БАЛАДА БАРЫСА САЧАНКІ (15.05.1936—5.07.1995)
У кнігах, што сабраў ты, Беларусь жыве, Змагаецца, святкуе, плача і пяе І мае Бога і ў касцёле, і ў царкве, І шмат хто любіць, як жыццё, найбольш яе, Чым тую Беларусь, дзе ты даўно жывеш І любіш, і кахаеш, быццам першы раз, І кнігу прад сабой, нібы абраз нясеш, Нібыта праз агонь, праз ветравейны час.
І ў кнігу ты глядзіш, глядзіш, нібы ў вакно Стагоддзяў, што прайшлі і што ідуць яшчэ. І клічаш нас глядзець. А мы ўсё п’ем віно, Яно, нібы агонь, але, як кроў, цячэ. І ліпы ўжо цвітуць, і пчолы носяць мёд, І ўжо, здаецца, гэтак будзе тут заўжды. Але ў крыві ёсць лёд, ідзе да сэрца лёд, Каб сэрца стала кропляй мёртвае вады.
І раптам за тваім вакном густы туман, Ён светла з неба апусціўся на зямлю Забраць тваё жыццё—прыпынены раман На словах беларускіх: “Беларусь люблю…”
|