Янка Купала
СПАДЧЫНА
Ад прадзедаў спакон вякоў Мне засталася спадчына Паміж сваіх і чужакоў Яна мне ласкай матчынай.
Аб ёй мне баюць казкі-сны Вясеньнія праталіны, I лесу шэлест верасны, I ў полі дуб апалены.
Аб ёй мне будзіць успамін На ліпе бусел клёкатам I той стары амшалы тын, Што лёг ля вёсак покатам
I тое нуднае ягнят Бляяньне-зоў на пасьбішчы, I крык вароніных грамад На могілкавым кладзьбішчы.
I ў белы дзень, і ў чорну ноч Я ўсьцяж раблю агледзіны, Ці гэты скарб ня збрыў дзе проч, Ці трутнем ён ня зьедзены.
Нашу яго ў жывой душы, Як вечны сьветач-полымя, Што сярод цемры і глушы Мне сьвеціць між вандоламі.
Жыве зь ім дум маіх сям'я I сьніць зь ім сны нязводныя... Завецца-ж спадчына мая Ўсяго Старонкай Роднаю.
|