БАЛАДА АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА (6.02.1914—4.02.1978)
“Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая.”— Складаўся верш і плакала твая душа, Бо бачыла, як наша мова дагарае На ўсходзе зор чырвоных, што заміж крыжа, Які ўтапталі людзі ў гразь, сарваўшы з Храма, І ў стайню Храм ператварылі, дзе б і ты Не беларусам быў, а—беларускім хамам, Якому родны край, як ля карчмы кусты….
А час ляціць, ляціць, нібыта воран чорны. І кожны хоча жыць, а не ў зямлі ляжаць У дзень пад небам сонечным, а ў ночы—зорным. Ты пішаш вершы, бо не можаш не пісаць На мове продкаў, што знішчаецца, знікае, Але жыве, бо сёння пішаш ты на ёй. І cотня пройдзе год і нехта ж прачытае Твой верш, нібы глыне глыток вады жывой: “Хай ісціны старэюць з году ў год, Хай сэрца разрывае гук жалезны, А ты за ўсё ў адказе, мой балесны, За мову, за дзяржаву, за народ!” І ўбачыць ён, як сонца сумна дагарае На захадзе, і праз стагоддзе за табой: “Жыві, абуджаная ў сэрцы, дарагая…” Паўторыць ціха і слязу змахне рукой…
|