БАЛАДА ГАЯ ДЭ ПІКАРДА (20.07.1931—21.04.2007)
Туманны Лондан, як каменны човен шэры, Плыве праз акіян і праз вякі плыве. І нехта ў сонцы бачыць залатыя дзверы, А ты—крыжы, што на касцёле і царкве У Беларусі, для якой ты станеш родным Праз мову і праз музыку дарог. Калі ў людзей ёсць Бог—тады народ свабодны, Калі народ свабодны—ёсць у сэрцах Бог. І ты пра Беларусь расказваеш ангельцам І беларусам адкрываеш Беларусь, Якая ў нашых продкаў начавала ў сэрцах, Чакаючы стагоддзямі сваю зару, З якой узыдзе нашай Беларусі сонца, Дзе будзе крыж касцельны і—царкоўны крыж, Як два анёльскія крылы, якім бясконца Над намі быць. І ты, замоўкшы, не маўчыш У сэрцах тых, што разбураюць сёння сцены Паміж народамі, дзе ты не быў чужым. І ты ў касцёл святых Сымона і Алены Прыйшоў і прахам назаўжды застаўся ў ім, Каб Беларусь была, нібыта човен белы, Які праз мора траў і праз вякі плыве, Дзе нехта ў сонцы бачыць да багаццяў дзверы, А ты—крыжы, што на касцёле і царкве.
|