Старасвецкая Беларусь
Галерэі
Уваход
Зараз на сайце
Цяпер 507 госцяў анлайнБАГУСЛАЎСКІ (Bogusіawski) |
БАГУСЛАЎСКІ (Bogusіawski) Канстанцін (12.9.1754 — 14.3.1819)
Рэлігійны i грамадскі дзеяч, філосаф, правазнавец, тэолаг, калекцыянер. Месца нараджэння невядома. Працаваў пераважна ў Вільні. Прафесар Галоўнай школы Вялікага княства Літоўскага, член Адукацыйнай камісіі. Закончыўшы курс навук у грамадскім вучылішчы ў Злачаве на Харкаўшчыне, уступіў у ордэн піяраў i быў выкладчыкам у ix школах у Міжрэччы на Валыні i ў Варшаве. У 1790 прызначаны прафесарам багаслоўя ў Віленскі універсітэт, у якім з 1804 па 1812 быў дэканам факультэта багаслоўскіх i маральных навук, i адначасова капеланам. Перайшоў па дазволе папы ў свецкае духавенства. Склаў зборнік біяграфій дзяржаўных дзеячаў Вялікага княства Літоўскага i Рэчы Паспалітай (Варшава, 1788, 2е выд., Вільня, 1814). Сабраў больш за 200 партрэтаў знакамітых людзей краю. Пабудаваў для гэтай калекцыі асобны дом у Вільні. Пасля смерці Б. калекцыя была распрададзена з публічных таргоў. Аўтар кнігі «Пра дасканалае заканадаўства» (1786), у якой поруч з натуральным правам як асновай справядлівага заканадаўства разглядаў чалавека як адзінства двух субстанцый — матэрыяльнай i духоўнай. Падзяляў асветніцкае палажэнне пра рашаючую ролю адукацыі i навукі ў жыцці грамадства, што чым больш будзе адукаваны народ, тым дасканалей будуць яго законы. Б., як i І.Страйноўскі, абгрунтоўваў неабходнасць канстытуцыйных форм кіравання, крытыкаваў самадзяржаўе i арыстакратычную алігархію. Асветніцкая накіраванасць адчувалася ва ўсёй яго творчасці, лекцыйным курсе i ў рабоце адукацыйнай камісіі.
Літ.: Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973. С. 224—225; Идеи гуманизма в общественнополитической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977; Бирало А.А.Философские проблемы в науке эпохи Просвещения в Белоруссии и Литве. Мн., 1979. Э.К.Дарашэвіч. |