БАЛАДЫ БЕЛАРУСКАГА ШЛЯХУ
|
БАЛАДА МАКСІМА ГАРЭЦКАГА (6.02.1893--20.03.1939)
Цёмна, цёмна ў родным краі. На крыжах вятрыска грае. Дзе святло? Святла няма. Доўга цягнецца зіма.
Нібы воўк, завея вые. Люд маўчыць. Няўжо— нямыя? Да агню ідзе Максім. Воўчы цень ідзе за ім.
А наўкол адна бядота, І жыццё-- нібы балота. Што з таго, што ні граша! Ёсць галоўнае—душа У людзей, што ў родным свеце Патаемна сняць аб леце.
Цёмна, цёмна— хоць ты плач,-- З неба зоры ўкраў крумкач. Да святла дайсці ўсё ж трэба. Тут зямля, тут наша неба, Тут шынок, а тут турма, Нават нашая зіма.
На крыжах завея грае. Кожны крыж свой выбірае. А ў Гарэцкага дарога-- Да вясны, Святла і Бога…
Дойдзе, дойдзе наш Максім. Нам ісці лягчэй за ім.
|