У Вільні ўшанавалі памяць Кастуся Каліноўскага |
Сёння, 21 сакавіка, у Вільні ўшанавалі чарговую гадавіну з дня смерці нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага.
22 сакавіка ў далёкі 1864 г. царскія акупанты павесілі на Лукішскай плошчы Вільні таго, хто змагаўся за нашу свабоду. Такім чынам сёння тыя, хто лічыць сябе беларусам і неабыкавы да лёсу свае шматпакутнае Бацькаўшчыны сабраліся, каб аддаць памяць і даніну павагі слаўнаму сыну нашае зямлі. Беларусы могуць ганарыцца, што ў іх жыцці быў Кастусь Каліноўскі. І сёняшні дзень засведчыў пра гэта. Вуліцамі Вільні пад бел-чырвона-белымі сцягамі і старажытным гербам Пагоня пракрочыла калона беларусаў Вільні. І можна так сказаць, яны прайшліся апошнім зямным шляхам Кастуся Каліноўскага. Яго цела з Лукішскага пляцу царскія сатрапы перавезлі і пахавалі ў брацкай магіле на гары Гедыміна, дзе ў той час і стаяў расейскі гарнізон. Пасля рускія акупанты знішчылі і гэта месца, дзе спачываў вечным сном наш нацыянальны герой. І сёння беларусы, ушаноўваючы памяць слыннага сына свайго народа, прайшлі тымі месцамі, дзе наш герой адыходзіў у Нябесную Беларусь. Прыемна было адзначыць, што ў гэты дзень сабраліся беларусы Вільні, якія прадстаўлялі многія накірункі і розныя палітычныя погляды. Кастусь Каліноўскі ў гэты дзень аб'яднаў разрозненныя шэрагі беларускай супольнасці крывіцкай Меккі. Арганізатарамі былі Таварыства беларускай культуры ў Літве і Беларуская нацыянальная памяць.
Алесь Адамковіч.





















Здымкі Зміцер Віленскі.
|