БАЛАДА ВАЛЕНЦІЯ ВАНЬКОВІЧА (12.05.1800—12.05.1842)
Парыж, як лёд, халодны і чужы. Ты ўцёк сюды, каб тут памерці з суму, Каб на тваім, нібыта меч, крыжы Сядзелі птушкі, як аб волі думы, Як думы аб Айчыне, дзе вясна І без цябе ўжо ў лета перальецца…
Зноў прад табой мальберт, нібы сцяна, Ды за яго схавацца не ўдаецца Ні ад сябе, ні ад паноў-сяброў, Якім не ты патрэбен, а партрэты. І ты малюеш іх ізноў, ізноў І верыш, што ўсё так-- ад Бога гэта…
Вясна ў Парыжы, пад нагамі лёд І ты ідзеш няспешна па Парыжы І п’еш святло вакон, як шчасця мёд, І поўня ў небе, як анёлак рыжы, Па-над табой, па-над тваім жыццём, Якое скончыцца ў твой дзень народзін І свет ахопіцца тваім агнём, І адлюструецца, нібыта ў лёдзе, У залатых вачах былых сяброў…
І толькі над табой паэт заплача, Бо ён, што бачыў ты, таксама бача…
|