БАЛАДА ЯНА БАРШЧЭЎСКАГА (1790—12.03.1851)
Зноў дождж ідзе змываючы сцяжыны, Якімі нам вяртацца ў родны свет, Дзе беларусы ёсць, а ў іх Айчына-- Як за Хрыстом ёсць жыватворны след. А Плачка ўсё блукае па Прыдзвінні. Яна з тваёй шляхецкаю душой. Магілы ж нашыя не змыюць ліўні, Што ў хмарах тых, якія над зямлёй Над нашаю і з захаду, і ўсходу Плывуць, жадаючы, каб заўтра мы Забыліся, якога радаводу Мы тут, дзе нашы Храмы і дамы Адвечныя і, як зямля, святыя, Бо нашыя, бо з нашаю крывёй... Галодны воўк на поўню нема вые, Туман, як замак белы, над травой Плыве праз нас, а Плачка ўсё блукае Па Беларусі, у якой нам вечна жыць, Нягледзячы на тое, што знікае Адвечнае і часта дождж імжыць...
|