Старасвецкая Беларусь
Галерэі
Уваход
Зараз на сайце
Цяпер 41 госцяў анлайн
Як жыве прыватны беларускі музей |
![]() Каб патрапіць ва ўнікальны прыватны нацыянальна-мастацкі музей імя Анатоля Белага неабавязкова ведаць яго дакладны адрас. Дастаткова прыехаць у Старыя Дарогі, раённы цэнтр Мінскай вобласці. і запытаць у мінакоў — абавязкова падкажуць.
— Сюды едуць толькі шчырыя беларусы, якія цікавяцца сапраўднай гісторыяй краіны, — кажа кіраўнік музея Ала Белая. — А на Радуніцу заяжджаюць, каб пакласці кветкі каля бюста Анатоля Белага, стваральніка музея, вучонага, чыё імя, паводле Кембрыджскага ўніверсітэта ў Англіі, увайшло ў спіс ста самых выбітных адукатараў свету.
Сцежкай, якой мы з фатографам ідзем да музея, хадзілі ў свой час многія вядомыя людзі. Сярод іх — былы амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, актрыса Святлана Зелянкоўская. У кнізе водгукаў прыватнага музея яна напісала «Жыве Беларусь!»
Падыходзіш да музейнай сядзібы і дзіву даешся! У гародзе замест традыцыйных клумбаў з кветкамі выраслі незвычайныя па сваёй велічыні камяні-помнікі. Адзін з іх — у памяць змагарам за родную мову. Таксама можна пазнаць помнікі паэтам-эмігрантам Анатолю Бярозку, Ларысе Геніюш, бацьку і сыну Багдановічам, гісторыкам Міколу Улашчыку і Міколу Ермаловічу, Тадэвушу Касцюшку.
Адкуль усё гэта?
Жыў некалі ў Старых Дарогах выбітны беларус Анатоль Яфімавіч Белы, выкладчык БДУ, калекцыянер, краязнавец, дыпламант Міжнароднага Кембрыджскага цэнтру, ганаровы сябра Міжнароднай Акадэміі Навук Еўразіі, сябра саюзаў пісьменнікаў, журналістаў, мастакоў; заснавальнік і старшыня культурна-асветніцкага клуба «Спадчына»; першы дырэктар комплекса «Хатынь» і мемарыяльнага комплекса «Курган Славы».
Цяжка нават уявіць, што ўсе гэтыя пералічэнні належаць аднаму чалавеку!
І была ў яго мара: зрабіць штосьці для сваёй малой радзімы, для Старых Дарог. І ён спраўдзіў сваю мару! На сядзібе сваіх бацькоў спадар Анатоль пабудаваў новы вялікі дом і ў 1999 годзе, на наступны дзень пасля святкавання свайго шасцідзесяцігоддзя, адкрыў там музей. З цягам часу быў пабудаваны і другі двухпавярховы музейны корпус. У выніку атрымалася 500 квадратных метраў экспазіцыйнай плошчы, якую падзяляюць восем тэматычных залаў. Трэба ж было нейкім чынам размясціць у музеі 1700 твораў выяўленчага мастацтва: графіку, жывапіс, скульптуру, а таксама ўнікальны збор медальёнаў — усяго каля 600 экземпляраў.
Якім быў пачатак стварэння прыватнага музея?
Калісьці Анатоль Белы атрымаў ад свайго бацькі некалькі старажытных манет з выявай герба «Пагоня». Менавіта на гэтыя манеты ў сярэдзіне 70-х і набыў Анатоль Яфімавіч некалькі мастацкіх твораў для сваёй будучай калекцыі. А ў пачатку 80-х, не належачы да аніякіх партыйных структур, спадар Анатоль здолеў атрымаць некалькі пакойчыкаў у раённым домакіраўніцтве для экспазіцыі сваёй мастацкай калекцыі. Такім быў пачатак не толькі клуба «Спадчына», але і самога музея.
Анатоль Белы пражыў 71 год. Памёр два гады таму. Зараз музеем кіруе Ала Белая — жонка навукоўца. Яна і распавяла нам, што Анатоль Белы атрымаў ад свайго бацькі моцны характар і любоў да Беларусі. Гэтыя складнікі паўплывалі на лёс яе мужа.
Прыватны музей — сапраўдны Дом беларушчыны, у якім адрадзілася наша гістарычнае мінулае.
— Памятаю, зайшлі ў музей хлопцы з міністэрства надзвычайных сітуацый і, надзіва лёгка, пазналі на карцінах Гедыміна на кані і бітву пад Оршай. А тады і кажуць, што, маўляў, хаваюць ад беларусаў нашу сапраўдную гісторыю, а яна тут — у музеі, — уражана расказала Ала Белая.
Экспазіцыі музея і гісторыі іх стварэння
Прыватны музей захоўвае толькі арыгіналы твораў вядомых беларускіх мастакоў. Над уваходам вісіць карціна з выявай ксяндза Чарняўскага, які трымае ў руках ключы ад дзівоснага саду-рая. А насупраць яго, на столі, вісіць анёл і цягнецца сваімі ручкамі да тых ключоў. Гэта толькі адзін з прыкладаў шматлікіх сімвалаў, якія можна прачытаць у размяшчэнні музейных экспанатаў.
— Спускаючыся па прыступках з другога паверха, міжволі аддаеш паклон «Пагоні», — адзначыла Ала Мікалаеўна. — Гэта заўважылі нават журналісты з дзяржаўнага тэлеканалу, калі здымалі экспазіцыйную залу гісторыі Беларусі ў мастацкіх вобразах з партрэтнымі галерэямі ўсіх беларускіх князёў, святых, асветнікаў.
Нам спатрэбілася больш за тры гадзіны, каб абыйсці ўсе экспазіцыйныя залы.
— Асабліва цікаўным патрэбна тры дні! — сур’ёзна сказала Ала Мікалаеўна.
За некалькі гадоў існавання музей у Старых Дарогах стаў вядомым у многіх кутках свету. Сюды прыязджаюць былыя суайчыннікі і нашчадкі беларускіх эмігрантаў з Амерыкі, Аўстраліі, Расіі, Францыі. Нездарма ў музеі можна знайсці шмат інфармацыі пра беларусаў замежжа, пабачыць партрэты выбітных беларусаў-эмігрантаў. Пад шклянымі стэндамі захоўваецца шматлікая перыёдыка і кнігі, выдадзеныя беларусамі на чужыне.
Увагі заслугоўвае экспазіцыя «Змагарная Беларусь». Яна знаёміць наведвальнікаў з Тадэвушам Касцюшкам і яго паплечнікамі, Кастусём Каліноўскім, з жанчынай-палкоўнікам Эміліяй Плятэр.
Асобныя экспазіцыі музея прысвечаны Якубу Коласу, Янку Купалу, Максіму Багдановічу, Васілю Быкаву. Апошняя налічвае каля 400 экспазіцыйных адзінак. Тут і ілюстрацыі Георгія Паплаўскага да твораў пісьменніка, і нават нацюрморт самога Быкава! Побач з ім ляжаць фарбы і пэндзлікі. Шмат асабістых рэчаў: нататнікі, кубачак для кавы, турка, пояс.
Побач з экспазіцыяй Быкава, на другім паверсе, пад самай столяй, знаходзіцца куток мастака Аляксея Пятрухны. Тут можна пабачыць яго карціну «Ісус у цвіках» — адмысловы беларускі этнаграунд. Над уваходнымі дзвярыма ў экспазіцыйную залу вісіць апошні, здаецца толькі акрэслены, а не пачаты холст Пятрухны. Мастак памёр у сваёй майстэрні, трымаючы пэндзлік. Гэтую апошнюю работу можна ўбачыць у музеі. Мастакі-паплечнікі зламалі той пэндзаль, правёўшы па халсту чорную рыску, нібыта падказваючы тым самым пра трагічную страту.
Ала Мікалаеўна называе сядзібу-музей сапраўдным цэнтрам Еўропы. А ці не лепей назваць гэтае месца цэнтрам беларускай гісторыі? Аднак, каму ўсё гэта застанецца? Хто будзе сачыць за музеем? Цяперашняя яго гаспадыня ўжо немаладая. Віктар Фёдаравіч, сусед Анатоля Белага, у гадах. Сочыць за гаспадаркай стрыечны брат Анатоля Белага, які жыве ў ваенгарадку. Дачка Белага, Святлана, жыве з сям’ёй у Амерыцы. Фінансаванне — адзінае, чым можа дапамагчы з іншага кантыненту.
Узаемадзеянне з мясцовымі ўладамі
Мясцовыя ўлады ў справы музея не ўмешваюцца. Тут без канфліктаў. «І дзякуй Богу», — кажа Ала Мікалаеўна. Уваход у музей безкаштоўны. У іншым выпадку давялося б плаціць падаткі і вытрымліваць шматлікія праверкі. Такім чынам, уласныя сродкі стваральніка музея, затрачаныя на стварэнне і ўтрыманне музея ніколі не акупяцца. Ала Мікалаеўна працягвае займацца справай мужа — даглядае музей, аплочвае камунальныя паслугі за дом і дзве музейныя прыбудовы да яго. Некаторыя экспазіцыйныя залы ўжо патрабуюць рамонту — падлога пачала асядаць. У другім корпусе вельмі халодна. Пару год таму, яшчэ пры жыцці Анатоля Ефімавіча, узімку двойчы лопаліся батарэі. Давялося выносіць карціны ў цяпло і сашкрабаць з іх снег.
Студэнты і выпускнікі БДУ, памятаеце скульптуры Міколу Гусоўскаму, Францыску Скарыне, Еўфрасінні Полацкай, Кірылу Тураўскаму ў дворыку БДУ? Але ці многія ведаюць, што іх усталявалі дзякуючы фундатарству і арганізацыі Анатоля Белага? І па ўсіх значных мястэчках Бацькаўшчыны, куды б не паехалі, быў Анатоль Белы і ставіў помнікі гістарычным асобам. Наш выбітны зямляк увекавечыў памяць Максіма Багдановіча нават у Яраслаўлі! Самастойна вывозіў з Беларусі ў Расію той помнік.
Нацыянальная памяць вартая нашай увагі. За ўваход у Старадарожскі прыватны нацыянальна-мастацкі музей Анатоля Белага наведвальнікам плаціць не трэба. Аднак можна спрычыніцца да захавання гэтага ўнікальнага месца, паклаўшы свае ахвяраванні ў адмысловую драўляную скрыначку. Так робяць вернікі, якія ходзяць у храмы. А ў беларуса ёсць свая гістарычная Мекка — музей у Старых Дарогах.
Як патрапіць у музей?
Уваход у музей вольны, ёсць экскурсавод, але, каб парапіць у музей, трэба папярэднен звязацца з Алай Мікалаеўнай ці Міхаілам Антонавічам Белымі.
Адрас музея: г. Старыя Дарогі, вул. Садовая, 52.
Кантактныя нумары ў Старых Дарогах:
(017 92) 57-068 Ала Мікалаеўна Белая,
(017 92) 593-88 Міхаіл Антонавіч Белы.
У Мінску: (017) 245-66-08
|