БАЛАДА ВАСІЛЯ САХАРЧУКА (10.07.1953—27.01.2003)
Цябе няма, але ты ёсць— адсутны На час, які ўжо знаеш толькі ты. Цяпер ты пэўны: ісціна і сутнасць— Як у віне, у свеце нематы, З якога не вяртаюцца дадому, Каб расказаць, дзе быў і што рабіў, Каб зразумелым стала тут любому, Што ты жыццё, не больш віна, любіў… Цябе няма, як нас няма ў тым свеце, Якога мы не ведаем яшчэ. Ты светам стаў, які самотна свеціць У ціхае слязіне на шчацэ У той адной, што сёння зразумела— Цябе няма і ўжо не будзе тут, Дзе пад крыжом тваё, як кокан, цела Ляжыць, не помнячы зямных пакут, З якіх душа ляпілася, як з гліны Небачнае небачны той сасуд, З якога п’е жыццё і сэнс Айчына І кожнаму дае для шчасця кут… Цябе няма і хутка нас не будзе На час, якога мы не знаем тут. Не будзе нас, нібы віна ў сасудзе, І будзем свет, як без віна сасуд…
|