БАЛАДА АЛЯКСАНДРА УЛАСАВА (16.08.1874--11.03.1941)
Ужо далёка Менск, далёка Вільня, А сонца ўсё няма і ўсё няма, І быць не можа сонца, бо зіма Па-над тваёй дарогаю магільнай Аблокі прымарозіла да зорак І замяла каля дарог крыжы. Старыя вулкі Вільні-- гэта ўчора, Учора-- гэта радасць на душы З таго, што на адной канапе сесці Нам, беларусам, не хапае месц. Учора-- гэта менскія прадмесці, Газеты і часопісы, дзе змест Наш беларускі і адвечна горкі, І родны, як Вілейскія пагоркі, Дзе вырас ты, каб Беларусь была, Як сонца ёсць па-над тваёй душою…
А сёння снег, як попел ад святла, Ляжыць наўкол спакойна прад табою, Бо што яму, што любіш ты Айчыну І што яе бяда-- твая бяда. Жыццё людское-- вечнасці хвіліна, Дзе кроў твая жывая-- не вада, Што размывае родныя прасторы І новых дзён святую чысціню, Дзе знікне ўсё, як у бязмежным моры, Але не знікнуць Божаму агню І Беларусі, да якой мы дойдзем Няхай хоць і праз цэлае стагоддзе. Цябе ж вязуць, а сонца ўсё няма, І быць не можа сонца, бо зіма І Менск далёка, і далёка Вільня, І зоркі над дарогаю магільнай, Нібы вуголле, дзе была турма…
|