы доўга-доўга кіруе Вашым лёсам!

 

6 красавіка 2010 года

г. Мінск (Беларусь)

Члены беларускага аддзялення культуралогіі

Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі ( подпісы)

 

Намеснік старшыні клуба “Спадчына” У.П.Ліпскі зачытаў прывітальны адрас Б.У.Кіту ад клуба “Спадчына”.

Вось яго тэкст:

 

Паважаны Барыс Уладзіміравіч!

 

Ад нашых шчырых сэрцаў віншуем Вас, дарагога і цудоўнага Чалавека з 100-гадовым Юбілеем, жадаем моцнага здароўя, шчасця, усяго найлепшага ў жыцці!

Мы, сябры мінскага культурна-асветнага клуба “Спадчына”, ведаем Вас, нашага Вялікага Земляка, выдатнага беларускага асветніка, вядомага амерыканскага даследчыка ў галіне астранаўтыкі, аднаго з першапраходцаў астранаўтыкі ЗША. Мы ганарымся Вамі – выдатнейшым сынам нашай Беларусі, які зрабіў вялікі ўклад у сусветную навуку.

Вы – сведка і актыўны ўдзельнік найбольш значных падзей у гісторыі Беларусі і свету ў ХХ – ХХІ стагоддзях.

У Вас нязгасны аптымізм той беларушчыны, якой Вы прысвяцілі доўгае, цікавае, багатае на знакамітыя падзеі, сустрэчы, навуковыя дасягненні жыццё.

Вы – грамадзянін ЗША. Але Ваша сэрца заўсёды рупілася і рупіцца пра Беларусь.

Ваша касмічная эра пачалася ў Лос-Анжэлесе, калі разам з супрацоўнікамі Вы стварылі амаль усе касмічныя праекты, ад першых стратэгічных, інтэркантынентальных ракетных сістэм “Navalo” да найбольш бліскучых праектаў ХХ стагоддзя “Apollo” і чаўночных касмічных караблёў “Shuttle”, стварэнне Вамі вадароднага паліва для ракет.

У ЗША Вы склаліся як выдатны вучоны, бліскуча здзейснілі свае мары і спадзяванні.

Вы ўвайшлі ў навуковую эліту ЗША, сталі сусветна вядомым вучоным, выкладчыкам прэстыжных універсітэтаў ЗША і Заходняй Еўропы.

Вы сапраўдны Кіт сусветнай навукі і астранаўтыкі.

Вы – доктар філасофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі, прафесар нямецкага універсітэта ў Рэгенсбургу, ганаровы доктар навукі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы (Беларусь), заслужаны і ганаровы прафесар амерыканскага універсітэта штата Мэрыленд (ЗША), акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі (Парыж), акадэмік, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі (Масква), член галоўных астранамічных таварыстваў ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, ганаровы член Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (Мінск), ганаровы грамадзянін горада Навагрудка (Беларусь), узнагароджаны залатым медалём Германа Оберта за вывучэнне сусветнай прасторы (ФРГ).

У Ваш гонар Камітэтам Ушанавання ўведзены ва ўжытак медаль “Барыс Кіт. За дасягненні ў асветніцтве і навуцы”, якім ганаруюцца лепшыя вучоныя нашай краіны.

Дай Бог Вам моцы, аптымізму, жыццерадаснасці і жыццелюбства, моцнага здароўя, бадзёрага настрою, плёну ў працы, вялікага шчасця ў жыцці!

І каб Ваша Зорка з Касмічнай прасторы шмат гадоў кіравала Вашым лёсам!

Роўным не было жыццё ніколі,

Падсумоўка робіцца пасля:

Чым чысцейшы чалавек душою,

Тым мілей бацькоўская зямля.

 

6 красавіка

г. Мінск (Беларусь)

Вашы шчырыя прыхільнікі

і сябры клуба “Спадчына” (подпісы)

 

А.Я.Белы ўручыў медалі Барыса Кіта “За дасягненні ў асветніцтве і навуцы” вядомым беларускім вучоным А.І.Мікулічу і Ф.А.Піскунову.

Вост тэксты дыпломаў, уручаныя вучоным:

Дыплом

Камітэту Ушанавання

ганаруецца

Аляксей Ігнатавіч Мікуліч

медалём Барыса Кіта “За дасягненні ў асветніцтве і навуцы”

з уручэннем дыплому і занясеннем у Кнігу гонару “Рупліўцы твае, Беларусь”

за плённую працу ў этнічнай антрапалогіі, манаграфію пра этнічную гісторыю

Беларусі і з нагоды ўшанавання 100-гадовага юбілею Б.У.Кіта.

Старшыня Камітэту Ушанавання     Анатоль Белы

6 красавіка 2010 г.

Дыплом

Камітэту Ушанавання

ганаруецца

Фёдар Антонавіч Піскуноў

медалём Барыса Кіта “За дасягненні ў асветніцтве і навуцы”

з уручэннем дыплому і занясеннем у Кнігу гонару “Рупліўцы твае, Беларусь”

за стварэнне электронных сродкаў праверкі арфаграфіі беларускай мовы

(праграма “Літара”), электроннага слоўніка беларускай мовы (“Парадзігма”),

шэрагу мовазнаўчых работ і з нагоды ўшанавання 100-гадовага юбілею Б.У.Кіта.

Старшыня Камітэту Ушанавання   Анатоль Белы

6 красавіка 2010 г.

 

Сваімі ўражаннямі аб нядаўняй паездцы ў ФРГ да Б.У.Кіта падзяліўся галоўны рэдактар газеты “Народная воля” Іасіф Сярэдзіч. Ён упэўніў высокі сход, што падрабязная справаздача аб наведванні Б.У.Кіта будзе апублікавана ў бліжэйшых нумарах газеты, што і было зроблена.

Доктар філалагічных навук, прафесар Валянціна Лемцюгова перадала ў падарунак Б.У.Кіту кнігі.

Сваімі ўражаннямі ад сустрэч з Б.У.Кітом падзяліўся член-карэспадэнт НАН Беларусі, грамадскі дзеяч Станіслаў Шушкевіч.

Крыху нечаканым для прысутных на вечарыне стала выступленне 85-гадовага брата юбіляра Льва Уладзіміравіча Кіта, які жыве ў Мінску.

Малебен за здароўе Б.У.Кіта і ўсіх прысутных правёў пратаіярэй Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы Леанід Акаловіч.

Удзельнікі вечарыны накіравалі ў Франкфурт-на-Майне словы прывітання, адрасы, шчырыя віншаванні, узнагароды і падарункі з нагоды юбілею, пажадання моцнага здароўя на доўгія гады і надзею ўбачыць Барыса Уладзіміравіча Кіта на зямлі яго роднай Бацькаўшчыны.

Вяла вечарыну старшыня Беларускага згуртавання “Бацькаўшчына” Алена Макоўская.

 

06.05.2010.                                                                                                Анатоль Валахановіч