БАЛАДА ВОЛІ КАСТУСЯ КАЛІНОЎСКАГА |
БАЛАДЫ БЕЛАРУСКАГА ШЛЯХУ
|
БАЛАДА ВОЛІ КАСТУСЯ КАЛІНОЎСКАГА (2.02.1838—22.03.1864)
Беларусь—не царам маскоўскім, Беларусь—не варшаўскім панам! Алесь Дудар Што выбраць: волю ці няволю?— Хутчэй для здрадніка пытанне. У змагара ліхая доля, Са смерцю вольнае каханне.
Чужынцам крыўская пагоня Спакойна на дае ўладарыць, Таму й пяюць хвалу кароне І нішчаць вольныя штандары.
А хто чужы? Хто здрадзіў волі, Сваю зямлю прадаў за словы. А хто свае? Хто ў ратным полі За Край паклаў свае галовы.
І хай разгромлена паўстанне, І хай панішчаны штандары, Але не можа быць пытання: Каму Айчынаю ўладарыць?
|