БАЛАДА ГЕНАДЗЯ КІСЯЛЁВА (19.03.1931—14.11.2008)
Яшчэ не выпаў снег на шэрыя палі, А твой касцёр прыціх, каля якога мы Ніколі не баяліся вятроў зімы, Бо мы ў наш час каля кастра з табой былі.
І ты шукаў, і ты знаходзіў і казаў, Што мы—народ і нам Еўропа—родны дом, Дзе месца наша ёсць і будзе за сталом, А не на вуліцы, дзе снег ужо схаваў Усё, што мог ад нас за два вякі схаваць.
Снягі й цяпер на нашыя шляхі ляцяць, Не засыпаючы высокіх шэрых траў, Што выраслі сярод камення і крыжоў, Дзе крыж і твой не знікне ў снезе і ў траве, Бо мы тут ёсць і наша Беларусь жыве, Якую ты шукаў, якую ты знайшоў, Як той касцёр у полі, ля якога мы Былі з табой і не баяліся зімы.
І пройдзе снег, бо ты цяпер свой шлях прайшоў, Пакінуўшы вуголле беларускіх слоў, Дзе ёсць Надзея, Вера і Любоў…
|