БАЛАДА ГЕНАДЗЯ КАХАНОЎСКАГА |
БАЛАДЫ БЕЛАРУСКАГА ШЛЯХУ
|
БАЛАДА ГЕНАДЗЯ КАХАНОЎСКАГА (8.01.1936-- 15.01.1994) Па Віленскай зямлі, нібыта па Галгофе, Самотны беларус няспешліва ідзе. Ён ведае, што мы народжаны ў Еўропе, І тут нам толькі жыць і болей анідзе, Бо тут забытыя крыжы далёкіх продкаў І толькі нам іх адшукаць, і толькі нам На роднае зямлі спыняць агню паводку, Якая можа змыць наш самы белы Храм, Адзіны ў свеце, дзе не ведаць адзіноты Ніколі нам, бо мы спрадвеку тут жылі І нашы хаты, старадрукі і кляйноты, Як наша кроў у травах Віленскай зямлі, Жывуць і будуць жыць, бо беларус самотны Няспешна, бо задумлівы, усё ідзе І толькі роднае Ён называе родным, Якое не аддаць нікому і нідзе. І кажа Ён: “Я не адзін і слава Богу! Мы пройдзем спёкі ціш і замяці зімы… І нашы ўжо ідуць і ў Храм вядзе дарога І кожны ведае, што Віленскія мы…”
|