БАЛАДА АДАМА ГУРЫНОВІЧА (13.01.1869—23.01.1894)
На могілках не адшукаць магілы, Ды й могілак саміх не адшукаць. Каля дарогі крыж стаяў пахілы, Няма дарогі, быльнягі шумяць. А ты не думаў, што вось гэтак будзе У краі родным, пра які ты сніў. Ды ўсё мяняецца, тым болей людзі, Калі іх адарваць ад родных ніў, Ад родных слоў, ад песень і ад казак, Што з веку ў век з адной душы ў душу Ішлі і напаўнялі свет наш ласкай, Як поўніцца рака пасля дажджу У час задушлівы жывой вадою. І ты хацеў, каб родны край заўжды Быў, як рака, напоўнены жывою Вадой і каб, нібыта да вады, Да родных слоў, да песень і да казак Усе імкнуліся, бо з імі край, Няхай праз сотню год, а не адразу, Усё-ткі ператворыцца ў наш рай, У беларускі, дзе і твой фальварак Паўстане з траў, не згубіцца ў вяках, Як і твая аб Беларусі мара, Прыгожая, нібыта ў Вільню шлях…
|