БАЛАДА ВАСІЛЯ ЦЯПІНСКАГА (1530-я—1599 або 1600)
Евангелле на мове роднай у руках Трымаеш, як цагліну, што ў падмурак ляжа Айчыны Храма, што не збурыцца ў вяках І беларусам, як ты жыў, раскажа.
І чуем свет, што роднае любіць—не грэх, Бо толькі роднае не здрадзіць нам ніколі. Зноў на Айчыну сыплецца, як попел, снег, Ды не схавае да друкарні сцежку ў полі Ні снег, ні травы, што аднойчы аплятуць І нашыя сляды, і замкі, і магілы.
І ты да нас ідзеш і за табой ідуць Усе, каму наш родны край заўсёды мілы І ў час завей, і ў час грымоты і дажджоў, І ў здраднай цішыні, і ў час змагання, Калі, нібы вада, ільецца наша кроў, Што аніколі мёртваю вадой не стане, Бо гэта наша кроў і ў ёй агонь жыве, Які нам сцежкі да Айчыны асвятляе, Як—і крыжы, што на касцёле і царкве. Чужых крыжоў на Храмах нашых не бывае.
Евангелле на роднай мове мы ў руках Трымаем, як цагліну, што ў званіцу ляжа Айчыны Храма, што не збурыцца ў вяках І заўтра ўсім пра час, дзе мы жылі, раскажа.
|