БАЛАДА ТАМАША ЗАНА (21.12.1796—19.07.1855)
Прысніцца Вільня, нібы сонца ўзыдзе, І ты зноў прачынаешся ў слязах Не ад таго, што сумна ці ты ў крыўдзе, А з гонару, што выбраў цяжкі шлях Да Беларусі, што далёка сёння, Як зоркі, што нібы рамонкі ў лёне, Які цвіце ля вёскі Мясата, Дзе ўпершыню сказаў ты слова “мама”… Жыццё цячэ, але не як вада,-- Як кроў цячэ, як шлях праз твань да Храма. І ў дзённіку натуеш ты сваім Пра халады і пра багацце Ўрала. Ды ўсё чужое тут і толькі дым, Як родны, абдымае і памалу Плыве на захад, кліча за сабой. Ды з высылкі ты не ўцячэш нікуды, І будзе сэрца поўніцца журбой, Ну а журба—адвечная атрута Для сэрца і душы, якія плачуць, Якія Беларусь праз далячыні бачаць, Але па-польску шэпчуць да яе, Да Вільні той, якой для нас не будзе… Груган ляціць, і салавей пяе, І да сваіх крыжоў прыходзяць людзі.
|