БАЛАДА ВЯРТАННЯ БАГДАНОВІЧА (9.12.1891—25.05.1917) 1.
Далёка-далёка ля сіняга мора Душа не знаходзіць спакою зямнога. І чайкай лятае над сумным прасторам, І просіць спагады-- не вечнасці-- ў Бога.
Душа на радзіму даўно б паляцела, Ды кінуць не можа паэтава цела, Якое зямлёю ўжо стала сырою, Даўно адшумеўшы самотнай травою.
Нялёгка знайсці да магілы сцяжыну-- Далёка-далёка, як сонца, Айчына, Дзе разам змяшалася шчасце і гора І воран крыляе над пыльным прасторам, А ў пыле смяротная дрэмле атрута.
У Храмы заходзіць сучасны Іуда І моліцца Богу, не любячы Бога, І ведаць не хоча нікога, нікога, Тым болей паэта, які на чужыне Быў верным гаротнай, нявольнай Айчыне.
Ды ёсць яшчэ людзі, што мараць пра волю І помняць паэта, ягоную долю, І хочуць вярнуць на радзіму Максіма З чужога, далёкага, тлумнага Крыма…
…Душа на радзіму даўно б паляцела, Ды кінуць не можа паэтава цела, Што стала зямлёю Чужой і маёю… 2.
Максім Багдановіч... Максім, Самотны, нібы пілігрым, Які хоць вярнуўся дамоў, Ды толькі свой дом не знайшоў, Як нельга магіл адшукаць, Дзе рыцары нашы ляжаць... Максім Багдановіч... Максім, Мы разам з табою ляцім Да зорак, што светла гараць У небе, куды не глядзяць Самотныя людзі з вакон, Счарнелых, нібыта ікон... Максім Багдановіч... Максім, Жыццё сёння наша, як дым, З якога не бачна жыцця, Нібыта не бачна лісця На дрэвах, што ссохлі вясной, Калі развітацца з табой Нам дадзена лёсам было... Але не прапала святло, Якое ты нам запаліў На гэтай прыгожай зямлі, Дзе мы тут спрадвеку былі І будзем, як гэты прастор, Як гэта імкненне да зор... Максім Багдановіч... Максім...
|