БАЛАДА ВАЛЕРЫЯ МАРАКОВА (14.03.1909--29.10.1937)
Не вярнуцца дахаты паэту, Як і зорцы, што ўпала, у неба Не вярнуцца з крывавае Леты, Дзе паэтам нічога не трэба. І няма на Айчыне прарока. Ёсць чырвонае лісце, як кроў. Тут да смерці сягоння-- паўкрока, І, як зорка за хмарай,-- любоў.
Ты глядзіш на турэмныя сцены, Як на ноч, што ваўчэе штоміг, Дзе счарнелыя краты, як вены На руках у забойцаў тваіх.
Але верыш ты ў светлае ранне, Як у Бога, што помніць пра нас. І яно ў нашы хаты загляне, Хоць, як сонца, далёка наш час.
Ты на неба глядзіш, там не зоры, А там кроў, як на столі турэмнай. І твой крык толькі рэха паўторыць І схаваецца ў цемры падземнай, І травой прарасце праз каменне, І ажывіцца ў сэрцах людскіх: “Не паставіць народ на калені Нат забіўшы паэтаў усіх!”
|