Старасвецкая Беларусь
Галерэі
Уваход
Зараз на сайце
Цяпер 29 госцяў анлайнВАШЧАНКА Васіль |
Максімавіч (2я палова 17 — 1я палова 18 ст.)
Беларускі друкар, ксілограф, адзін з асноўных прадстаўнікоў магілёўскай школы гравіравання. Сын М.Я.Вашчанк/. Працаваў у 1694—1730 у друкарні Магілёўскага Богаяўленскага брацтва. Творы з подпісам «Василий В.», «Василий Вошчанка» сустракаюцца ў 7 кірылічных выданнях друкарні яго бацькі і Магілёўскага Богаяўленскага брацтва, датаваных 1699—1754. Аднак арыгінальныя падпісаныя гравюры В. змешчаны ў выданнях 1699—1730, a ў трох наступных выданнях выкарыстаны старыя формы. Чатыры падпісаныя дрэварыты В. ўпрыгожваюць тытульныя лісты кніг Іаанікія Галятоўскага «Неба новае» (1699), Кірылы Транквіліёна Стаўравецкага «Перла мнагацэннае» (1699), Дзмітрыя Растоўскага «Жыціі святых» (1702), «Актоіх» (1730). Рамка тытульнага ліста да кнігі «Неба новае» вызначаецца незвычайнай кампазіцыяй у форме падвойнага круга з відарысамі сонца, месяца i зорак (побач з цытатамі з біблейскіх тэкстаў); у верхняй частцы змешчана выява Багародзіцы з анёламі. Рамку тытульнага ліста да кнігі «Жыціі святых» таксама вылучае трохчастковая шматфігурная кампазіцыя, фігуры анёлаў i прапаведнікаў ствараюць своеасаблівы пастамент, над якім узвышаецца «антаблемент» — Св. Троица. У ніжняй частцы выгравіравана рэдкая ў кірылічным друку свецкая мініяцюра з выявай Богаяўленскага брацкага манастыра, некаторых гарадскіх камяніц i надпісам «Град Могилев». Больш традыцыйна, у пэўнай ступені пад уплывам куцеінскіх выданняў, аформлены тытульны ліст да кнігі «Перла мнагацэннае» — у выглядзе трохбаковай рамкі з медальёнамі, у якіх змешчаны выявы святых, архангела Гаўрыіла, Багародзіцы; у верхняй частцы Св. Тройца на своеасаблівым прастоле ў сонейкавым ззянні. Гэту гравюру ў спрошчаным выглядзе крыху нагадвае рамка тытульнага ліста да кнігі «Актоіх» з выявамі евангелістаў, Іаана Прадцечы, Багародзіцы i Хрыста. Акрамя рамак тытульных лістоў В. належаць яшчэ 2 падпісаныя ілюстрацыйныя гравюры: «Нараджэнне Хрыста» — добра скампанаваны маляўнічы дрэварыт з выявамі Багародзіцы, Св. Іаана, вешчуноў, укленчаных над спавітым дзіцем, а таксама буйнамаштабная ксілаграфія з відарысам Іаана Дамаскіна. Тэта лепшая з гравюр па выразнасці, экспрэсіўнасці, тэхніцы штрыхавога мадэліравання. Паводле мастацкастылявых прыкмет працамі В. лічаць яшчэ 15 дрэварытаў, змешчаных у памянёных выданнях i ў кнігах «Дыоптра» (1698), «Акафісты ўсесядмічныя» (1698), «Благавешчанне», «Уваскрэсенне», «Успение», «Тайная вячэра», «Страшны суд» i інш. Дрэварытам В. ўласцівы пластычнасць, кампазіцыйная разнастайнасць, перавага постацей чалавека над іншымі планамі, своеасаблівая тэхніка гравіроўкі, прастата ў трактоўцы вобразаў людзей, што набліжае ix да народнага выяўленчага мастацтва. У некаторых даследаваннях да гравюр В. памылкова залічваюць ананімныя дрэварыты іншых магілёўскіх майстроў [напр., «Успение Багародзіцы» ў кнізе «Акафісты» (1698) мае подпіс магілёўскага гравёра Фёдара Ангілейкі]. Цікавым прыкладам выяўленчага мастацтва В. з'яўляецца «Палажэнне ў труну Хрыста» — антымінс 1708, надрукаваны ў той жа брацкай друкарні.
Літ.: Ж у д р о Ф. История Могилевского богоявленского братства. Могилев, 1890; Шчакаціхін М. Васіль Вашчанка — магілёўскі гравёр канца XVII — пач, XVIII ст. Мн., 1925; Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI — XVIII стагоддзяў. Мн., 1984. Г.Я.Галенчанка. |