Інтэрв’ю з народным мастаком Беларусі Леанідам Шчамялёвым

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 483 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

48.6%UNITED STATES UNITED STATES
25.8%CHINA CHINA
5.5%SERBIA AND MONTENEGRO SERBIA AND MONTENEGRO
4.9%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
4%NEW ZEALAND NEW ZEALAND
2.8%CANADA CANADA
2.6%GERMANY GERMANY

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
Інтэрв’ю з народным мастаком Беларусі Леанідам Шчамялёвым

Яўген Гучок: Шаноўны Леанід Дзмітрыевіч, па даручэнні сям’і Анатоля Яўхімавіча Белага, а таксама сяброў мінскага культурна-асветніцкага клуба “Спадчына”, які ён стварыў і якім больш за два дзесяцігоддзі кіраваў, звяртаюся да Вас з просьбай-прапановай сказаць колькі слоў пра гэтага неардынарнага чалавека. Як аматар-мастацтвазнаўца, калекцыянер і прапагандыст твораў беларускага мастацтва Анатоль Яўхімавіч ганарыўся знаёмствам з Вамі. Вы для яго заўсёды былі знакавай велічынёй як у мастацтве, так і ў жыцці. Ваша прынцыповая пазіцыя ў гэтых прасторах у пэўнай ступені была і для яго вызначальным вектарам у разуменні прызначэння мастацтва і ў стасунках з людзьмі. Калі ласка. З Вашай згоды пачнём нашу гутарку.

Леанід Шчамялёў: Скажу адразу, добрую Вы распачалі справу, каб надоўга захаваць памяць пра Анатоля Белага, безумоўна, чалавека рэдкага ва ўсіх станоўчых якасцях. Ён быў адным з цікавых, самадастатковых, ініцыятыўных, мэтанакіраваных людзей, з якімі мне даводзілася сустракацца ў маім жыцці. Яго я ведаў даўно; ён быў частым госцем у маёй майстэрні. З ім было прыемна і карысна гутарыць на любыя тэмы, асабліва – мастацкія. У падыходах да твораў мастацтва, як і да людзей, яго вылучала ўважлівасць і паважлівасць. Універсальнасць яго асобы, шырокая адукаванасць дапамагалі яму сабраць цудоўную калекцыю твораў беларускага мастацтва беларускай тэматыкі пераважна і на яе аснове стварыць унікальны музей у Старых Дарогах – на яго малой радзіме. Ну і, вядома, галоўным накірункам і арыенцірам у гэтай справе быў сур’ёзны, актыўны, больш таго – безаглядны беларускі патрыятызм. А цяпер давайце Вашы пытанні.


 

Яўген Гучок: Фарміруючы фонд свайго прыватнага музея ў Старых Дарогах, несумненна, Анатоль Яўхімавіч звяртаўся, і можа, у першую чаргу і да Вас, каб Вы ахвяравалі што-небудзь са сваіх твораў да той музейнай экспазіцыі. Перш, чым вашы работы сталі набыткам старадарожскага музея і напоўнілі асобу Анатоля Яўхімавіча радасцю і глыбокім задавальненнем, ён, пэўна, праводзіў з Вамі, так бы мовіць, нейкую апрацоўку-пераконванне. Цікава, як гэта адбывалася, як ён “пад’язджаў” да Вас, на чым больш акцэнтаваў увагу ў той момант. Чым быў адметны Анатоль Яўхімавіч як калекцыянер твораў беларускага мастацтва?

Леанід Шчамялёў: Анатоль Яўхімавіч добра разумеў, што купіць які-небудзь твор – справа складаная, асабліва ў грашовым вымярэнні. Без хітрыкаў, без падлашчванняў, проста, паважна, доказна і пераканаўча з нацыянальных мастацкіх пазіцый як гісторык і філосаф ён даводзіў аб годным месцы той ці іншай работы ў яго беларускім зборы. І, ведаеце, мне лёгка было аддаваць яму свае работы. Я ведаў, што яны пераходзяць у вартыя і надзейныя рукі. І яшчэ. Ён, пры сваёй шырокай і глыбокай эрудыцыі і кампетэнцыі ў пытаннях гісторыі, філасофіі, мастацтва, палітыкі і іншых галінах чалавечых ведаў, ніколі не падкрэсліваў гэта, не пазіцыяніраваў сябе адрозным ад іншых. Ён заўсёды трымаў сябе чалавекам сціплым. Карацей, Анатоль Яўхімавіч, у адрозненне ад некаторых так званых пакліканых, у якіх амбіцый на 99 адсоткаў, а амуніцыі ледзь на адну адсотку цягне, і ў гэтым плане не насіўся з сабою. Але гэтыя “пакліканыя” не любілі яго і як маглі толькі – імкнуліся псаваць яму кроў.

Яўген Гучок: Некаторыя, акцэнтуючы-педаліруючы ўвагу на адсутнасці ў Анатоля Яўхімавіча спецыяльнай адукацыі, сцвярджалі, што ён у абсягу мастацтвазнаўства быў амаль дылетантам. На Ваш погляд, ці ўпэўнена ён пачуваўся ў галіне тэорыі і гісторыі выяўленчага мастацтва, ці было ў яго дакладна акрэслена разуменне эстэтычнай, этычнай, філасофскай, сацыяльнай і г.д. функцый мастацтва, ці дастатковы ў яго быў узровень ведаў і адчуванняў мастацтвазнаўца-аматара, каб, скажам, заняць пачэснае месца сярод мастацтвазнаўцаў-прафесіяналаў?

Леанід Шчамялёў: У мастацтвазнаўстве Анатоль Белы сваімі ведамі, сваёй пазіцыяй, угрунтаванай на ўніверсалізме, гэтых некаторых пераўзыходзіў на некалькі парадкаў. Ён адчуваў, разумеў і цаніў сутнасць і прыгажосць у поўнай меры. Я ведаў, каму аддаваў свае работы. І ніколі не шкадаваў аб гэтым. У Анатоля многім і многаму можна было навучыцца. Ён ад прыроды быў такой асобай. Адмоўнае ў яго адрас і ў сэнсе ведання мастацтва мог гаварыць толькі той, хто сам сабой не так ужо многа ўяўляе.

Яўген Гучок: Якому сярод такіх відаў мастацтва, як жывапіс, графіка, скульптура, дэкаратыўнае, медальернае і інш. Анатоль Яўхімавіч аддаваў большую перавагу?

Леанід Шчамялёў: На першым месцы ў яго была тэма з беларускай накіраванасцю. Ён быў вельмі нацыянальным чалавекам з шырокімі інтарэсамі. Дакладней, ён не быў так званым запечным патрыётам. Беларусь ён разглядаў у кантэксце сусветнага ўніверсума з яе “пачэсным пасадам між народамі”.

Яўген Гучок: Які з накірункаў і метадаў мастацтва (класіцызм, сентыменталізм, рамантызм, рэалізм, мадэрнізм, пастмадэрнізм і г.д.) быў яму як калекцыянеру і проста ўлюблёнаму ў мастацтва чалавеку найбольш блізкі ці, скажам так, – да спадобы?

Леанід Шчамялёў: Яго рэальныя думкі грунтаваліся на рэальным жыцці. Адстароненасць, адцягнутасць ад рэалій рэчаіснасці яго мала цікавіла і амаль не вабіла. Праўдзівы ход развіцця – вось тая зыходная, якой ён кіраваўся ў сваім жыцці і дзейнасці. І заўважу, у гэтым сэнсе перад усім для яго была Беларусь.

Яўген Гучок: Як Анатоль Яўхімавіч ставіўся да эстэтычных канцэпцый “мастацтва для мастацтва”, “чыстае мастацтва” і г.д., калі там сцвярджаецца самакаштоўнасць мастацкай творчасці, незалежнасць мастацтва ад грамадска-палітычнага, сацыяльнага жыцця, вядома, у прасторы часу?

Леанід Шчамялёў: Ён добра разумеў левае і правае, прамое і крывое, але ніколі не адрываўся ад беларускай зямлі. І таму ў першую чаргу ў поле яго зроку траплялі творы беларускай тэматыкі.

Яўген Гучок: Як Вы лічыце, ці мае важнае значэнне ў творчасці мастака грамадзянская, асабліва патрыятычная пазіцыя? Ці не захіляе, не падмяняе, не аслабляе яна часам крытэрыі ацэнкі твораў на высокую ступень умельства, майстэрства мастака? Як, на Вашу думку гэта разумеў Анатоль Яўхімавіч?

Леанід Шчамялёў: Як эстэтычна адукаваная асоба Анатоль Белы, безумоўна, цаніў майстэрства ў мастака ці то ў бытавых сцэнах, ці то ў сцэнах батальных, ці то ў партрэце, ці ў нацюрморце і г.д. праз праўдзівую, няхай сабе і суровую прыгажосць (вось вам і рэалізм ды яшчэ і без берагоў!). Але ізноў жа, як героя старажытнагрэчаскіх міфаў Антэя цягнула і прыдавала яму сілу родная зямля, так і Анатоля Яўхімавіча прыцягвала зямля Беларусі.

Яўген Гучок: Пры ацэнцы мастацкіх твораў на гістарычную тэматыку, асабліва – беларускую, ці адчуваўся ў Анатоля Яўхімавіча прафесіяналізм як гісторыка і філосафа. А можа, там пераважалі больш эмоцыі, гарачая любоў да Бацькаўшчыны?

Леанід Шчамялёў: Як чалавек шырока адукаваны і ўнутрана развіты ён тут, як кажуць, не перагінаў; ён заставаўся ўраўнаважана-рэалістычным ацэншчыкам твораў і адбітых на іх падзей. І ў адрозненне ад некаторых спекулятыўных суб’ектывістаў заставаўся цвярозым аб’ектывістам, праўда, не пазбаўленым часам празмернага, але ўсё ж апраўданага і здаровага пафасу.

Яўген Гучок: Ці быў апроч мастацкага і патрыятычнага, які іншы падыход у Анатоля Яўхімавіча пры стварэнні сваіх калекцый і музея? Як вы лічыце? Можа, ёсць таму якія доказы?

Леанід Шчамялёў: Музей стварыць – гэта вельмі цяжка і надзвычай складана. І таму які тут можа быць іншы інтарэс! Беларускі музей для Беларусі – вось і ўвесь тут інтарэс! І не трэба ніякіх і нічаму доказаў!

Яўген Гучок: Карыстаючыся тэрміналогіяй вызначэння метадаў мастацтва, як можна ахарактарызаваць асобу Анатоля Яўхімавіча Белага: хто ён – неўтаймованы рамантык, суровы рэаліст, мадэрніст без бераагоў ці іншы хто? І ў якой ступені гэта паўплывала на яго ўнутраны свет, на ягоныя патрэбу і прыход у краіну мастацтва?

Леанід Шчамялёў: Ведаеце, ён быў і рамантык, і рэаліст адначасова, як адначасова – сціплы і маторны, далікатны і напорысты. Паўтаруся, што ён пры сваім шырокім поглядзе на свет быў вялікім патрыётам сваёй Радзімы, свайго народа, сваёй гісторыі. Ён і жыў гэтым. І пры  любой адмоўнай сітуацыі, у першую чаргу, вядома, для беларушчыны, ён гатовы быў нават ваяўніча заступіцца за справядлівую справу.

Яўген Гучок: А ці можна пагадзіцца з тым, вядома, і ў святле, і ў кантэксце ўсяго тут сказанага і беручы пад увагу яго цярплівасць і вынослівасць у пэўных жыццёвых сітуацыях, што Анатоль Яўхімавіч быў, фігуральна кажучы, чалавекам народным?

Леанід Шчамялёў: Безумоўна, можна. Ён жа і выйшаў з самай глыбіні свайго беларускага народа.

Яўген Гучок: І, відаць, цяпер самае джэльтменскае пытанне. На Вашых карцінах, пераважна – партрэтах, нельга не заўважыць прысутнасць прыгожых жанчын – як знешне, так і ўнутрана. У іх абліччы адбіты цнатлівасць і цвёрдасць, улюблёнасць і адданасць, перакананасць і патрыятызм і іншыя станоўчыя духоўныя якасці высокай пробы. Ваш піетэт да не такой ужо слабай палавіны чалавечага роду – відавочны і, канечне пераважнай большасцю мужчын – прыймальны. А што можна сказаць пра Анатоля Яўхімавіча ў яго стасунках з жанчынамі ў мастацтве – як творамі, так і творцамі? Дарэчы, у яго самога былі і засталіся свае дзве цудоўныя жанчыны, якія, як я разумею, з’яўляліся надзейнымі апірышчамі і падтрымкай у жыцці і дзейнасці. Гэта – жонка Ала Мікалаеўна і дачка Святлана Анатольеўна.

Леанід Шчамялёў: Пра жанчын мы з Анатолем Яўхімавічам неяк спецыяльна ніколі не гаварылі. Я ведаю, што на гэтую тэму, як і на тэму выпівак ён ні з кім не распаўсюджваўся. Валачобствам за спадніцамі і п’янствам наш герой не займаўся. Ведаю, што ў яго былі добрая жонка і цудоўная дачка, якая сёння жыве ў Амерыцы і займаецца там беларускімі справамі. Ён сам мне пра гэта гаварыў. І гэта, вядома, ідзе ад яго. І гэта, безумоўна, – ухвальна. Я з задавальненнем напісаў бы яе партрэт. А да жанчын як на карцінах, так і як да жанчын-творцаў Анатоль Белы ставіўся як прафесіянал-мастацтвазнаўца. А ўвогуле жанчын Беларусі ён лічыў вельмі прыгожымі.

Яўген Гучок: Шчыры Вам дзякуй за размову аб незабыўным Анатолю Яўхімавічу Белым. Мір яго душы і светлая памяць аб ім!

Леанід Шчамялёў: Калі ласка! Шчыры дзякуй і Вам за памяць аб выдатным чалавеку. Мне было прыемна адказаць на Вашы цікавыя пытанні. Прыходзьце да мяне ў майстэрню, наведвайце маю галерэю. Мне будзе толькі прыемна. Можа вып’еце што? Не? Чаму? Не п’яце ўвогуле? Ну і правільна! Усяго Вам найлепшага! Да новых сустрэч!

 

24 – 27 сакавіка 2012 г.

Яўген Гучок, паэт